Наталля Качанава адзначыла, што айчынная прадукцыя вядомая далёка за межамі Беларусі. «Да якасці прад’яўляюцца самыя сур’ёзныя патрабаванні. Прадукты для здаровага харчавання ў нас выпускаюцца, і мы павінны зрабіць так, каб чалавек лёгка мог знайсці іх на паліцы любой крамы», — сказала яна.
Фундаментальныя дзяржаўныя арыенціры — клопат пра чалавека, яго дабрабыт, нагадала спікер. «Харчовую бяспеку дзяржавы мы забяспечылі цалкам. Наш стратэгічны прыярытэт — здароўе нацыі і паўнавартаснае даўгалецце», — падкрэсліла Наталля Качанава.
У краіне, паводле яе слоў, сфарміравана нарматыўная база, дзейнічаюць прэферэнцыі для вытворцаў арганічнай прадукцыі. З бюджэту выдзяляюцца сродкі на арганізацыю харчавання ў школах, дзіцячых садках і бальніцах. Ад кіраўнікоў на месцах патрабуецца гаспадарскі падыход — карысная беларуская прадукцыя, ад дыетычных рацыёнаў да натуральных сокаў, павінна прысутнічаць ва ўсіх гандлёвых сетках і ўстановах сацсеткі.
«Пытанне вельмі актуальнае. Да яго неаднаразова вяртаўся Прэзідэнт, выступаючы з пасланнем да народа і парламента, — адзначыла Наталля Качанава па выніках выязнога пасяджэння. — Прынята даволі шмат нарматыўных прававых актаў, у тым ліку па тэме арганічнай вытворчасці. Але разам з тым ёсць яшчэ шэраг праблем, якія сёння і пастараліся вывучыць больш дэталёва. Некаторыя прадукты харчавання патрэбныя людзям з пэўнымі захворваннямі. Неабходныя яны і тым, хто проста хоча весці здаровы лад жыцця».
- У ліку прыярытэтных кірункаў выдзелены ўдасканаленне падыходаў да харчавання дзяцей, больш шырокае інфармаванне насельніцтва аб прадуктах для здаровага харчавання, што выпускаюцца ў краіне, іх прадстаўленасць у гандлі. «Мы ўжо дасягнулі значных вынікаў, але можам стаць на прыступку вышэй, пашырыўшы лінейку прадуктаў для здаровага харчавання», — падкрэсліла Наталля Качанава.
На пасяджэнні Прэзідыума выступілі прадстаўнікі Мінсельгасхарча, навукоўцы, практыкі. Разглядаліся сусветныя тэндэнцыі ў гэтай сферы, работа беларускіх прадпрыемстваў, механізмы прасоўвання нацыянальных брэндаў. Наталля Качанава падтрымала ініцыятыву аб фарміраванні ў Савеце Рэспублікі пастаяннай рабочай групы, якая будзе арыентавана на актуалізацыю нарматыўнай прававой базы, збліжэнне галіновых стандартаў і стварэнне аптымальных умоў для прысутнасці беларускай прадукцыі для здаровага харчавання на ўнутраным рынку.
На Гарадзейскім цукровым камбінаце выбудаваная глыбокая перапрацоўка айчыннай сыравіны з акцэнтам на чысты склад — ад выпуску сокаў, павідла і напаўняльнікаў без цукру да стварэння кампанентаў для малочнай галіны і выкарыстання тэхналогій безадходнага цыклу. Таксама была прадстаўлена экспазіцыя навінак ад айчынных вытворцаў.
Пасля пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з калектывам камбіната.