Top.Mail.Ru

У Беларусі затрыманы арганізатары махлярскіх кол-цэнтраў

Крухмал пад выглядам лекаў.


Беларускія праваахоўнікі выявілі сетку кол-цэнтраў, якія прадавалі харчовыя дабаўкі пад выглядам лекаў. Пілюлі, якія па сутнасці складаліся з крухмалу і каштавалі 1-3 рублі, махляры прадавалі даверлівым грамадзянам мінімум па 135 рублёў. У выніку за час сваёй злачыннай дзейнасці арганізатар сеткі стаў доларавым мільянерам, а шэраг яго ахвяр страцілі да 8 тысяч рублёў. Толькі сёлета махляры прадалі свае «цуда-лекі» 8 тысяч разоў, а з моманту заснавання — 170 тысяч. Падазраванымі па крымінальнай справе прызнаны 56 чалавек, 6 з іх заключаны пад варту.

«Алтайскае здароўе» падвяло Грамадзянін Расіі, раней асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў, які апошнія 10 гадоў жыў у Беларусі, у 2021-м запусціў сетку махлярскіх кол-цэнтраў і інтэрнэт-магазінаў. Яго правай рукой з’яўляўся беларус, раней неаднаразова судзімы за махлярства, падробку дакументаў і дачу хабару. Кол-цэнтры дзейнічалі ў Мінску, Барысаве, Баранавічах і Бабруйску. Акрамя таго, ствараліся яркія сайты-пасткі, напоўненыя лжывымі водгукамі і псеўдамедыцынскімі рэкамендацыямі. 

Выкарыстоўваліся, напрыклад, такія лжывыя фармуліроўкі, як «міжнароднае аб’яднанне аховы здароўя», «ананімнае дзяржаўнае апытанне», «сацыяльная скідка», «праграма дапамогі сярод насельніцтва Беларусі».

— Супрацоўнікі нашага ўпраўлення атрымалі інфармацыю аб дзейнасці сеткі кол-цэнтраў. Праз іх грамадзянам прадавалі харчовыя прадукты пад выглядам сродкаў, якія валодаюць высокаэфектыўнымі лячэбнымі ўласцівасцямі, асабліва для лячэння розных узроставых і хранічных захворванняў, — расказаў начальнік другога аддзела пятага ўпраўлення (па г. Мінску) ГУБАЗіК МУС Сяргей ВАНАГЕЛЬ.

Механізм падману грамадзян выглядаў наступным чынам. Махляры распаўсюджвалі ў інтэрнэце і друкаваных выданнях фіктыўныя рэкамендацыі ўрачоў, фальшывыя сертыфікаты якасці і няпэўныя даныя аб клінічных і лабараторных даследаваннях. Таксама выпускаліся і распаўсюджваліся друкаваныя выданні, дзе размяшчалі водгукі выдуманых людзей, якія нібыта вылечыліся ад хранічных захворванняў. Для гэтага выкарыстоўвалі фота акцёраў, у тым ліку і галівудскіх, напрыклад Анджэліны Джалі. Пісалі, што гэта Ганна, жыхарка горада Буда-Кашалёва, 35 гадоў, якая вылечылася ад хранічнага захворвання.

Такім чынам патэнцыяльных пакупнікоў уводзілі ў зман, стваралі ілюзію пацверджанай эфектыўнасці «цудадзейных сродкаў». Пад выглядам лекаў завод у Алтайскім краі выпускаў банальную харчовую прадукцыю пад маркай «Алтайскае здароўе», у аснове якой — крухмал. Адметна, што выраблялася яна спецыяльна для заказчыка, з улікам яго патрабаванняў.

Сайты-пасткі і «дасье» на кожнага пакупніка

  • Для фарміравання кліенцкай базы ашуканцы выкарыстоўвалі спецыяльна створаныя сайты-пасткі. Людзі, якія праяўлялі цікавасць да прадукцыі, пакідалі на сайце свае кантакты. Пасля гэтага яны адразу траплялі ў поле зроку ашуканцаў з кол-цэнтраў. Тыя выкарыстоўвалі розныя хітрыкі, каб пераканаць грамадзян набыць прадукцыю. Напрыклад, людзей схілялі адмовіцца ад медыкаментознага лячэння на карысць «высокаэфектыўных экстраардынарных раслінных комплексаў».
На кожнага патэнцыяльнага пакупніка ў махляроў была складзена інфармацыйная база з указаннем асабістых даных, у тым ліку хвароб, якія той меў, асаблівасцяў характару чалавека і яго слабых месцаў, на якія можна націснуць. Гэтыя звесткі «менеджары» збіралі падчас шматлікіх тэлефанаванняў сваім ахвярам.

Праваахоўнікі выявілі, што для маскіроўкі злачыннай дзейнасці, а таксама надання ёй бачнасці законных грамадзянска-
прававых адносін у яе былі ўцягнуты больш за 25 індывідуальных прадпрымальнікаў і каля 10 юрыдычных асоб. Сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па горадзе Мінску была праведзена камеральная праверка на прадмет ухілення ад выплаты падаткаў. 

Была ўстаноўлена арганізацыйная сувязь паміж пэўнымі камерцыйнымі структурамі. Такім чынам удалося выйсці на асобу арганізатараў і кіраўнікоў арганізаванай групы.

Устаноўлена, што агульны даход падкантрольных арганізаванай групе камерцыйных структур у перыяд са студзеня 2021 года склаў каля 23 мільёнаў рублёў. Як адзначыў начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў следчага ўпраўлення УСК па г. Мінску Максім ДЗЕГЦЯРОЎ, 
дзейнасць арганізаванай групы была добра прадумана. У яе склад уваходзілі кіраўнікі ашуканскага бізнесу, кол-цэнтраў, менеджары па продажах, па падборы персаналу і яго навучанні, а таксама тэхнічныя спецыялісты. У групе існавала жорсткая іерархія. Усе ўдзельнікі строга выконвалі ўказанні кіраўніцтва.
  • У выніку ў розных рэгіёнах краіны затрыманы 56 чалавек, уключаючы арганізатараў схемы, бухгалтараў, бізнес-трэнераў і менеджараў. Шасці найбольш актыўным удзельнікам злачыннай схемы прад’яўлена абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 (махлярства, учыненае арганізаванай групай) КК. Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, астатнія прызнаны падазраванымі. Следчыя правялі вобыскі ў офісах і памяшканнях, звязаных з дзейнасцю кол-цэнтраў. Накладзены арышт на маёмасць фігурантаў і падкантрольных ім юрыдычных асоб на агульную суму больш чым мільён рублёў.
Алена КРАВЕЦ 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю