У Беларусі супраць грыпу прышчэплены ўжо больш за 1 млн чалавек. У дзяржаўных установах аховы здароўя вакцынацыя праводзіцца бясплатна. Пра гэта расказала намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Святлана Нячай, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Па словах Святланы Нячай, у краіне павялічылася захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі — на мінулым тыдні яна вырасла на 18 % у параўнанні з папярэднімі тыднямі. Шмат у чым рост захворвання ВРІ звязаны з заканчэннем восеньскіх школьных канікул, а таксама з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я. Разам з тым, па выніках лабараторных даследаванняў, на тэрыторыі краіны цыркулююць пераважна негрыпозныя рэспіраторныя вірусы (адэнавірусы, рынавірусы і інш.). Аднак рэгіструюцца і адзінкавыя выпадкі вірусаў грыпу А/Н1N1 і А / Н3N2.
Таму тым, хто яшчэ не паспеў прышчапіцца супраць віруса, важна гэта зрабіць. Вакцынацыя праводзіцца бясплатна ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Асабліва важна прышчапіцца супраць грыпу пажылым людзям і тым, у каго маюцца высокія рызыкі заражэння і цячэння хваробы. Грып небяспечны цяжкімі ўскладненнямі, якія можна папярэдзіць вакцынацыяй.
Дададзім, што прышчэпкі супраць грыпу можна рабіць і малым ад шасці месяцаў. Вакцынацыя рэкамендавана ўсім, у тым ліку дзецям і дарослым з хранічнымі захворваннямі, з імунасупрэсіяй.