Top.Mail.Ru
189

У Беларусі знізілася колькасць пажараў у экасістэмах амаль у 2,5 раза

Па словах начальніка Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максіма Клачко, з пачатку года ў краіне адбылося 2528 пажараў, што на 20 працэнтаў больш, чым за той жа перыяд годам раней. Ахвярамі агню сталі 246 чалавек — рост склаў 16 працэнтаў: «Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў у быце з’яўляюцца парушэнні правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (34 працэнты ад агульнай колькасці), печаў (28 працэнтаў) і неасцярожнае абыходжанне з агнём (28,1 працэнта)».


Асабліва складаная сітуацыя назіралася ў студзені і лютым, калі з-за моцных маразоў людзі больш актыўна папілі печы, карысталіся электраабагравальнікамі. У той перыяд колькасць пажараў і колькасць загінулых павялічыліся практычна ўдвая. Асноўнай прычынай гібелі людзей, адзначыў Максім Клачко, з’яўлялася курэнне ў ложку або неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Дарэчы, у першым квартале гэтага года адзначана значнае зніжэнне колькасці пажараў у прыродных экасістэмах — усяго 1367 выпадкаў (3309 — годам раней). З іх 81 выпадак прыйшоўся на лясы, 1283 — на траву і хмызнякі, яшчэ тры пажары адбыліся на тарфяніках. 


«На жаль, гэты год не стаў выключэннем: фіксуюцца ахвяры пажараў у прыродных экасістэмах. Сёлета ўжо тры чалавекі загінулі ад наступстваў такіх надзвычайных сітуацый. Летась было двое загінулых», — адзначыў Максім Клачко. Асноўныя прычыны трагедый застаюцца ранейшымі: развядзенне вогнішчаў з парушэннем правілаў бяспекі, спальванне сухой травы, непатушаныя цыгарэты, прамасленае рыззё і дзіцячае свавольства з агнём.

Для кантролю абстаноўкі ў прыродных экасістэмах у краіне вядзецца пастаянны маніторынг сітуацыі на розных узроўнях — наземным, авіяцыйным і нават касмічным: «Менавіта такі шматузроўневы падыход дазваляе своечасова выявіць найбольш буйныя пажары і прыняць неабходныя меры рэагавання, — падкрэсліў начальнік Цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Авіяцыйны маніторынг ажыццяўляецца пры дапамозе верталётаў Дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы „Авіяцыя“, а таксама беспілотных лятальных апаратаў і комплексаў». 

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю