Top.Mail.Ru

У Беларусі вызначаны патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў

Нацыянальнае агенцтва па турызме вызначыла прафесійныя і этычныя патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 15 кастрычніка 2026 года № 8, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.



У іх ліку — абавязак выконваць пры правядзенні экскурсій абмежаванні, устаноўленыя заканадаўствам, мець пры сабе бэйджы альбо іх дублікаты. Дзейнасць павінна грунтавацца на прынцыпах законнасці, кампетэнтнасці, справядлівасці і добрасумленнасці, павагі да дзяржаўных сімвалаў краіны, гісторыі развіцця беларускай дзяржаўнасці, культурных і духоўных традыцый і інш.

Таксама экскурсаводам і гідам-перакладчыкам належыць фарміраваць уяўленне пра Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, экскурсантаў, не дапускаць суб’ектыўных некарэктных ацэнак і выказванняў, прымаць меры па недапушчэнні такіх выказванняў або дзеянняў з боку турыстаў, экскурсантаў. Людзі, якія праводзяць экскурсіі, павінны валодаць неабходным для гэтага аб’ёмам ведаў і прафесійных навыкаў, уключаючы веды па гісторыі, этнаграфіі, культуры, эканоміцы, прыродна-геаграфічных асаблівасцях, унутранай і знешняй палітыцы, актуалізаваць атрыманыя веды для своечасовага абнаўлення тэкстаў экскурсій, садзейнічаць павышэнню прававой, палітычнай, асабістай культуры і сацыяльнай адказнасці турыстаў, экскурсантаў. 

Акрамя таго, патрабуецца ведаць асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы, укараняць напрамкі ідэалагічнай работы ў сваёй прафесійнай дзейнасці, садзейнічаць умацаванню станоўчага міжнароднага іміджу краіны, прызнанню ўнікальнасці беларускай мадэлі грамадскага развіцця.

Яшчэ адно патрабаванне — прытрымлівацца агульнапрынятых этычных нормаў, захоўваць гонар і годнасць сваёй прафесіі, а таксама асабістыя гонар і годнасць. Трэба выконваць агульнапрынятыя санітарна-гігіенічныя нормы, мець ахайны знешні выгляд, выключаць любыя формы правакацыі ў вопратцы і знешнім абліччы, праяўляць талерантнасць і такт да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, культур, традыцый, поглядаў і перакананняў. 

Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі не павінны дапускаць дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак або выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадства, забяспечваць беражлівыя адносіны людзей да навакольнага асяроддзя, турыстычных аб’ектаў. 

Таксама важна падтрымліваць паважлівыя адносіны з турыстамі, экскурсантамі, прадстаўнікамі суб’ектаў туріндустрыі, іншымі службоўцамі, занятымі ў гэтай галіне, службовымі асобамі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, не дапускаць некарэктных паводзін, агрэсіі, негатыўных ацэнак, абразы, паклёпу і інш. 

Таксама замацаваны абавязак каардынаваць паводзіны турыстаў, экскурсантаў пры надзвычайных сітуацыях ці іншых непрадбачаных абставінах, паведамляць кіраўніку суб’екта турыстычнай дзейнасці ці іншай арганізацыі, якая прыцягнула экскурсавода, гіда-перакладчыка, аб узнікненні такіх сітуацый, выклікаць пры неабходнасці прадстаўнікоў экстранных службаў. 

Пры пагаршэнні стану здароўя турыстаў, экскурсантаў або атрыманні імі траўмаў падчас правядзення экскурсій належыць паведаміць пра гэта кіраўніку, а таксама арганізаваць аказанне першай медыцынскай дапамогі. Патрабуецца выключаць правядзенне экскурсіі ў нецвярозым стане або пад уздзеяннем наркотыкаў, а таксама прымаць меры па недапушчэнні ўдзелу ў экскурсіі людзей у такім стане або якія праяўляюць агрэсію. 

Таксама ў ліку патрабаванняў — якаснае правядзенне экскурсій па тэмах, па якіх пройдзеная атэстацыя, узгадненне змяненняў у праграме экскурсіі з суб’ектам турыстычнай дзейнасці, калі экскурсійнае абслугоўванне з’яўляецца часткай комплексу турыстычных паслуг. Пры правядзенні экскурсіі гіду-перакладчыку трэба забяспечваць пераклад тэксту экскурсіі на замежную мову ці з замежнай мовы без скажэння сэнсу перакладанага тэксту. 

Выкарыстоўваць мабільны тэлефон падчас экскурсіі можна толькі для вырашэння пытанняў, звязаных з працай. Акрамя таго, уведзены абавязак даводзіць да кіроўцы транспартнага сродку маршрут падарожжа, выключыўшы ўказанні, якія супярэчаць заканадаўству або ствараюць пагрозу бяспецы, з’яўляцца па запрашэнні атэстуючага органа ва ўстаноўлены тэрмін і даваць тлумачэнні па пытаннях сваёй дзейнасці, а пры немагчымасці прыбыць у прызначаны час у пісьмовай форме паведаміць пра гэта з указаннем прычыны. 

Таксама дакументам устаноўлены формы квітанцыі на экскурсійныя паслугі. 

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 24 верасня 2026 года.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю