Top.Mail.Ru
376

У Беларусі створаны ўсе ўмовы па забеспячэнні эфектыўнымі і бяспечнымі вакцынамі

Лягчэй папярэдзіць

Правядзенне прафілактычных прышчэпак у рамках Нацыянальнага календара прышчэпак ці па эпідпаказаннях уваходзіць у пералік асноўных бясплатных медыцынскіх паслуг, нагадала намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала ДАШКЕВІЧ.

— У нашай краіне створаны ўсе ўмовы па забеспячэнні эфектыўнымі, бяспечнымі і якаснымі імунабіялагічнымі прэпаратамі. Акрамя таго, ёсць магчымасць правядзення вакцынапрафілактыкі тых інфекцыйных захворванняў або з выкарыстаннем тых імунабіялагічных лекавых прэпаратаў, якія не ўваходзяць у Нацыянальны каляндар прафпрышчэпак і ў пералік прышчэпак па эпідпаказаннях, — адзначыла Ала Дашкевіч.

Вынікам такой шматгадовай работы з’яўляецца падтрыманне статусу краіны, свабоднай ад поліяміэліту, падтрыманне статусу элімінацыі адру і краснухі, а таксама забеспячэнне дасягнення рэгіянальных мэт па кантролі за вірусным гепатытам B.

— З 2011 года ў краіне не рэгіструюцца выпадкі дыфтэрыі. З гэтага ж года, за выключэннем 2020-га і 2021-га, не рэгіструюцца выпадкі слупняку. У 2020 і 2021 гадах па адным выпадку слупняку былі зафіксаваны ў непрышчэпленых асоб, — праінфармавала намеснік галоўнага ўрача.

У свой час Сусветная арганізацыя аховы здароўя ініцыявала праграму элімінацыі адру, і многія краіны пазбавіліся ад яго. Аднак у апошнія гады гэта захворванне зноў пачынае сябе праяўляць, у тым ліку ў еўрапейскіх краінах. Як паведаміў прадстаўнік СААЗ у Рэспубліцы Беларусь Сяргей ДЗІЯРДЗІЦА, летась у Еўрапейскім рэгіёне на адзёр захварэла больш за 127 тысяч чалавек, а 38 — загінула. Сярод небяспечных рэспіраторных інфекцый — коклюш, на які ў 2023 годзе захварэла ў Еўропе каля 80 тысяч чалавек, а тым часам гэта захворванне можна лёгка папярэдзіць, калі своечасова вакцынавацца.

Сярод рэспіраторных інфекцый, якія таксама можна папярэдзіць, — грып і каранавірусная інфекцыя. Прышчапляцца ад іх спецыялісты рэкамендуюць перад пачаткам сезона захваральнасці. Ад каранавіруса ў нашай краіне прымяняецца адна вакцына расійскай вытворчасці.

Важныя крокі

Што датычыцца коклюшу, то адно з нядаўніх змяненняў Нацыянальнага календара — паўторная прышчэпка ад гэтай інфекцыі ўсіх дзяцей у шэсць гадоў. А таксама прышчэпкі ад пнеўмакокавай інфекцыі, віруса папіломы чалавека (дзяўчынак у 11 гадоў). І гэта вельмі важныя крокі. Загадчык лабараторыі анкагінекалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Вольга МАТЫЛЕВІЧ звярнула ўвагу на такую спецыфічную паталогію, як рак шыйкі маткі. У нашай краіне штогод выяўляецца каля 800 выпадкаў такога раку, і каля 300 жанчын ад яго паміраюць.

— Гэта захворванне з’яўляецца сацыяльна-эканамічным цяжарам для краіны. Прыкладна 8 мільёнаў долараў у год траціцца на лячэнне пацыентак. Аднак рак шыйкі маткі — выключна рэдкая анкалагічная паталогія, у якой вядомая прычына ўзнікнення. Ёю ў больш чым 90 % выпадкаў з’яўляецца вірус папіломы чалавека, у тым ліку ў 70 % выпадкаў — вірус папіломы чалавека высокай канцэрагеннай рызыкі 16 і 18 тыпаў, — адзначыла Вольга Матылевіч.

Ёсць і яшчэ некалькі ВПЧ-асацыяваных анкалагічных захворванняў як у жанчын, так і ў мужчын. Адпаведна, вядома прырода ўзнікнення гэтых анкахвароб, і маюцца вакцыны, якімі можна іх папярэдзіць. Апошнія пачалі рэгістравацца яшчэ з 2007 года, прайшлі сур’ёзныя клінічныя выпрабаванні, прадэманстравалі бяспеку і эфектыўнасць. З гэтага года вакцына супраць ВПЧ будзе ставіцца ўсім дзяўчынкам 11 гадоў. Яна паступіць у краіну ў маі—чэрвені, і з другога паўгоддзя пачнецца вакцынацыя.

— Вялікі крок з боку Міністэрства аховы здароўя — уключэнне ў Нацыянальны каляндар прышчэпкі супраць ВПЧ, — падкрэсліла Вольга Матылевіч. — Вынікі мы адчуем праз дзесяцігоддзі, аднак ужо сёння нельга адмаўляцца ад гэтых вакцын.

Нацыянальны каляндар прышчэпак плануецца пашыраць і надалей. Як паведаміла галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па дзіцячых інфекцыйных хваробах, старшыня экспертнага савета па імунізацыі Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аксана РАМАНАВА, можна разглядаць уключэнне ў будучыні ў Нацыянальны каляндар прышчэпак супраць менінгакокавай інфекцыі, якая актуальная для дзяцей да года і да 5 гадоў, падлеткаў, ваеннаслужачых, пажылых людзей, ратавіруснай інфекцыі, з якой дзеці часам трапляюць у рэанімацыйныя аддзяленні, а таксама ветраной воспы, клешчавага энцэфаліту і інш.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю