Top.Mail.Ru

У Беларусі з 1 ліпеня абноўлены спісы «шкодных» прафесій для датэрміновай пенсіі. Што змянілася?

У Беларусі з 1 ліпеня абноўлены спісы «шкодных» прафесій для датэрміновай пенсіі. Аб зменах паведамляе БелТА.


У Мінпрацы нагадалі, што пастановай урада актуалізаваны пералікі прафесій, якія даюць права на датэрміновую пенсію з-за шкодных і цяжкіх умоў працы. Дакумент замяняе спісы, якія дзейнічалі з 2005 года.

Сярод асноўных змен — выключэнне прафесій і пасад, якія страцілі актуальнасць. «Напрыклад, прабівальшчык-прадзімальшчык труб. Такой прафесіі сёння няма нават у даведніках. Або прамывальшчык катлоў паравозаў — паравозы адышлі ў мінулае, а катлы мыюць інакш, ды і самі катлы ўжо не тыя», — адзначылі ў ведамстве.

Акрамя таго, выключаны прафесіі, па якіх ні на адным працоўным месцы не пацвердзілася шкоднасць па выніках атэстацый. «Прыклад — кабельшчык-спайшчык (работа са свінцом і асвінцаванымі кабелямі). Раней кабелі паялі ўручную са свінцом. Сёння тэхналогіі мадэрнізаваны, шкоднасць знізілася», — расказалі ў Мінпрацы.

Таксама былі выключаны прафесіі, якія некалькі гадоў запар мелі «аптымальныя або дапушчальныя» ўмовы працы. Напрыклад, тэлефаніст міжгародняй сувязі, дзе нагрузка на галасавыя звязкі і нервовую сістэму ўжо не тая.

У той жа час пяць прафесій перанесены з «асабліва небяспечнага» спісу № 1 у спіс № 2. «Напрыклад, бандажнік на гарачых работах. Умовы аказаліся не настолькі небяспечнымі, каб заставацца ў самым „шкодным“ спісе. Або выпаршчык шчолакаў (цэлюлозна-папяровая вытворчасць). Калісьці варка лічылася асабліва небяспечным, сёння — проста шкодным», — распавялі ў міністэрстве.

Дакументам былі перагрупаваны раздзелы: скасаваны асобны раздзел III, а прафесіі з яго размеркавалі па іншых раздзелах у прывязцы да канкрэтных вытворчасцяў. Таксама назвы прыведзены ў адпаведнасць з сучаснымі кваліфікацыйнымі даведнікамі.

У Мінпрацы адзначылі, што для тых, хто ўжо выпрацаваў свой ільготны стаж па старых правілах, права на датэрміновую пенсію захоўваецца поўнасцю, а пазачарговая атэстацыя працоўных месцаў не патрабуецца. Вынікі атэстацыі, праведзенай да 1 ліпеня 2026 года, працягваюць дзейнічаць да заканчэння іх тэрміну.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю