Top.Mail.Ru

У Беларусі выдадзена 2,5 млн сертыфікатаў электроннага лічбавага подпісу

Уладальнікам 2,5-мільённага сертыфіката ЭЛП стаў 25-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Яўген Марчанка. Такія сертыфікаты выдаюцца ў Беларусі з 1 ліпеня 2014 года, штодня іх колькасць павялічваецца ў сярэднім на 1,5 тыс. адзінак.


— Раней ЭЛП не карыстаўся, сертыфікат электроннага лічбавага подпісу атрымліваю ўпершыню, — распавёў Яўген Марчанка. — ЭЛП неабходны, каб спрасціць працэдуру падачы падатковай дэкларацыі, формы для аплаты ФСАН, іншых дакументаў. Маючы электронны лічбавы подпіс, усё гэта можна зрабіць аддалена.

Прафесійныя інтарэсы Яўгена — рознічны гандаль і сфера паслуг. А дакладней — кава і кавярні. Ён кажа, што час для прадпрымальніка — адзін з самых каштоўных рэсурсаў, і менавіта ён істотна эканоміцца. Дарэчы, уладальнікам двухмільённага сертыфіката ЭЛП стаў прарэктар БДУ па вучэбнай рабоце Віктар Кочын.

У Беларусі з развіццём электронных сэрвісаў расце і патрэба ў сродках ЭЛП, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сістэмах дакументаабароту, для падачы падатковых дэкларацый, статыстычнай і іншай справаздачнасці ў электронным выглядзе, дазваляюць атрымаць доступ да максімальна шырокага спектра электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур на адзіным партале электронных паслуг, распавёў першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Андрэй ФІЛІПЕНКА:

— Калі разглядаць дынаміку попыту на гэтыя паслугі, то ў 2022 годзе іх было аказана 78 млн, а летась — каля 140 млн. Такі рост сведчыць аб запатрабаванасці электроннага фармату разнастайных паслуг. Але на іх прасоўванне ўплывае не толькі тое, што дзяржава развівае свае кампетэнцыі ў лічбавай сферы. Важна, каб свае кампетэнцыі ў гэтай сферы развівалі і спажыўцы гэтых паслуг.

Сёлета плануецца прадаставіць карыстальнікам воблачны электронны лічбавы подпіс. Ён стане зручным інструментам лічбавага ўзаемадзеяння грамадзян і бізнесу з дзяржавай, які не патрабуе дадатковых тэхнічных сродкаў.

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю