На гістарычных Рытаўскіх агародах сельгасакадэміі, дзе больш стагоддзя таму навуковец Міхаіл Рытаў за ўласныя грошы пабудаваў першую цяпліцу і са студэнтамі займаўся навукай, сёння ўзводзіцца аб'ект, які павінен змяніць уяўленні пра агародніцтва ў Беларусі. Навукова-адукацыйны цэнтр біятэхналогій у раслінаводстве — самая вялікая агралабараторыя ў краіне. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і пагутарылі з тымі, хто стварае тэхналогіі заўтрашняга дня.
Унікальны праект з катэгорыі «будучыня»
Цэнтр, які ўзводзіцца на тэрыторыі акадэміі, уваходзіць у спіс праектаў, што маюць найбольшае значэнне для эканомікі Рэспублікі Беларусь на найбліжэйшыя гады. Яго мэта — не проста вырасціць агародніну, а стварыць умовы для падрыхтоўкі спецыялістаў і навуковых распрацовак, якія дазволяць краіне незалежна забяспечваць сябе якаснай прадукцыяй круглы год.
— Некалькі гадоў таму Прэзідэнт даў даручэнне развіваць агародніцтва абароненага грунту. Клімат мяняецца вельмі інтэнсіўна, і мы павінны сыходзіць «пад шкло», — тлумачыць Дзмітрый РАМАНЬКОЎ, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры плодаагародніцтва, куратар праекта. — Цяпер у кожнай вобласці будуюцца новыя цяпліцы чацвёртага пакалення. Мы не маглі застацца ўбаку і прапанавалі свой праект, які закрывае дзве задачы: падрыхтоўку спецыялістаў і навуковыя распрацоўкі.

Фінансаванне ажыццяўляецца з некалькіх крыніц: галоўная — Рэспубліканскі цэнтралізаваны інавацыйны фонд (праект уваходзіць у праграму інавацыйнага развіцця Беларусі), дадатковыя сродкі выдзяляе інавацыйны фонд Магілёўскага аблвыканкама, а дробныя расходы пакрываюцца з уласных сродкаў акадэміі.
Цэнтр для навукі і вучобы
Цэнтр уключае дзевяць асобных блокаў-цяпліц пятага пакалення — з паўзакрытай канцэпцыяй мікраклімату і элементамі штучнага інтэлекту. Гэта не проста цяпліцы, а кліматычныя камеры, дзе круглы год ствараюцца аптымальныя ўмовы для вырошчвання розных культур — незалежна ад таго, што адбываецца звонку. Тут будуць вырошчваць таматы і агуркі на высокай шпалеры, перац, суніцы, а таксама салату і мікразеляніну на сіці-фермах — «фермах-гарадах», якія можна размяшчаць у любых памяшканнях.

Асобны раздзел — селекцыйны блок, дзе будуць выводзіць новыя сарты.
— У краіне цяпер няма сартоў уласнай селекцыі для ашклёных цяпліц, — прызнаецца Дзмітрый Раманькоў. — Ёсць для адкрытага грунту, для плёначных. А вось для новых — іх трэба выводзіць. Гэтым мы і будзем займацца. Акрамя агародніны, плануем вырошчваць і пшаніцу — у цяплічных умовах можна атрымліваць як мінімум два ўраджаі на год, што значна паскорыць селекцыйны працэс.
Лабараторыя, дзе расліны растуць у прабірках
Але хто будзе працаваць у гэтых цяпліцах? І якія веды яны павінны атрымаць? На кафедры селекцыі і біятэхналогіі раслін агратэхналагічнага факультэта студэнтаў ужо сёння рыхтуюць да работы з самым далікатным матэрыялам — расліннымі клеткамі.
— Лабараторыя біятэхналогіі мае ўмовы, у якіх студэнты навучаюцца працаваць з клеткавымі культурамі ва ўмовах абсалютнай стэрыльнасці, — тлумачыць Тамара НІКАНОВІЧ, дацэнт кафедры селекцыі і біятэхналогіі раслін. — Гэтыя ўмовы называюцца іn vіtro — на штучным пажыўным асяроддзі, пры кантраляваных фізічных фактарах і поўнай стэрыльнасці, дзе адсутнічае развіццё інфекцый.

Дзякуючы метадам іn vіtro магчыма паскараць працэс размнажэння раслін і атрымліваць пасадачны матэрыял высокай якасці ў неабходнай колькасці. Але галоўнае прызначэнне лабараторыі — стварэнне новых узораў раслін, якіх не існуе ў звычайных умовах.
— Дзякуючы рэалізацыі клеткай сваіх уласцівасцяў можна атрымліваць унікальныя ўзоры з павышанай якасцю пладоў, больш устойлівыя да фактараў знешняга асяроддзя, — кажа Тамара Нікановіч.
У лабараторыі сабрана больш як 20 варыянтаў святлодыёднага асвятлення — розных спектраў. Вывучаючы іх уплыў на развіццё раслін, навукоўцы гатовы даваць рэкамендацыі, якія спектры найбольш прыдатныя для вырошчвання ў цяплічных умовах.
Калекцыя, якой няма нідзе
Кафедра валодае ўнікальнай калекцыяй раслін. Тут ёсць як сельскагаспадарчыя культуры, так і дэкаратыўныя віды, архідэі, араматычныя расліны.
— У нашай калекцыі прадстаўлены бульба (больш за 10 сартоў), вінаград, бэз, батат. Мы адзіныя ўладальнікі калекцыі батата ва ўмовах іn vіtro, — з гонарам кажа Тамара Нікановіч. — Араматычныя расліны і прыправы — гэта ісоп, лаванда, мята перачная. Архідэі прадстаўлены каштоўналісцевымі, дэндробіумамі, цымбідыумамі.
Асобнае месца ў калекцыі займаюць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, — прастрэл (так званая сон-трава. — «Зв.») і лілея мартагон. Іх захоўваюць у калекцыі, каб мець магчымасць зберагаць генетычны фонд без уздзеяння знешніх фактараў.
Новыя спецыяльнасці для новай эпохі
На пытанне, якую новую спецыяльнасць атрымаюць студэнты, каб пасля працаваць у сучасных цяпліцах, дацэнт кафедры селекцыі і біятэхналогіі раслін адказвае:
— Ёсць прафілізацыя «біятэхналогія». У рамках навучання па гэтай прафілізацыі студэнт вучыцца выкарыстоўваць біялагічныя аб’екты для рашэння розных задач народнай гаспадаркі. Гэта і стварэнне біялагічна актыўных рэчываў з выкарыстаннем клеткавых культур, раслін ці мікраарганізмаў. Гэта стварэнне біялагічных прэпаратаў на аснове жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Гэта мікракланальнае размнажэнне раслін, калі за кароткі час магчыма атрымліваць вялікую колькасць пасадачнага матэрыялу. І гэта стварэнне новых сартоў і гібрыдаў паскорана, з выкарыстаннем клеткавых культур.
Кафедра селекцыі і біятэхналогіі раслін больш як 20 гадоў займаецца селекцыяй тамату. Разам з супрацоўнікамі Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створана ўжо больш як 60 сартоў і гібрыдаў — таматаў, таматаў тыпу чэры, перцу салодкага, перцу вострага.
Ад Рытаўскага агарода да цяпліц заўтрашняга дня
Будаўніцтва цэнтра ўжо ідзе поўным ходам.
— Спадзяёмся, што ўжо ў наступным навучальным годзе мы зможам прыняць першых студэнтаў, якія будуць вучыцца працаваць на гэтай сучаснай тэхніцы, — кажа Дзмітрый Раманькоў. — Нам жа трэба не проста пабудаваць, а запусціць усе сістэмы, пасадзіць расліны, якія пачнуць даваць ураджай. І толькі тады можна сказаць: «Так, мы гатовыя».
У планах — развіццё комплексу:
будаўніцтва сховішча, аранжарэі.
Сёння на месцы цяпліцы Рытава вырастае цэнтр, які павінен стаць адным з самых сучасных у Еўропе. І гэта не проста новыя тэхналогіі — гэта працяг справы навукоўца, які больш стагоддзя таму даказаў: беларуская зямля можа карміць, калі на ёй працуюць галава і сэрца. А галоўнае — тут ужо сёння рыхтуюць тых, хто будзе працаваць у цяпліцах заўтрашняга дня.
Надзея Зуева
Фота Валерыя Картуля
г. Горкі