Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі ВАВ прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі

«Напамін аб нашай рашучасці»

У канферэнцыі ўзялі ўдзел дэпутаты, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, вучоныя-гісторыкі, кіраўнікі гістарычных музеяў, міжнародныя грамадскія дзеячы з Беларусі, Расіі, а таксама краін далёкага і блізкага замежжа.

Міністр замежных спраў Беларусі Максім РЫЖАНКОЎ адзначыў: «Канферэнцыя — важная інфармацыйная нагода для працягу работы па захаванні памяці аб самай маштабнай і разбуральнай вайне ў гісторыі чалавецтва. Гэта напамін аб нашай рашучасці не дапусціць паўтарэння падобных жахаў у будучыні. 80 гадоў таму краіны-ўдзельніцы стварылі Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. З асаблівым гонарам адзначу, што сярод гэтых дзяржаў была і Беларусь.

Нягледзячы на адсутнасць суверэнітэту на той момант, за свой значны ўнёсак у Вялікую Перамогу Беларусь стала адной з дзяржаў — заснавальніц ААН і паставіла свой подпіс пад статутам арганізацыі. Мы тады здолелі разам выбудаваць архітэктуру міжнароднага права, дасягнуць агульнага разумення і адзінага тлумачэння асноўных глабальных выклікаў і пагроз. Усё гэта трымалася на кансэнсусе меркаванняў аб Другой сусветнай вайне — яе прычынах, наступствах і ролі кожнага ўдзельніка».

Міністр таксама заўважыў, што сёння з’явіліся некаторыя дзяржавы, якія не згодныя з вынікамі Другой сусветнай вайны: «Перш за ўсё гэта тыя, хто тады быў на баку гітлераўскай Германіі, уключаючы сам Берлін. Сёння яны спрабуюць перапісаць гісторыю, пераасэнсаваць міжнародныя працэсы, якія адбываліся напярэдадні вайны. Іх мэта відавочная — апраўдаць агрэсію, „абяліць“ здраднікаў і памагатых, сцерці з памяці злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Нашчадкі катаў становяцца „героямі“, ім узводзяць помнікі, а вызваліцеляў забываюць. І гэта адбываецца не дзесьці далёка, а на тэрыторыях, якія прымыкаюць да Беларусі. Свет страціў тое агульнае адзінства, якое калісьці дазволіла разбурыць Берлінскую сцяну і адкрыла шлях да канструктыўнага супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам».

Некалькі дзесяцігоддзяў гэта супрацоўніцтва, па словах кіраўніка МЗС, абараняла нас ад новых кровапралітных канфліктаў. Але сёння адраджэнне неафашызму стала трэндам, асабліва ў Еўропе.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца міралюбнай дзяржавай: «Мы нікому не пагражалі. Уся наша палітыка, якая праводзіцца Прэзідэнтам Аляксандрам Рыгоравічам 

Лукашэнкам, грунтуецца на міры і стабільнасці. Наша мэта, па-першае, — дзейнічаць у інтарэсах сваёй дзяржавы і будаваць устойлівую будучыню. Па-другое, захоўваць гістарычную праўду. Гэта наш святы абавязак перад нашчадкамі. Ісціну нельга знішчыць ні агароджамі, ні санкцыямі, ні гандлёвымі войнамі. Па-трэцяе, утрымаць мір што б там ні было. Праз 80 гадоў пасля той вайны мы зноў стаім на краі абрыву. І, па-чацвёртае, нарошчваць калектыўныя намаганні на міжнароднай арэне па барацьбе з неанацызмам і па пакаранні нацысцкіх злачынцаў».

Падчас канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя праблемы і падыходы ў вывучэнні гісторыі Другой сусветнай вайны, а таксама шэраг іншых пытанняў. У ходзе мерапрыемства таксама ўзнімаліся такія важныя праблемы сучаснасці, як недапушчэнне спроб фальсіфікацыі гісторыі і захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне.

З дакладам на тэму «Уклад таджыкістанцаў у вызваленне Беларусі ад фашызму» выступіў дырэктар Нацыянальнага музея Таджыкістана Зафаршо ІБРАХІМЗАДА. У размове з журналістамі ён адзначыў, што тэма Вялікай Айчыннай вайны для таджыкістанцаў вельмі важная: 

«У гады Вялікай Айчыннай вайны насельніцтва нашай рэспублікі складала 1 мільён 250 тысяч чалавек, з якіх 300 тысяч чалавек удзельнічалі ў барацьбе з фашызмам. Вялікая Перамога над гітлераўцамі заўсёды была, ёсць і будзе для нашага народа свяшчэнным святам», — сказаў ён.

На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Іліны ВУКАЙЛАВІЧ, памятаць пра перамогу над гітлераўскім тэрорам варта не толькі ў дні гадавін, але і на працягу ўсяго жыцця: «Мы павінны пастаянна шанаваць памяць тых людзей, якія загінулі абараняючы сваю Радзіму. 

У Беларусі, як і ў Сербіі, 9 Мая прынята адзначаць урачыста. Сербы ўдзяляюць гэтаму вялікую ўвагу — у школьных праграмах, культуры. Мы публікуем шмат матэрыялаў на гэту тэму».

Пасол таксама адзначыла, што ў Беларусі вельмі многае робіцца для захавання гістарычнай памяці: «Мы лічым гэта вельмі важнай традыцыяй як для выхавання падрастаючага пакалення, так і для нас, людзей, якія часова пражываюць і працуюць у Беларусі. Сербія падзяляе з беларусамі гэту частку гісторыі, гэту барацьбу, гэтыя традыцыі. Нават калі казаць не толькі пра геаграфічныя граніцы, а ў больш шырокім, цывілізацыйным сэнсе — у нас шмат агульнага».

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю