Top.Mail.Ru

У Мінску стартаваў Вялікі турыстычны тыдзень

Сталіца Беларусі — турыстычны цэнтр СНД


Гэтымі днямі Мінск стаў міжнародным цэнтрам турыстычнай галіны — тут праходзіць Вялікі турыстычны тыдзень. Ён азнаменаваны самымі рознымі падзеямі — ад IV Беларуска-Расійскага турыстычнага кангрэса да Міжнароднай турыстычнай выстаўкі-кірмашу турыстычных паслуг «Адпачынак-2026». Сёння ўрачыста адкрыўся IV Беларуска-Расійскі турыстычны кангрэс, у рамках якога праходзіць Міжнародны турыстычны форум Travel Hub «Садружнасць». Яны аб’яднаюць прадстаўнікоў 22 рэгіёнаў Расіі, а таксама Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і іншых краін СНД. 

У 2025 годзе па свеце падарожнічала паўтара мільярда чалавек, а даходы ад турызму сталі рэкорднымі і перавысілі 2 трыльёны долараў ЗША. Па выніках мінулага года міжнародны турызм у цэлым вырас на 4 %. Гэта галіна, якая дынамічна развіваецца, а рэгіён СНД дэманструе яшчэ больш высокую дынаміку: тэмпы росту ў 2-3 разы перавышаюць сярэднесусветныя. Важна, што пры гэтым абсалютным лідарам па прыросце з’яўляецца ўнутраны турызм. Сімвалічна, што наша краіна, якая таксама актыўна прырастае ў турыстычнай сферы, асабліва ва ўязным і ўнутраным турызме, прымае гэты прадстаўнічы форум. 


  • — Правядзенне такога мерапрыемства, як міжнародны форум Travel Hub «Садружнасць», для кожнай краіны — знакавая падзея. У 2025 годзе аб’ём экспарту турыстычных паслуг Беларусі вырас на 46 працэнтаў. І патэнцыял у гэтай сферы вялізны. Раней мы ў большай ступені рабілі акцэнт на ўзаемадзеянні ў сферах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, а зараз разумеем, што мы цікавыя адзін аднаму і з турыстычнага пункту гледжання, — адзначыла напярэдадні на сустрэчы з удзельнікамі форуму Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, выказаўшы ўпэўненасць, што на міжнародным турыстычным форуме будуць прыняты важныя рашэнні, накіраваныя на прасоўванне гістарычнага, падзейнага, рэлігійнага, прамысловага, медыцынскага відаў турызму.

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Расіі Іна Свяценка падчас цырымоніі адкрыцця падкрэсліла, што такая адзіная пляцоўка дае магчымасць выпрацаваць практычныя рашэнні, а таксама ўніфікаваць падыходы да развіцця прыярытэтных відаў турызму. 


— Для краін СНД, безумоўна, гэта не толькі эканамічны, але і гуманітарны фактар і магутны інструмент умацоўвання сяброўства і ўзаемаразумення паміж нашымі народамі. Сяброўскія сувязі, якія склаліся гістарычна, а таксама адсутнасць моўнага бар’ера, стварылі ўнікальную перавагу для развіцця ўзаемных турыстычных патокаў, — падкрэсліла Іна Свяценка.

Яна звярнула ўвагу, што для Расіі, як і для Беларусі важнай тэмай з’яўляецца патрыятычны турызм. Ён прываблівае ў тым ліку і сямейных турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь, і едуць па месцах баявой славы цэлымі сем’ямі. 

— Мы бачым, наколькі вялікая цікавасць у грамадзян Беларусі, ды і іншых краін СНД, калі яны прыязджаюць сем’ямі на месцы баявой славы сваіх продкаў у Расію. Мы вельмі часта бачым каля памятных стэл, нават не ў буйных гарадах, а ў малых населеных пунктах, прадстаўнікоў краін СНД, якія прывозяць сваіх дзяцей і ўнукаў для таго, каб пакланіцца сваім дзядам, якія загінулі за нашу агульную радзіму і за тую вялікую барацьбу савецкага народа супраць фашызму, — адзначыла Іна Свяценка.

Яна дадала, што важным патрыятычным праектам стаў «Цягнік Памяці», які ажыццявілі Беларусь і Расія, і да якога далучыліся ўсе краіны СНД. У выніку дзеці, якія падарожнічаюць на гэтым цягніку, знаёмяцца і сябруюць, наведваюць месцы баявой славы. Яшчэ адна цудоўная ініцыятыва — выданне кнігі пісьменнікаў савецкага перыяду, якія пісалі пра вайну, куды ўвайшлі і савецкія, і беларускія, і расійскія аўтары. 

Генеральны сакратар — кіраўнік Сакратарыята Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД Дзмітрый КАБІЦКІ дадаў, што прастора Садружнасці — гэта суцэльная лакацыя для патрыятычнага турызму. А вось калі гаварыць пра краіны, то ў турыстаў сёння вельмі запатрабаваныя напрамкі краін Цэнтральнай Азіі. Вельмі добра прадаюцца турыстычныя праекты ў Казахстане, Азербайджане, Арменіі, Кыргызстане, Казахстане, Узбекістане. Запатрабаваныя і культурная, і гістарычная каштоўнасць гэтых маршрутаў, і прыродны складнік.


— Той жа Таджыкістан з яго гарамі і турыстычнымі рэсурсамі вельмі цікавы ўсім, — прывёў прыклад Дзмітрый Кабіцкі. 

Як адзначыў першы намеснік генеральнага сакратара СНД Ігар ПЕТРЫШЭНКА, па выніках мінулага года Беларусь увайшла ў топ-3 краіны СНД па ўстойлівым развіцці турызму (на першым месцы — Расія, на другім — Азербайджан). 

— Дадатковы імпульс развіццю галіны могуць надаць новыя ідэі і ініцыятывы. Сумесна з экспертамі краін Садружнасці ў Выканаўчым камітэце падрыхтаваны пакет дакументаў, накіраваных на ўзмацненне турыстычнай інтэграцыі. Гэта, перш за ўсё, праект заявы кіраўнікоў урадаў краін СНД аб перспектывах далейшага супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Прадугледжваецца таксама ўкараніць у практыку штогадовае аб’яўленне тэматычнага года ў турыстычнай сферы Садружнасці, што можа стаць адным з інструментаў прыцягнення ўвагі канкрэтным напрамкам турызму і турыстычным маршрутам. Нараўне з культурнай, спартыўнай, маладзёжнай сталіцамі на карце Садружнасці з’явіцца і турыстычная сталіца, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Адным з першых важных дакументаў, падпісаных на палях форуму, стаў Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж камітэтам эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Камітэтам па турызме горада Масквы. Подпісы пад дакументам паставілі старшыня камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Яўсееў і першы намеснік кіраўніка апарату мэра і ўрада Масквы, старшыня камітэта па турызме Масквы Яўген Казлоў. Як адзначыў Аляксандр Яўсееў, Масква традыцыйна застаецца ключавым партнёрам Мінска ў турыстычнай сферы, а цікавасць расійскіх турыстаў да беларускай сталіцы прадаўжае расці.

Алена КРАВЕЦ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю