Адна з кніжных інтэрнэт-крам падвяла вынікі 2025 года і заяўляе, што сярод пакупнікоў пляцоўкі вырасла цікавасць да кніг айчынных аўтараў, перадае SmartPress. «Сукупныя продажы гэтага кірунку павялічыліся на 200%, што робіць беларускую літаратуру адным з самых хуткарослых кірункаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Найбольшы ўсплёск продажаў назіраецца ў катэгорыі мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў: продажы зборнікаў апавяданняў і раманаў выраслі больш чым на траціну.
На працягу года на 30% вырасла цікавасць да тавараў на беларускай мове. Гэты трэнд ідзе рука аб руку з папулярнасцю класічнай літаратуры: напрыклад, «Шляхціц Завальня» па-ранейшаму ў топе продажаў, а яго гадавыя паказчыкі працягваюць расці, хоць кнізе ўжо амаль 180 гадоў.
Містыка і жахі дадалі 130%, іх выбіраюць для расслаблення. А вось продажы псіхалагічнай літаратуры і гістарычных раманаў знізіліся на 15%.
Самыя папулярныя кнігі года: «Калі ўсе кошкі ў свеце знікнуць», «(Не)чужы Мінск», «Бог заўсёды падарожнічае інкогніта».