Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны школьнікі з усёй краіны далучыліся да міжнароднай гістарычнай «Дыктоўкі Перамогі»

Беражом памяць пра вялікую перамогу.


25 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны больш за 135 навучэнцаў 8–11 класаў з усіх куткоў краіны ўзялі ўдзел у міжнароднай гістарычнай «Дыктоўцы Перамогі». Акцыя праводзілася сёмы год запар, аднак такая колькасць удзельнікаў упершыню — прадстаўнікі 84 краін свету сталі часткай гэтага маштабнага мерапрыемства. Яно праводзілася ў мэтах прыцягнення моладзі да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычнага выхавання, фарміравання ў падрастаючага пакалення маральных каштоўнасцяў, заснаваных на нескажонай гістарычнай праўдзе аб рэальных падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Да пачатку дыктоўкі беларускія школьнікі аддалі даніну памяці дзядам і прадзедам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, — усклалі кветкі каля стэлы «Мінск — горад-герой».

Затым у музеі хлопцы і дзяўчаты далучыліся да трансляцыі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай гістарычнай дыктоўкі, падчас якой да ўдзельнікаў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня РГА «Белая Русь», старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў: «Гістарычная памяць — гэта не толькі маральная, але і прававая норма ў нашай краіне. Яна ўнесена ў Канстытуцыю. Мы абавязаны захоўваць гістарычную праўду аб гераічным подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І сённяшняе мерапрыемства нацэлена на вырашэнне гэтай задачы — даць аб’ектыўныя праўдзівыя веды аб Вялікай Перамозе, аб тым шляху, які прайшоў савецкі народ, каб яе заваяваць. Я вельмі спадзяюся, што маладыя людзі, паўдзельнічаўшы ў гістарычнай.

«Дыктоўцы Перамогі», захочуць крыху глыбей даведацца пра сваіх герояў, пра дзядоў і прадзедаў, якія набліжалі Перамогу.

Начальнік аддзела па рабоце са школьнай моладдзю ЦК БРСМ Аляксандра Казлоўская расказала, што на выкананне дыктанта, які праходзіў у фармаце тэставых заданняў, школьнікам адвялі 45 хвілін. «Сярод удзельнікаў — алімпіяднікі, тыя, хто вызначыўся поспехамі ў вучобе, творчыя маладыя людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах і праектах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, і пераможцы гэтых конкурсаў», — паведаміла яна.

На падставе колькасці правільна выкананых заданняў і зрасходаванага часу будзе сфарміраваны выніковы рэйтынг, па якім вызначацца пераможцы праекта. Арганізатарамі акцыі ў нашай краіне выступілі Міністэрства адукацыі і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Сёлета яна праводзілася больш чым на 130 пляцоўках. Імі сталі ўстановы адукацыі, бібліятэкі, установы культуры, музеі.

Агнія Сукач, навучэнка 10 класа гродзенскай сярэдняй школы № 13 імя У. Ц. Цабо, таксама ўчора выконвала тэставыя заданні. Дзяўчына расказала, што была вельмі шчаслівая, калі ёй прапанавалі ўзяць удзел у такім мерапрыемстве: «Ганаруся, што менавіта я прадстаўляла нашу школу ў Мінску. Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне важная для мяне яшчэ і таму, што мой прадзед Валянцін Іванавіч Шлепаў быў камандзірам танкавага палка, дайшоў да Берліна. 9 Мая для нашай сям’і — асаблівы дзень. Сёлета мы будзем удзельнічаць у ганаровым маршы, прысвечаным дню 80-годдзя Вялікай Перамогі».

Мікіта Багдановіч — навучэнец Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Па словах хлопца, пра страшны ваенны час бабуля з мамай расказвалі яму яшчэ з дзяцінства. «Акрамя таго, я глядзеў фільмы пра Вялікую Айчынную вайну. Удзел у памятных мерапрыемствах, асабліва ў год 80-годдзя перамогі над фашыстамі, успрымаю з асаблівым гонарам. Напэўна, наша памяць пра той жахлівы час — невялікая падзяка тым адважным героям, якія змагаліся за Радзіму і ў тыле, і на фронце», — падзяліўся меркаваннем малады чалавек.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю