Top.Mail.Ru

У Беларусі з 1 верасня ўводзяцца навацыі ў школьным харчаванні

Меню на новы лад


Другі сняданак і полудзень 

Першае змяненне — увядзенне адзінага віду прыёму ежы пры аднаразовым харчаванні, які будзе называцца другім снеданнем, у другую змену — полуднем. Складацца ён будзе з трох страў — салаты, гарачай стравы і напітку. 

Удасканалены падыходы па прымяненні натуральных норм пры адна- і двухразовым харчаванні, а таксама па складанні і змяненні прыкладных рацыёнаў харчавання.
— Па грашовых і натуральных нормах, а таксама па каларыйнасці гэта будзе адзін і той жа прадукт, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Уладзімір ДАЛЖАНКОЎ. — У тых, хто застаецца ў школе на групу прадоўжанага дня, будзе такі ж абед і потым полудзень. 

Не па ўзросце, а па класах 

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне датычыцца размеркавання навучэнцаў па ўзроставых групах. Раней пры арганізацыі харчавання выкарыстоўваліся дзве катэгорыі — ад 6 да 10 гадоў і ад 11 да 18 гадоў. Цяпер школьнікаў падзеляць на тры групы па класах: 1–5-я, 6–8-я і 9–11-я. 

— Гэта забяспечыць лепшы ўлік фізіялагічных патрэбнасцяў дзяцей, звязаных з іх узростам, і палегчыць работу тых людзей, якія займаюцца арганізацыяй школьнага харчавання, — растлумачыў намеснік міністра адукацыі. 

Паводле яго слоў, новая схема таксама дапаможа пазбегнуць сітуацый, калі ў адным класе вучні адносіліся да розных узроставых груп толькі з-за розніцы ў датах нараджэння. 

З улікам смакавых пераваг 

Уладзімір Далжанкоў таксама адзначыў, што сумесна з Міністэрствам аховы здароўя быў перагледжаны шэраг натуральных норм. З рацыёнаў скарацілі прадукты, якія не карысталіся попытам у школьнікаў, а самі рацыёны цяпер можна будзе мяняць значна часцей, арыентуючыся на смакавыя перавагі навучэнцаў. 

Значна пашыраецца пералік прадукцыі для выкарыстання ў харчаванні навучэнцаў, у тым ліку за кошт гатовых мясных, рыбных, мучных, агароднінных і іншых паўфабрыкатаў, якія адпавядаюць патрабаванням да прадукцыі для дзяцей. Знятыя абмежаванні па выкарыстанні хлебабулачных вырабаў, сала і мясных паштэтаў. 

Акрамя таго, з 1 верасня памер грашовых норм расходаў на харчаванне павялічваецца на 5 %. А з 1 студзеня 2027 года будзе ўведзены механізм яго аўтаматычнага пераразліку з улікам змянення спажывецкіх цэн на прадукты харчавання. 

Што ў буфеце? 

Яшчэ адзін кірунак удасканалення датычыцца школьных буфетаў, у якіх будзе прадстаўлена прадукцыя, якая адпавядае дзіцячай дыеце. Пры гэтым павінны быць забяспечаны належныя ўмовы яе захоўвання, падкрэсліў Уладзімір Далжанкоў. 

Прадугледжана і магчымасць устаноўкі ў школьных буфетах вендынгавых аўтаматаў з ежай і напоямі, дазволенымі для дзяцей, пераважна ад беларускіх вытворцаў. 

Добра падрыхтаваліся 

Вялікая работа па паляпшэнні школьнага харчавання была праведзена ўрадам, Міністэрствам адукацыі, мясцовымі органамі ўлады, падсумаваў Уладзімір Далжанкоў: 

— Мы разглядалі ўкараненне паўфабрыкатаў айчынных вытворцаў у меню школьных сталовых. Быў праведзены семінар па вывучэнні гэтага пытання. Мясцовыя вытворцы прадставілі сваю прадукцыю, якая цяпер будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку ў гатаванні страў для школьнага харчавання. 

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю