Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылася прэм’ера спектакля «Падарожжа мсье Перышона»

Тэст для сапраўдных герояў

Калі едзеш у далёкае і небяспечнае падарожжа, то паклапаціся, каб побач былі надзейныя людзі, і, можа, нехта з іх нават стане табе як родны. Так атрымалася ў герояў спектакля «Падарожжа мсье Перышона», прэм’ера якога адбылася ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. 

Малады рэжысёр Аляксандр Бародка (вядомы ўжо як пастаноўшчык некалькіх адметных спектакляў у іншых беларускіх тэатрах) звярнуўся да класічнай п’есы французскага раманіста і камедыёграфа Эжэна Лабіша і паводле яе стварыў іранічную, пазітыўную гісторыю. На Вялікай сцэне тэатра яна ўвасобілася ў лёгкую музычную камедыю, якая тым не менш прымушае не толькі смяяцца, але і задумацца аб чалавечых слабасцях.

Вядома, людзі больш сталага веку прыгадаюць савецкі фільм з яркімі артыстамі-зоркамі. Вядомы прыём тэатраў: прыцягнуць гледача, выкарыстаўшы правераны матэрыял, папулярны ў кіно. Але ўжо вырасла не адно пакаленне маладых тэатралаў, якія не бачылі, як іграюць у фільме Алег Табакоў, Валянцін Гафт, Таццяна Васільева ды іншыя. Ды і кіно з’явілася менавіта таму, што была даволі арыгінальная і дасціпная п’еса, напісаная, дарэчы, яшчэ ў 1860 годзе. Вядома, героі — адтуль, з той эпохі, калі багатыя буржуа шукалі, як бавіць час і пачыналі больш актыўна вандраваць на чыгуначным транспарце, які ўжо быў распаўсюджаны ў Еўропе. П’еса адлюстроўвае папулярны тады від баўлення часу — турызм (што вельмі актуальны і цяпер). Яна вылучаецца жывым сюжэтам, іскрыстым гумарам і адзначана як «трыумфальны поспех», замацаваўшы за аўтарам рэпутацыю «караля вадэвіля». Але падарожжа — толькі фон для сатыры на недалёкасць і самаўпэўненасць буржуа, якія лічаць сябе цэнтрам сусвету. 

Мсье Перышон (артыст Сяргей Марговіч), які разбагацеў дзякуючы вырабу карэт, адпраўляецца ў сваё першае падарожжа на цягніку ў маляўнічыя Швейцарскія Альпы, але не адзін, а разам з жонкай і дачкой. І там вымушаны выбіраць — найперш паміж ганарлівасцю (калі сітуацыя дазваляе адчуць сябе героем) і сціпласцю (калі героем трэба прызнаць іншага чалавека). А гэта выбар абсалютна зразумелы людзям у наш час. Як і прага да падарожжаў — няхай Манблан ад нас далёка, але ж дзякуючы сям’і Перышон мы можам атрымаць столькі эмоцый! 

Публіка сталага веку зразумее таксама клопат бацькоў Перышон пра будучыню адзінай дачкі: якога жаніха ёй выбраць? А маладыя гледачы адчуюць ваганні Анрыеты (ролю выконвала Яна Шынкарова). Дзяўчына прывабная, мае прыхільнікаў, якія таксама выпраўляюцца ў падарожжа за ёй. Арман і Даніэль спаборнічаюць за руку Анрыеты, спрабуюць заваяваць прыхільнасць яе 

бацькі, але робяць гэта па-рознаму. Калі Арман (яго ўвасабляў Дзмітрый Стасюк) ратуе Перышона ад падзення ў ледніковую шчыліну, то Даніэль (Мікалай Варабей) дзейнічае больш хітра: ён інсцэніруе сітуацыю, у якой ужо Перышон ратуе яго. У першым выпадку тата нявесты адчувае сябе абавязаным — і з-за гэтага паступова перапаўняецца нянавісцю да свайго выратавальніка. Арман для яго — нахабны малады чалавек, які перавярнуў сітуацыю на сваю карысць, а дапамога насамрэч была не вельмі і патрэбная, а само непрыемнае здарэнне абсалютна не вартае ўвагі. 

