На карысць краіне
Згодна з апошнімі данымі, узровень фактычнага беспрацоўя ў рэспубліцы складае ўсяго 2,6 працэнта, што з’яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў з 2012 года. Тым не менш наша краіна ўсё яшчэ мае патрэбу ў маладых спецыялістах. Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Максіма ФЛАРЫНСКАГА, 70 % ад агульнай колькасці вакансій адносяцца да працоўных прафесій: занятасці ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Недахоп кадраў існуе таксама ў сферы паслуг: ахове здароўя, транспартнай дзейнасці, адукацыі.
Каб вырашыць праблему, служба занятасці Беларусі ладзіць розныя мерапрыемствы. Так, у красавіку прайшоў Рэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій, які сабраў больш за 50 тысяч удзельнікаў. Кожны трэці прысутны знайшоў сабе новае месца працы. Для тых жа, хто хоча працаваць на сябе, у гарадах выдзяляюцца субсідыі да 5365 рублёў, а ў сельскай мясцовасці — да 7316 рублёў.
Нагадаем: падлеткі могуць пачынаць працаваць з 14 гадоў (са згоды бацькоў) ці з 16 гадоў самастойна. У рамках часовай занятасці за 2025 год ужо было працаўладкавана больш за 30 тысяч чалавек, што на 13 % вышэй за леташнія паказчыкі. Паспрабаваць сябе ў сацыяльна значных работах дазваляе праект «Час добрых спраў». За тры месяцы яго існавання было працаўладкавана больш за 500 навучэнцаў. У час летніх канікул юнакі і дзяўчаты займаюцца добраўпарадкаваннем, арганізацыяй мерапрыемстваў, дапамогай пажылым людзям.
Не ўпускаць магчымасці
У Беларусі маладзёжны рух ахоплівае ўсё больш кірункаў і аб’ядноўвае актывістаў па ўсёй краіне. Яны могуць напрамую ўдзельнічаць у абмеркаванні і рэалізацыі важных ініцыятыў у маладзёжных саветах пры Нацыянальным сходзе. Лідарамі сярод грамадскіх аб’яднанняў застаюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Але не меншую ролю адыгрываюць дзясяткі іншых аб’яднанняў і супольнасцяў па інтарэсах.
Напрыклад, аб добраахвотным таварыстве садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), па выніках апытання, 87 % маладых людзей ведаюць толькі як аб сетцы аўташкол. Тым не менш яно налічвае больш за 180 тысяч членаў і займаецца значна шырэйшай дзейнасцю, ў тым ліку — патрыятычным выхаваннем дзяцей і моладзі, арганізацыяй спартыўных дзіцяча-юнацкіх тэхнічных школ. Функцыянуе пяць аэраклубаў, дзе навучаюць самалётнаму, верталётнаму і парашутнаму спорту. Паступіць сюды і навучацца на бюджэтнай аснове можна з 15 гадоў.
ДТСААФ таксама рыхтуе спецыялістаў рабочых прафесій: вадзіцеляў, электрыкаў, радыётэлеграфістаў. Нядаўна быў адкрыты новы профіль — аператары беспілотнікаў і дронаў, патрэбныя як у народнай гаспадарцы, так і ў сілавых структурах. А з верасня ў ДТСААФ стартуе новы курс, прысвечаны развіццю эмацыянальнага інтэлекту і псіхалагічнай устойлівасці. Яго мэта — дапамагчы маладым людзям развіць уседлівасць, настойлівасць і ўменне канцэнтравацца.
Кожны можа знайсці справу па душы: ад валанцёрства і спорту да навукі і культуры. Галоўнае — быць актыўным і не ўпускаць магчымасці. Іх, у сваю чаргу, заўсёды дае Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, створаны ў маі 2021 года. За чатыры гады ён стаў каардынацыйным цэнтрам для маладзёжных аб’яднанняў, а таксама арганізатарам рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. У 2022 годзе цэнтр запусціў адзіны партал «Молодежь. бел», дзе можна знайсці ўсё: ад законаў і правілаў у сферы маладзёжнай палітыкі да анонсаў мерапрыемстваў, што праходзяць як у Беларусі, так і за яе межамі.
Навука ў надзейных руках
Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі ўжо шмат гадоў праводзіць маштабныя мерапрыемствы. Адно з галоўных — Форум маладых навукоўцаў, які з гэтага года атрымаў статус міжнароднага. Штогод у маі ён збірае больш за дзвесце ўдзельнікаў. Традыцыяй стала і Школа маладога вучонага — трох- ці пяцідзённы інтэнсіў для ўсіх катэгорый навуковай моладзі: ад студэнтаў да кандыдатаў навук. Тут можна даведацца, як працуе сістэма падтрымкі даследаванняў, атрымаць навыкі напісання першага навуковага артыкула.
Праект «Дзень навуковай моладзі», разлічаны на школьнікаў і іх бацькоў, таксама паспяхова праходзіць у рэгіёнах. Інтэрактыўныя пляцоўкі знаёмяць наведвальнікаў з дасягненнямі навукі ВНУ і запатрабаванымі спецыяльнасцямі. У гэтым годзе мерапрыемства пройдзе 19 верасня на базе Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта.
Традыцыі, закладзеныя яшчэ ў 1929 годзе, працягвае Савет маладых вучоных Акадэміі навук Беларусі. Сёння ў яго шэрагах каля дзвюх тысяч чалавек, кожны дзясяты з якіх — кандыдат або доктар навук. Маладыя навукоўцы выязджаюць у школы і ВНУ, расказваюць аб сучасных навуковых кірунках, праводзяць канферэнцыю «Першы крок у навуку» для школьнікаў 10-11 класаў. Акрамя таго, з 2018 года праводзіцца конкурс «100 маладых талентаў Акадэміі навук». Удзел у ім — доля найлепшых, а перамога адчыняе дзверы ў кадравы рэзерв, прыносіць штогадовы асабісты грант на ўдзел у міжнароднай канферэнцыі і сімпозіуме, а таксама прэмію да сямі базавых ставак.
Яшчэ адзін інструмент заахвочвання навуковай моладзі — стыпендыі, гранты і стымуляцыйныя выплаты. У 2025 годзе 66 таленавітых маладых вучоных атрымалі стыпендыі для развіцця іх творчага і навуковага патэнцыялу, падтрымку дзейнасці навуковых школ і практычную рэалізацыю актуальных ідэй і даследаванняў. А для маладых людзей, якія абаранілі кандыдацкія альбо доктарскія дысертацыі, прадугледжаны стымулюючыя выплаты ў памеры 2,5 тысячы рублёў.
Вось так, крок за крокам, моладзь нашай краіны стварае сваю будучыню. Сучасныя магчымасці і падтрымка дзяржавы адкрываюць перад юнымі талентамі шырокія гарызонты, даюць штуршок для самарэалізацыі і развіцця. Наша мэта — не спыняцца на дасягнутым, верыць у свае сілы і актыўна імі карыстацца. Бо час маладых — гэта час дзеянняў, час моцнай і квітнеючай Радзімы.
Аміна Назарава