Шчаслівае дзяцінства — вельмі складаная матэрыя, вытканая з мноства складнікаў. Не апошняе месца ў ёй займаюць маральна-этычныя фактары, завязаныя на любові, клопаце, павазе і розных іншых пазітыўных эмоцыях, якія так неабходныя малым.
Перш за ўсё — ад бацькоў. Дзяржава, у сваю чаргу, праз шырокі інструментарый здымае прыстойную частку фінансавай нагрузкі з сем’яў, каб у бацькоў было больш часу на выхаванне сваіх дзяцей. Наколькі дастатковая гэта падтрымка — тэма далікатная. У рэшце рэшт, калі гаворка ідзе пра дзяцей, неяк складана пераключацца выключна на эканамічныя катэгорыі. Іншае пытанне — нярэдка ў дыскусію ўкліньваюцца вельмі цынічна людзі з завышанымі чаканнямі, якія мяжуюць з утрыманствам. Не будзем кранаць этычны бок пытання. Але з пункту гледжання эканамічных магчымасцяў, на абарону мацярынства ў Беларусі вылучаецца максімальны аб’ём сродкаў. Выдаткі на сацыяльную абарону сем’яў з дзецьмі ў нас — адны з самых высокіх у свеце. І гэта факт.
На такія мэты штогод дзяржава накіроўвае больш за 3 % ВУП. Ва ўмоўна шчаслівай Еўропе, мабыць, толькі Германія нас апярэджвае — 3,4 %, прычым разрыў не вельмі і вялікі. А на фоне таго факту, што ФРГ — самая моцная еўрапейская эканоміка, то гэта розніца наогул становіцца неістотнай.

У большасці іншых рэгіёнаў Старога Свету да дзяцінства ставяцца прасцей. У Еўрасаюзе ў сярэднім на падтрымку сем’яў з дзецьмі накіроўваецца 2,3 % валавога даходу. Прычым у Францыі і Іспаніі, якія лічацца не самымі дрэннымі краінамі для жыцця, — 2,2 і 1,5 % адпаведна, у Латвіі — 2 %, Літве — 1,9 %, Чэхіі — 1,6 %.
З гэтага пункту гледжання наша эканоміка — адна з самых сацыяльна-арыентаваных.
Можна сказаць, гэтыя лічбы — велічыня адносная. ВУП на душу насельніцтва ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў вышэйшы, чым у Беларусі. І гэта праўда. Адзінае, калі валавы ўнутраны прадукт пералічыць, зыходзячы з парытэту пакупніцкай здольнасці, то парытэт апынецца не такім ужо і фундаментальным.
Так, у ЕС вышэй зарплаты (хоць не заўсёды і не ўсюды), але і кошт жыцця таксама іншы. Нават у абсалютных лічбах Беларусь — адна з самых шчодрых краін па выплаце аднаразовай дапамогі пры нараджэнні дзіцяці. Пры з’яўленні на свет першынца выплата складае 10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БМП), або каля 1840 долараў у эквіваленце, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БМП, або каля 2580 долараў (1 мая 2026 г.). У Францыі маладым бацькам выплачваюць 1000 еўра, у Літве — 770 еўра, у Польшчы — усяго 235 еўра ў эквіваленце.
А ёсць яшчэ сямейны капітал, які налічваецца пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей. І ён у нас, мабыць, самы высокі ў краінах СНД — больш за 12 тысяч долараў у эквіваленце. І дапамога па доглядзе дзіцяці ў нас, у адрозненне ад многіх іншых краін, выплачваецца зыходзячы з сярэдняй зарплаты па краіне. У іншых дзяржавах іх прывязваюць да зарплаты маці. Прычым у нас усе пералічаныя дапамогі прызначаюцца ўсім грамадзянам краіны, незалежна ад іх страхавога стажу і ўзроўню даходаў сям’і, а таксама не абкладаюцца падаткамі, што сустракаецца ў досыць невялікай колькасці дзяржаў. Аплатны адпачынак па доглядзе за дзіцем у нас самы доўгі — 3 гады, у Расіі і Казахстане — 1,5 года, у Арменіі — 2, у Германіі — 2,8, у Літве — 2, у Швецыі — 1,4 года. Польшча і Францыя даюць маладым мамам толькі 1 год аплатнага дэкрэта, а Кітай — усяго 3-4 месяцы, у залежнасці ад узросту бацькоў.

Таксама ў Беларусі ёсць розныя інструменты фінансавай падтрымкі пры набыцці жылля шматдзетнымі сем’ямі. Усе школьнікі да 4 класа забяспечваюцца бясплатным харчаваннем у навучальных установах, а шэраг катэгорый — і да 11 класа. Лекі для малых да 3 гадоў бясплатныя, а для дзяцей-інвалідаў — да 18 гадоў. Для школьнікаў існуе бясплатны праезд. Ёсць варыянты санаторна-курортнага лячэння за кошт бюджэту для непаўналетніх, калі гэта патрабуе іх стан здароўя. І гэтак далей. Увесь спектр падтрымкі сем’яў з дзецьмі зойме вельмі многа месца.
У цэлым ужо пачынаеш задумвацца: ці не занадта шмат дапамогі? Не таму, што грошай шкада. А ці не ператвараецца працэс нараджэння і выхавання дзяцей у нейкі эканамічны праект? Ці не зніжае клопат грамадства (праз казну і дзяржаўныя інстытуты) стымул бацькоў займацца сваімі дзецьмі? Ці не нівеліруе адказнасць? Бо сям’я і дзеці — вельмі глыбокая маральна-этычная сістэма. Знешняе асяроддзе адыгрывае вялікае значэнне ў станаўленні асобы, але выхоўваць яе павінны, у першую чаргу, бацькі. І дзяржава ў чымсьці можа дапамагчы (і шмат у чым дапамагае), але не можа цалкам замяніць сям’ю. Несумненна, гэта вельмі далікатнае пытанне, якое патрабуе глыбокага вывучэння, ацэнкі і этычных падыходаў. Упэўнены, павялічваць аб’ёмна падтрымку сем’яў з дзецьмі ўжо няма куды. Толькі ўдасканальваць, укараняючы больш тонкія падыходы.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