Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным універсітэце адкрылася вучэбна-навуковая лабараторыя «Даследаванні бяспекі камп’ютарных сетак UserGate»

Кібербяспека на практыцы 


Новая пляцоўка створана сумесна з расійскім распрацоўшчыкам рашэнняў у сферы інфармацыйнай бяспекі UserGate і дазволіць студэнтам развіць свае кампетэнцыі і атрымаць каштоўны вопыт. Адкрыццё прымеркавалі да 50-годдзя факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.

Урачыстую цырымонію наведалі рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ, дырэктар-сузаснавальнік UserGate Дзмітрый КУРАШОЎ, прадстаўнікі айчынных профільных міністэрстваў і ведамстваў, арганізацый — заказчыкаў кадраў і іншыя.

Сучасныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе

Паводле рэктара БДУ, новая лабараторыя дасць магчымасць студэнтам і выкладчыкам працаваць з актуальнымі тэхналогіямі кібербяспекі, прычым не толькі на ўзроўні праграмнага забеспячэння. «Нашы студэнты, нашы выкладчыкі, якія ўжо маюць дастаткова вялікі назапашаны вопыт і добрыя навуковыя напрацоўкі, атрымліваюць магчымасць знаёміцца з самымі перадавымі тэхналогіямі ў галіне кібербяспекі, працаваць не толькі з праграмным забеспячэннем, але і з апаратнай часткай», — адзначыў Андрэй Кароль.


Рэктар звярнуў увагу на запатрабаванасць спецыялістаў па кібербяспецы. БДУ рыхтуе кадры ў гэтай сферы з 2003 года. За больш чым 20 гадоў універсітэт падрыхтаваў каля 1,5 тыс. спецыялістаў, якія сёння працуюць у цэнтрах кібербяспекі пры дзяржаўных органах і арганізацыях, а таксама ў адпаведных падраздзяленнях прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.

Цікавасць абітурыентаў да спецыяльнасці, паводле слоў рэктара, застаецца высокай. Бюджэтныя месцы закрываюцца ўжо ў першыя гадзіны набору, а набор на платную форму ідзе больш працяглы час, пры гэтым праблем з ім не ўзнікае.

БДУ таксама мае значны досвед міжнароднага і міжгаліновага супрацоўніцтва: універсітэт заключыў 650 пагадненняў з арганізацыямі, універсітэтамі і кампаніямі з 59 краін.

Пляцоўка для практычнай падрыхтоўкі

Дырэктар сузаснавальнік UserGate Дзмітрый Курашоў назваў адкрыццё лабараторыі ў БДУ працягам адукацыйнага кірунку кампаніі ў Беларусі. «Для нас Мінск, Беларусь увогуле — адзін з нашых інтэлектуальных цэнтраў. Мы бачым з нашага вопыту работы ў Рэспубліцы Беларусь, што тут ёсць выдатныя спецыялісты. Мы ўпэўнены, што шмат чаго зробім разам з імі, а таксама знойдзем іншых», — сказаў Дзмітрый Курашоў.


Паводле яго слоў, сёння ў UserGate ёсць чатыры асноўныя інтэлектуальныя цэнтры, сярод якіх Мінск, Масква, Санкт-Пецярбург і Новасібірск. Адкрыццё лабараторыі ў БДУ разглядаецца як пачатак больш шырокага супрацоўніцтва. «Мы, безумоўна, будзем распрацоўваць шмат курсаў, пашыраць і паглыбляць нашы навучальныя праграмы. Будзем разлічваць на кампетэнцыі беларускіх студэнтаў і чакаць іх у нашай кампаніі. Таму гэта толькі пачатак», — адзначыў дырэктар-сузаснавальнік UserGate.

Кампанія абсталявала лабараторыю неабходнай камп’ютарнай тэхнікай, перадала БДУ вучэбна-метадычны комплекс і ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне. У памяшканні створана 12 рабочых месцаў з магутнымі камп’ютарамі, а таксама прадугледжана прастора для працы з уласнымі мабільнымі прыладамі.


Студэнты і магістранты спецыяльнасці «Кібербяспека» ФРФіКТ БДУ змогуць выкарыстоўваць лабараторыю падчас лабараторных практыкумаў, даследчай работы, выканання курсавых і дыпломных праектаў. Асноўная ўвага будзе надавацца практычным навыкам работы з сучаснымі сродкамі інфармацыйнай абароны і рэальнымі NGFW-рашэннямі, разуменню архітэктуры актуальных пагроз і наладжванню абароны сетак.

Падобныя адукацыйныя лабараторыі UserGate ужо працуюць у шэрагу расійскіх універсітэтаў. Працу новай лабараторыі ў БДУ будзе забяспечваць кафедра тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій ФРФіКТ БДУ.

Вопыт студэнтаў — ад тэорыі да практыкі

Для саміх студэнтаў магчымасць працаваць з сучасным абсталяваннем і тэхналогіямі становіцца дадатковым спосабам пашырыць прафесійныя кампетэнцыі. Чацвёртакурснік ФРФіКТ БДУ па спецыяльнасці «Кібербяспека» Дзяніс Трушко ўжо паспеў пазнаёміцца з магчымасцямі новай пляцоўкі. «Было вельмі цікава паўдзельнічаць у майстар-класе. У такіх мерапрыемствах я ўдзельнічаў упершыню. Папрацаваў з новымі функцыямі, даведаўся шмат новага і адкрыў для сябе новы кірунак, у якім хацеў бы развівацца», — расказаў студэнт.


Ён адзначыў, што пытанні кібербяспекі становяцца асабліва актуальнымі ва ўмовах усё большай лічбавізацыі. «Такія калабарацыі з буйнымі арганізацыямі вельмі станоўча ўплываюць на вопыт студэнтаў і выкладчыкаў. Мы абменьваемся ведамі, вопытам, да нас прыязджаюць спецыялісты і расказваюць пра свае напрацоўкі», — падкрэсліў Дзяніс Трушко.


Такім чынам, новая лабараторыя павінна стаць практычнай пляцоўкай, дзе веды, атрыманыя падчас навучання, можна будзе спалучаць з работай з рэальнымі тэхналогіямі інфармацыйнай бяспекі. Для БДУ гэта працяг шматгадовай падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы кібербяспекі, а для UserGate — магчымасць развіваць адукацыйнае супрацоўніцтва ў Беларусі.


Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю