Дзяржава будзе адрасна падтрымліваць тых гаспадароў, якія адраджаюць традыцыі, рамёствы, мясцовую кухню, абрады і вясковы побыт.
Ліміт пакояў
Ліміт жылых пакояў павялічаны да 15. Гэта адкрывае шлях да прыёму не толькі невялікіх кампаній, але і вялікіх экскурсійных груп. Адначасова пашыраны і спектр паслуг. Цяпер у аграэкасядзібах можна праводзіць гастранамічныя і тэматычныя культурныя мерапрыемствы, сямейныя ўрачыстасці з захаваннем народных звычаяў і традыцый, а таксама развіваць інфраструктуру для адпачынку — ад лазняў і кантактных заапаркаў да пракату інвентару і арганізацыі паходаў.
Патрабаванні да паслуг
Указ дакладна фіксуе крытэрыі, якія адрозніваюць аграэкасядзібу ад стандартнага гасцінічнага бізнесу. Каб сядзіба афіцыйна лічылася аб’ектам аграэкатурызму, уладальнік абавязаны прадастаўляць гасцям мінімум дзве паслугі з зацверджанага пераліку. Прычым адна з іх павінна быць ключавой, раскрываць сутнасць вясковага адпачынку.
Згода суседзяў
Правядзенне шумных мерапрыемстваў, напрыклад, вяселляў або фестываляў, цяпер патрабуе згоды суседзяў. Адабрэнне можна атрымаць у лічбавым фармаце — праз СМС, месенджары або электронную пошту. Галоўнае — каб у паведамленні былі пазначаны дата, час і асоба, якая дала згоду.
Падаткаабкладанне
Змяняюцца падыходы да падтрымкі аграэкатурызму ў рэгіёнах. Для аграэкасядзіб, размешчаных далёка ад буйных населеных пунктаў (на адлегласці 10 і больш кіламетраў ад райцэнтра, за выключэннем Мінскага раёна), замест падатку на прафесійны даход уводзіцца спецыяльны збор 45 рублёў.
Ільготнае крэдытаванне
Ільготнае крэдытаванне праз Белаграпрамбанк стала бестэрміновым, часавыя ліміты поўнасцю зняты. Крэдыты выдаюцца ў беларускіх рублях пад 5% гадавых. Пры гэтым павялічаны тэрміны іх вяртання. Фізічныя асобы цяпер могуць разлічваць на выплаты на працягу 10 гадоў, а сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія развіваюць агратурызм, — да 8 гадоў.
Важны нюанс — навацыі не закрануць тыя крэдытныя дагаворы, якія падпісаны да ўступлення ўказа ў сілу. Усе старыя абавязацельствы прадоўжаць дзейнічаць на ранейшых умовах да канца 2026 года, пасля чаго ўладальнікі змогуць перайсці на больш выгадныя ўмовы.
Рэестр аграсядзіб
Таксама з 20 лістапада ўступіла ў сілу пастанова ўрада, якая накіравана на рэалізацыю ўказа. Запускаецца стварэнне адзінага лічбавага рэестра аграэкасядзіб, замацоўваецца парадак вядзення інфармацыйнай базы. Дзеючыя сядзібы (іх больш за 1440) павінны будуць у месячны тэрмін стварыць асабістыя кабінеты на лічбавай платформе «Разумны горад (рэгіён)». Для турыстаў рэестр стане зручным і надзейным анлайн-каталогам, для ўладальнікаў сядзіб — пляцоўкай для іміджавага развіцця, а для дзяржавы — інструментам дакладнай аналітыкі галіны.
Афармленне дакументаў анлайн
Яшчэ адна навацыя — афармленне дакументаў анлайн. Падаць заяву аб пачатку работы ў якасці аграэкасядзібы або аб прымяненні спецыяльнага збору фізічныя асобы змогуць дыстанцыйна — праз адзіны партал электронных паслуг. Пры гэтым захоўваецца магчымасць прывычнага папяровага фармату падачы дакументаў у райвыканкам.
Вызначаны вычарпальны пералік дакументаў для атрымання льготнага крэдыту (пад 5% гадавых) у ААТ «Белаграпрамбанк» на рэалізацыю праектаў у сферы аграэкатурызму. Гэты падыход мінімізуе часавыя выдаткі ўладальнікаў аграсядзіб на візіты ў банк, афармленне крэдыту стане больш простым і хуткім.
Формы дагавораў
Таксама пастановай устаноўлены тыпавыя формы дагавораў на аказанне паслуг паміж суб’ектамі аграэкатурызму і аграэкатурыстамі або арганізацыямі, у тым ліку тураператарамі, парадак адміністрацыйнай працэдуры, звязанай з прыняццем рашэння аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, і работы раённых камісій для комплекснай ацэнкі дзейнасці аграэкасядзіб.