А ў другім выпадку Перышон засяроджаны на ўласнай велічы і не заўважае рэальнасці. Ён адчувае сябе «героем», гэта нараджае асаблівую прыязнасць да Даніэля, які цяпер лічыцца найлепшым прэтэндэнтам на руку Анрыеты, чыё меркаванне наогул не цікавіць бацьку. 

Вось так дзіўна можа паводзіць сябе чалавек: мала таго, што ён не ўдзячны за дабро, дык асоба таго, каму абавязаны (у дадзеным выпадку жыццём), набывае негатыўную афарбоўку. Можа, таму, што ў гэты момант ён быў слабы, не ў лепшай форме і г. д. (а бачыць і ўспамінаць сябе такім не хочацца). 

А лісліўцы, хто імкнецца падкрэсліць заслугі, спрыяюць большай ганарлівасці і самалюбству — і таму ўспрымаюцца са знакам «плюс». Чалавечая натура — загадкавая, мала што ў ёй мяняецца з часам, на жаль. Ці не таму спектакль знайшоў жывы водгук у публікі: значыць, галоўны пасыл зразумелы сучаснаму чалавеку. 

Напэўна, мэты ўдалося дасягнуць не ў малой ступені дзякуючы таму, што дзве дзеі праходзяць дынамічна — няма тут залішняга маралізатарства (што, здавалася б, павінна быць закладзена паводле ідэі), а лёгкасць сцэнічнага быцця забяспечвае жанр музычнай камедыі, які абралі пастаноўшчыкі. Музыку стварыў Аляксандр Гембіцкі, аўтарам тэксту стала Настасся Мірончыкава, якая працуе ў тэатры памочнікам рэжысёра. Дзею ажыўляюць харэаграфічныя нумары (над імі працавалі Ганна Лепо і Кірыл Балтрукоў). Танцы і песні прыўносяць у класічны вадэвіль сучасны драйв. 

На гэта скіравана і афармленне сцэны, якая не абцяжарана дэкарацыямі, яны хутчэй умоўныя і рухомыя, але калі трэба, дадаюць акцэнтаў па меры развіцця сюжэта (мастак-пастаноўшчык Таццяна Мацэвіч). Ды і касцюмы герояў (мастак Кацярына Герасіменка) маюць вельмі лёгкі намёк на іншую эпоху, і гэта хутчэй дзеля таго, каб падкрэсліць дух французскага вадэвіля, асабліва строі жанчын. А вось мужчыны, апроч самога Перышона, выглядаюць як дзелавыя людзі, толькі адзін — у белым, другі — у цёмным. А шчырасць іх памкненняў, як высвятляецца, усё-такі хвалюе бацьку Анрыеты. 

Так ненавязліва рэжысёр і акцёры паказваюць, што праз уласны гонар людзі могуць трапіць у залежнасць ад чужога меркавання. А ў наш час, калі сацыяльныя сеткі дапамагаюць здавацца лепшымі, чым ёсць, гісторыя Перышона — гэта люстэрка, у якое карысна паглядзець. Пастаноўка дае магчымасць задумацца пра чалавечыя заганы: чаму яны могуць нам перашкаджаць у жыцці? Гэта класічны вадэвіль, які ў нас не развучыліся ўспрымаць: сюжэтныя хады ў залежнасці ад таго, куды скіроўваецца ўвага Перышона, трымаюць інтрыгу. Праўда, згодна з жанрам мы разумеем: усё будзе як мае быць. Таму «Падарожжа мсье Перышона» — лёгкі спектакль для адпачынку пасля напружанай працы. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота даслана аўтарам

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю