Top.Mail.Ru

У Беларусі звярнулі ўвагу на абарону моладзі ад залежнасцяў: новыя механізмы і вынікі маштабнага даследавання

У Беларусі паслядоўна ўдасканальваюцца падыходы да папярэджання дэструктыўных паводзін у маладзёжным асяроддзі. Укараняюцца сучасныя метады ранняга выяўлення залежнасцяў, актуалізуюцца спосабы барацьбы з распаўсюджаннем забароненых рэчываў у лічбавай прасторы, узмацняецца работа па папулярызацыі здаровага ладу жыцця.



Як гэта ажыццяўляецца на практыцы, расказалі старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Аксана Кірэйчык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі работы інспекцыі па справах непаўналетніх МУС Раман Бардзееў і старшы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі і клініка-эпідэміялагічных даследаванняў РНПЦ псіхічнага здароўя Наталля Грэбень.

Канфідэнцыяльная дапамога: як бацькі могуць выратаваць дзіця

Адной з ключавых тэм канферэнцыі стаў новы механізм рэабілітацыі падлеткаў з залежнасцямі. «Праблема ўжывання дзецьмі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і алкаголю не губляе актуальнасці. Бацькі часта замоўчваюць праблему, асцерагаючыся агалоскі, і губляюць каштоўны час. Між тым эфектыўнасць дапамогі напрамую залежыць ад своечасовага звароту да спецыялістаў», — адзначыла Аксана Кірэйчык.

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» былі ўнесены змены. Цяпер прадугледжана магчымасць змяшчэння падлеткаў на канфідэнцыяльнай аснове па заяве законных прадстаўнікоў у спецыяльную выхаваўчую ўстанову для комплекснай рэабілітацыі. Дапамога накіравана не толькі на спыненне ўжывання, а ў першую чаргу на аднаўленне здароўя дзіцяці, фарміраванне здаровага ладу жыцця і інтэграцыю ў грамадства.

Для хлопчыкаў такая ўстанова размешчана ў гарадскім пасёлку Крывічы Мядзельскага раёна, для дзяўчынак — у Петрыкаве. З пачатку дзеяння нормы ва ўстановы па заяве бацькоў было змешчана 117 непаўналетніх, на сённяшні дзень рэабілітацыю праходзяць каля 20 падлеткаў. Акрамя таго, дзяржаўныя органы вядуць актыўную растлумачальную работу ў папулярных у моладзі сацсетках — TikTok, Instagram, Telegram, YouTube.

  

Азартныя гульні: новая забарона для непаўналетніх

Асобную ўвагу на канферэнцыі надалі ўдзелу дзяцей у электронных латарэях, падобных па механіцы да азартных гульняў. Такія гульні наносяць шкоду псіхічнаму здароўю, у некаторых выпадках прыводзяць да крадзяжоў, вымагальніцтва і махлярства. Аксана Кірэйчык прывяла прыклады: у Мінскім раёне падлетак скраў у бацькоў 6,5 тысячы долараў для ўдзелу ў анлайн-латарэі. Іншы непаўналетні ў стане алкагольнага ап’янення патрабаваў ад аднагодка пераводу грошай на свой гульнявы рахунак. Таксама падлеткі размяшчалі ў Instagram прапановы аб продажы «выйгрышных схем» і падманным шляхам завалодвалі рэквізітамі банкаўскіх карт.

У нарматыўных актах адсутнічалі ўзроставыя абмежаванні для ўдзельнікаў латарэй. Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ў лютым 2026 года ва ўказ Прэзідэнта аб латарэйнай дзейнасці ўнесены змены. Устаноўлена забарона на ўдзел у электронных імгненных латарэях асоб маладзейшых за 18 гадоў, вызначаны механізм адмовы банкаў у правядзенні аперацый па аплаце латарэйных ставак, уведзена патрабаванне аб папаўненні гульнявога рахунка толькі ў безнаяўнай форме. Навацыі пачнуць дзейнічаць з 25 лістапада 2026 года.

Наркабізнес: рэальныя тэрміны і цана лёгкіх грошай

Раман Бардзееў звярнуў увагу на праблему незаконнага абароту наркотыкаў, які практычна цалкам сканцэнтраваны ў ценявым сегменце інтэрнэту. Сёння спажыўцамі ўсё часцей становяцца сацыяльна адаптаваныя падлеткі з сем’яў з высокім дастаткам. Сярод моладзі найбольш папулярныя мефедрон, альфа-ПВП і 4-CMC — рэчывы, якія могуць прывесці да смяротнага зыходу нават пры першасным ужыванні. У бягучым годзе ў рэанімацыю з дыягназам «перадазіроўка» шпіталізавана больш за 55 маладых людзей, пяцёра з іх памерлі.

Асаблівую трывогу выклікае ўцягванне моладзі ў наркабізнес. Закладчыкаў завабліваюць абяцаннямі лёгкага і хуткага заробку. Аднак сярэдні «працоўны стаж» такога работніка да моманту затрымання складае ад некалькіх дзён да тыдня. У месцах пазбаўлення волі за нарказакладванне адбываюць пакаранне 265 былых вучняў. З іх 75% атрымалі тэрміны ад 5 да 10 гадоў, яшчэ 64 чалавекі — ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Прадстаўнік МУС нагадаў: «У Беларусі ўсе наркотыкі забароненыя». Пры гэтым заўвага да артыкула 328 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае вызваленне ад адказнасці, калі асоба добраахвотна выдала наркатычны сродак, шчыра пакаялася і супрацоўнічала са следствам.

   

Вейпы: новая пагроза здароўю дзяцей

Раман Бардзееў таксама завастрыў увагу на распаўсюджванні вейпаў сярод падлеткаў. Электронныя цыгарэты ўспрымаюцца як бяспечная альтэрнатыва традыцыйным, аднак гэта зман. Аэразолі пранікаюць у клеткі глыбей, чым дым звычайных цыгарэт, пашкоджваюць структуру ДНК, негатыўна ўздзейнічаюць на дыхальную сістэму і павялічваюць рызыку тромбаўтварэння. Дзеля атрымання прылады падлеткі нярэдка здзяйсняюць крадзяжы, рабаванні і махлярства.

Продаж тытунёвых вырабаў і электронных сістэм курэння асобам маладзейшым за 18 гадоў забаронены. Ужо выяўлена 55 несумленных прадаўцоў. Курэнне ў забароненых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу да 4 базавых велічынь. У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне аб увядзенні адказнасці за набыццё для непаўналетняга электронных сістэм курэння па аналогіі з алкаголем.

Удзельнікі канферэнцыі таксама звярнулі ўвагу на так званыя «флэты» і «ўпіскі». За бягучы год было выяўлена больш за 140 месцаў масавага збору падлеткаў з ужываннем алкаголю і наркотыкаў, у якіх удзельнічалі больш за 500 непаўналетніх.

Лічбавыя паводзіны: маштабнае даследаванне РНПЦ

Наталля Грэбень прадставіла вынікі ўнікальнага даследавання, рэалізаванага з 2025 года на базе РНПЦ псіхічнага здароўя. Навукоўцы паставілі задачу вывучыць асаблівасці лічбавых паводзін сучасных падлеткаў і распрацаваць метад ацэнкі фактараў рызыкі парушэнняў здароўя, звязаных з выкарыстаннем гаджэтаў.

У апытанні прынялі ўдзел больш за 20 тысяч падлеткаў ва ўзросце 14–17 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта адно з самых маштабных даследаванняў падобнага роду ў краіне. Анкета «Лічбавыя паводзіны падлеткаў» ахоплівала даступнасць лічбавага асяроддзя, карыстальніцкія перавагі, спажываны кантэнт, дачыненне да сацсетак і відэагульняў, рызыкі лічбавай прасторы, а таксама выкананне рэжыму дня і фізічнай актыўнасці.

«Паводле даных еўрапейскіх і сусветных даследаванняў, сучасныя падлеткі праводзяць у сетцы 5–7 гадзін у дзень. Гэта стварае ўмовы для фарміравання залежнасцяў, якія праяўляюцца ў ігнараванні абавязкаў, пагаршэнні сацыяльных навыкаў і рызыцы парушэнняў фізічнага і псіхічнага здароўя», — адзначыла Наталля Грэбень.

