Беларуска-татарскія літаратурныя сувязі маюць даўнюю гісторыю. І ў ХХІ стагоддзі сапраўдны імпульс іх развіццю надавалі, надаюць такія пісьменнікі, дзеячы асветы і культуры, як светлай памяці народны паэт Татарстана Роберт Мінулін, нашы сучаснікі — народны паэт Татарстана Рэнат Харыс і вядомы музейшчык, кіраўнік Купалаўскага музея ў Пячышчах пад Казанню Рыма Абызава.
У кагорту шчырых прапагандыстаў беларускай літаратуры імкліва ўвайшла і маладая пісьменніца, публіцыстка, перакладчыца Луіза Янсуар, якая працуе ў Казані ў часопісе «Татарстан». Нядаўна яна пабывала ў Беларусі, наведала Брэсцкую крэпасць-герой, мемарыяльны комплекс «Хатынь». Пісьменніца збірае матэрыялы пра лёс свайго земляка абаронцы Брэсцкай крэпасці Героя Савецкага Саюза Пятра Гаўрылава. Па выніках свайго падарожжа ўжо зрабіла некалькі публікацый у татарскай перыёдыцы.
У Мінску Луіза пазнаёмілася з беларускімі пісьменнікамі, правяла перагаворы з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў на пляцоўцы XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў сакавіку 2026 года. Як вынік творчай увагі да беларускай класікі — і пераклады вершаў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы, якія Луіза Янсуар здзейсніла ў апошні час. Верш «Беларускім партызанам!» увойдзе ў кнігу аднаго верша Янкі Купалы «Беларускім партызанам!» на мовах народаў свету, якая рыхтуецца да выхаду ў свет у выдавецтве «Беларусь». Іншыя новыя пераклады Купалавых твораў будуць надрукаваны ў Татарстане.
За сваю прыхільнасць да беларускай літаратуры татарская пісьменніца, перакладчыца ўзнагароджана Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Вельмі ўдзячна беларусам за ўвагу да маёго сціплага плёну, — гаворыць Луіза Янсуар. — Зараз маю добрыя стасункі з СПБ, беларускімі калегамі, спадзяюся на новыя ініцыятывы і рэалізацыю новых праектаў. Мяне вельмі цікавіць і творчасць маладых пісьменнікаў Беларусі».
Мікола БЕРЛЕЖ