У краіне рыхтуюцца запусціць новы дзіцячы тэлеканал. У эфіры будуць паказваць толькі мультфільмы, а частку з іх створаць беларускія студыі. Пра гэта паведаміла СТБ.
Намеснік генеральнага дырэктара «Беларусьфільма» Аляксандр Госцеў расказаў, што студыя ўжо прымае сцэнарыі для будучых мультфільмаў.
«Цяпер у нас па анімацыі ідзе конкурс... у нас плануецца тэлеканал, на якім будуць адны мульцікі», — кажа ён.
Зараз айчынных мультфільмаў не хапае, таму вытворчасць будуць пашыраць.
Палітычны аглядальнік СТБ Яўген Пуставой удакладніў, што гаворка ідзе менавіта пад запуск новага тэлеканала.
«Гэта значыць дзіцячы канал мы рыхтуемся адкрываць, вы пад яго ўжо рыхтуеце кантэнт», — сказаў ён.
Па словах Госцева, ужо складзены план развіцця студыі на пяць гадоў. Для таго каб выпускаць мультфільмы хутчэй і рабіць іх сучаснымі, у работу падключаюць штучны інтэлект.
Новы канал павінен стаць пляцоўкай, дзе будуць паказваць як замежныя, так і свае анімацыйныя праекты. Яго мэта — развіваць дзіцячы кантэнт у Беларусі і падтрымліваць мясцовых аўтараў.