Навукоўцы вылучаюць некалькі відаў лічбавых адыкцый: залежнасць ад смартфонаў, сацыяльных сетак, відэагульняў, патокавага спажывання кантэнту і нават ад штучнага інтэлекту. Да псіхалагічных фактараў рызыкі адносяцца акцэнтуацыі характару, паніжаная пераноснасць цяжкасцяў, імкненне сысці ад адказнасці, эмацыянальная неўраўнаважанасць, схільнасць да трывогі і дэпрэсіі, крызіс ідэнтычнасці і неразвіты самакантроль.

Прафілактыка лічбавых залежнасцяў, па словах Наталлі Грэбень, павінна ўключаць павышэнне лічбавай граматнасці, выкананне лічбавай гігіены, заахвочванне афлайн-актыўнасці, а таксама наяўнасць прафілактычных і рэабілітацыйных праграм.

 

Кібербяспека: моладзь — галоўная мішэнь махляроў

Раман Бардзееў адзначыў, што найбольшую долю пацярпелых ад кіберзлачынстваў складаюць грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Маладыя людзі актыўна паглыблены ў лічбавую прастору (анлайн-сэрвісы, сацсеткі, інтэрнэт-крамы і фінансавыя платформы), чым і карыстаюцца зламыснікі.

Асноўныя схемы — тэлефонныя званкі і паведамленні ў месенджарах з патрабаваннем перадаць коды з SMS нібыта ад супрацоўнікаў дзяржустаноў, банкаў ці службаў дастаўкі. Падставамі могуць быць замена дамафона, атрыманне пасылкі, дэклараванне сродкаў, выйгрыш у латарэю або бонусы на гульнявых платформах. Пры гэтым большасць пацярпелых не ведалі пра тэхнічную магчымасць забароны ўваходных званкоў у месенджарах ад незнаёмых абанентаў.

Вялікая колькасць выпадкаў падману зафіксавана пры пакупках у сацсетках: адзенне, абутак, гаджэты, а таксама сезонныя тавары па заніжаных цэнах. Перш чым здзяйсняць пакупку, МУС рэкамендуе пераканацца ў надзейнасці прадаўца, патэлефанаваць па беларускім нумары і праверыць наяўнасць УНП.

Як абараніць сябе і дзяцей

Самая важная рэкамендацыя тут — ніколі не перадаваць коды і паролі па тэлефоне, не выконваць дзеянні па ўказанні трэціх асоб, правяраць інфармацыю па афіцыйных каналах. У месенджарах устанавіць абарону ад званкоў з незнаёмых нумароў. Не пералічваць грошы за тавар з падазрона нізкай цаной. Здзяйсняць пакупкі толькі на правераных пляцоўках. Не ўстанаўліваць дадаткі з неправераных крыніц. Для абароны акаўнта ўвесці надзейны пароль і двухфактарную аўтэнтыфікацыю. Бацькам таксама рэкамендуецца навучыць дзяцей адразу паведамляць дарослым аб падазроных званках. Пры любых сумненнях званіць у міліцыю па тэлефоне 102 або звяртацца ў чат-бот МУС.

Што датычыцца наркотыкаў: калі факт ужывання ўжо ўстаноўлены, бацькам не варта замоўчваць праблему. Неабходна звярнуцца да спецыялістаў. Пры ўцягванні ў гандаль забароненымі рэчывамі — добраахвотна выдаць рэчыва, адмовіцца ад злачынства і паведаміць у праваахоўныя органы. Гэта можа стаць падставай для вызвалення ад крымінальнай адказнасці згодна з заўвагай да артыкула 328 КК.

Таксама бацькам раяць кантраляваць вольны час і занятасць дзяцей, цікавіцца, чым яны займаюцца ў інтэрнэце, і не замяняць жывыя зносіны бескантрольным карыстаннем гаджэтамі.

Бяспека моладзі — агульная задача дзяржавы, грамадства і кожнай сям’і.

Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю