Каля 145 тысяч га зямель, якія раней страцілі гаспадарчую каштоўнасць у выніку антрапагенных і прыродных фактараў, перададзены лесагаспадарчым арганізацыям з 2021-га да 2025 года. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй КАСЦЮК.
На пажарышчах у межах ляснога фонду лесааднаўленне выканана на 1950 га, лесаразвядзенне на пясках, схілах і ярах — на 165,7 га. У рамках супрацьэразійных мерапрыемстваў за апошнія два гады на 201,4 га пасаджана больш за 109 тыс. дрэў і кустоў. Прымаюцца іншыя меры, накіраваныя на захаванне глеб.
Аб кліматычных змяненнях і іх наступствах для аграрнага сектара расказаў дырэктар Інстытута меліярацыі НАН Беларусі Аляксандр АНЖАНКОЎ. Па даных навукоўцаў, з 1970-х агульнапланетарная тэмпература павысілася на 1,1-1,2 градуса. У Беларусі гэта выявілася ў змяненні агракліматычных зон: калі раней іх было тры (паўночная, цэнтральная і паўднёвая), то цяпер яны зрушыліся прыкладна на 150 км. Паўночнай у нас ужо няма, але з’явілася новая, характэрная для больш паўднёвых тэрыторый. Больш за тое, фарміруецца пятая агракліматычная зона.
— Гэта азначае, што неабходна прымаць меры ў галіне сельскай гаспадаркі і глебаабароны, якія раней былі актуальныя толькі для паўднёвых рэгіёнаў, — падкрэсліў Аляксандр Анжанкоў. — Сярод першачарговых — уладкаванне ветраахоўных палос, пасадка драўняных насаджэнняў, правільны падбор севазвароту і культур, якія скарачаюць перыяд знаходжання глебы ў неабароненым стане.
Беларусь пакуль застаецца ў гуміднай зоне — колькасць ападкаў перавышае выпарэнне, аднак рэжым іх выпадзення становіцца ўсё менш прадказальным: за месяц можа выпадаць ад 4 да 300 % кліматычнай нормы.
Аб пагрозах, якія нясуць экстрэмальныя з’явы надвор’я, папярэдзіла вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі кліматычных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, кандыдат геаграфічных навук Ірына ДАНІЛОВІЧ. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, засухі служаць прычынай 34 % усіх смерцяў ад прыродных катастроф.
Прычына засух — змена рэжыму ўвільгатнення. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі сярэднегадавая колькасць ападкаў у норме, назіраецца трансфармацыя рэжыму іх выпадзення: то многа, то суха. Адмоўны водны баланс (выпарэнні перавышаюць ападкі) фіксуецца на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Нулявы баланс (выпарэнні роўныя ападкам) — на поўдні Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Паўтаральнасць засух назіраецца практычна кожныя два гады.
Найбольш востра арыдызацыя (памяншэнне ступені ўвільгатнення) — выяўляецца на Палессі. Разлікі кліматычных мадэляў паказваюць, што рэгіён ужо ў зоне з недастатковым увільгатненнем: прагназуецца павелічэнне дэфіцыту ападкаў на 5–10 % пры росце сумарнага выпарэння на 6 %. У далейшым працягнецца ўзмацненне засушлівасці і памяншэнне даступнасці вільгаці для сілкавання раслін і грунтовых вод.
Спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні: для своечасовай адаптацыі да кліматычных змен неабходны пастаянны маніторынг прасторава-часавых змен і скаардынаваныя намаганні аграрыяў і эколагаў.
Андрэй АКІМАЎ, фота аўтара