У былыя часы бандыты канцэнтраваліся каля вялікіх дарог і ў цёмных падваротнях. У эпоху электронных плацежных сістэм рабаўнікі-разбойнікі перамясціліся за маніторы камп’ютараў, пад уплывам часу ператварыўшыся ў кіберашуканцаў. Праўда, шкода ад іх дзейнасці становіцца такой жа глабальнай, як і міжнародная інфармацыйная сетка інтэрнэт. У год у свеце адбываецца незаконных спісанняў з банкаўскіх рахункаў на суму, эквівалентную трыльёну долараў! І спіраль разгортваецца і пашыраецца. Нярэдка злодзеі па тэхналагічным развіцці ідуць наперадзе планеты ўсёй. Але і пераацэньваць іх інавацыйнае мысленне таксама не трэба. У Беларусі ўдалося стварыць цэласную сістэму процідзеяння кіберзлачыннасці. І летась упершыню з моманту з’яўлення такога віду злачынства было зафіксавана паляпшэнне сітуацыі — зніжэнне колькасці выпадкаў на 6 %. Вынік унікальны для сусветнай практыкі.
У Беларусі як рэалізавана сістэма тэхнічных сродкаў аховы плацяжоў, так і створана нарматыўна-прававая база і алгарытмы маніторынгу і аператыўнай рэакцыі на несанкцыянаваныя плацяжы. Нават калі зламыснікам удаецца дабрацца да чужых рахункаў, ажыццявіць з іх незаконны плацеж, то вывесці грошы за мяжу для іх выкарыстання ў сваіх мэтах практычна немагчыма. Сумнеўныя транзакцыі адсочваюцца і блакіруюцца.
Начальнік упраўлення абароны інфармацыі Нацыянальнага банка Іна Лягчылава адзначыла, што за студзень — красавік 2026 года банкамі папярэджана спроб крадзяжу грашовых сродкаў на суму больш за 72 мільёны рублёў. Пры гэтым 3,5 мільёна рублёў незаконна спісаных сродкаў за гэты ж перыяд былі вернуты іх законным уладальнікам. Гэта каля 17,5 % ад агульнай шкоды ад кіберзлачыннасці. Але трэба ўлічваць адзін нюанс: ашуканцы падладжваюцца пад новыя рэаліі і мяняюць падыходы.
— Важна разумець: па меры таго як тэхнічныя бар’еры становяцца непераадольнымі, злачынцы змушаныя ссоўваць акцэнты, робячы стаўку на галоўную ўразлівасць — «чалавечы фактар», калі чалавек пад псіхалагічным уздзеяннем добраахвотна пераводзіць грашовыя сродкі або паведамляе зламыснікам свае канфідэнцыяльныя даныя, — тлумачыць Іна Лягчылава.
Такім чынам, удалося прадухіліць практычна ўсе злачынствы або пазбегнуць урону ад іх, калі іх учынялі з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў.
Супрацьстаяць злачынствам з выкарыстаннем інструментаў сацыяльнай інжынерыі дастаткова складана. Калі грамадзянін, уведзены ў зман, сам, уласнымі рукамі, перадае свае сродкі ашуканцам, то па ўсіх характарыстыках такі плацеж будзе выглядаць зусім законным. Выявіць гэтага сістэмай маніторынгу і іншымі тэхнічнымі сродкамі практычна немагчыма. Барацьба з такім відам махлярствам магчыма толькі павышэннем фінансавай адукаванасці ў карыстальнікаў банкаўскіх паслуг.
Чэк-ліст асабістай фінансавай бяспекі
Абавязкова:
• выкарыстоўвайце асобную картку для пакупак у інтэрнэце (без буйных сум і зарплаты);
• правярайце інвест-праекты (карыстайцеся толькі легальнымі ў Беларусі арганізацыямі);
• ніколі не верце званкам з органаў або ад правайдараў, якія патрабуюць даныя;
• не пераходзіце па спасылках са зніжкамі або эксклюзіўнымі распродажамі ў сацсетках;
• не ўсталёўвайце дадаткі па просьбе незнаёмцаў (нават з афіцыйных крам);
• не перасылайце грошы на невядомыя рахункі і не перадавайце іх кур’ерам;
• не прыкладвайце картку да чужых смартфонаў.
Канцэпцыя забеспячэння бяспекі безнаяўных плацяжоў:
1 ўзровень. Антыфрод 24/7.
Бесперапынны маніторынг і антыфрод-сістэмы ва ўсіх фінансавых арганізацыях.
2 ўзровень. Фільтры плацяжоў
Абавязковая праверка транзакцый на адпаведнасць прыкметам несанкцыянаванага пераводу (устаноўлены Нацыянальным банкам).
3 ўзровень. Блакіраванне банкам.
Прыпыненне падазроных пераводаў на тэрмін да 2-х працоўных дзён.
4 ўзровень. Блакіраванне МУС.
Праваахоўныя органы могуць блакіраваць расходныя аперацыі па рахунках удзельнікаў інцыдэнту на тэрмін да 10 сутак.
Уладзімір Валчкоў