Top.Mail.Ru

У Беларускім дзяржаўным універсітэце стартаваў Міжнародны маладзёжны форум «Святло Вялікай Перамогі»

05.05.2025 | 18:05

Сёння ў Мінску мітынгам-рэквіем і ўскладаннем кветак да мемарыяла «Памяць у імя жывых» у Беларускім дзяржаўным універсітэце стартаваў Міжнародны маладзёжны форум «Святло Вялікай Перамогі».



На ўрачыстай лінейцы — прыбраныя, сур’ёзныя, з кветкамі ў руках, — сабраліся студэнты і прадстаўнікі БДУ, БДУІР, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Іванаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Уральскага дзяржаўнага юрыдычнага універсітэта імя В. Ф. Якаўлева.

1024-683 (2).jpg

Адкрываючы мітынг, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Каранік сказаў:

— Напярэдадні такога значнага для нашага народа свята — 80-годдзя Вялікай Перамогі — мы ўспамінаем гады ваеннага ліхалецця і разумеем, што гэта сапраўды радасць са слязамі на вачах. Так, наш народ выстаяў, перамог, але страціў кожнага трэцяга, мы да гэтага часу адкрываем страшныя факты генацыду. І важна захаваць памяць пра гісторыю як даніну павагі пакаленню пераможцаў, якое зламала хрыбет фашызму. Гэта важна яшчэ і таму, што той, хто не памятае ўрокаў мінулага, асуджаны на іх паўтарэнне. Мы павінны зрабіць усё, каб наш народ, колькі б часу не прайшло, ніколі больш не перажываў жахаў вайны, каб ніколі больш вайна не ступала на нашу зямлю.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што адной з галоўных задач работы з моладдзю з’яўляецца забеспячэнне сувязі пакаленняў, каб маладыя грамадзяне Беларусі захавалі памяць аб подзвігу беларускага народа і перадалі гэта наступным пакаленням. «Памяць аб тых гадах павінна жыць у вяках», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

1024-683.jpg

Рэктар БДУ Андрэй Кароль сказаў, што напярэдадні Дня Перамогі кожная асветніцкая і духоўна-маральная ініцыятыва напоўнена многімі сімваламі і значэннямі.

— Вельмі важна, каб удзельнікі цяперашняга форуму змаглі вылучыць свае сэнсы, знайсці адказы на свае пытанні і напоўніліся пачуццём адзінства. У далейшым гэта дазволіць захаваць праўду аб ваенным мінулым і перадаць наступным пакаленням рэальную гісторыю з яе ключавымі героямі і іх подзвігамі, — дэталізаваў рэктар БДУ.

Па словах Андрэя Дзмітрыевіча, ён асабіста вылучыў некалькі галоўных сімвалаў Вялікай Перамогі. Сярод іх — захаванне магчымасці зносін з жывымі сведкамі вайны — ветэранамі.

— У БДУ, на жаль, засталося толькі пяць такіх герояў, — працягнуў кіраўнік ВНУ. — Адзін з іх і дагэтуль актыўна ўдзельнічае ва ўсіх традыцыйных памятных падзеях. Гэта Фёдар Сяргеевіч Фешчанка. Дарэчы, сёлета ён адзначыць свой 100-гадовы юбілей. У асобе гэтых людзей захаваны сімвал мужнасці, нязломнасці характару ўсяго савецкага народа. 

Сімвалічна, па словах рэктара, і месца адкрыцця форуму — Стэла Памяці — помнік студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам БДУ, якія аддалі сваё жыццё за Перамогу. Менавіта з гэтага месца ў першыя дні вайны на фронт сышла практычна трэць універсітэцкага калектыву.

— Знакавым з’яўляецца і мемарыял, які ўжо на працягу 50 гадоў выступае сімвалам памяці пра герояў ваеннага ліхалецця, — падкрэсліў Андрэй Кароль. 

1024-683 (4).jpg

На думку кіраўніка БДУ, у цяперашні час захаванне і прымнажэнне гэтых сімвалаў гаворыць аб патрэбнасці кожнага новага пакалення ў асэнсаванні ваеннага мінулага, гісторыі і трагедыі ВАВ: «У сучасным свеце постпраўды і імклівых інфармацыйных тэхналогій асноўным полем „барацьбы“ становіцца гісторыя і яе галоўныя падзеі, — падкрэсліў рэктар. — Сіла любога народа складзеная ў яго каранях, мінулых гераічных і трагічных момантах, дасягненнях і перамогах. Веды аб рэальным жыцці сваіх продкаў даюць моцны падмурак мудрасці наступным пакаленням, паказваюць верны шлях развіцця ўсёй дзяржавы».

Пасля мітынгу пачаліся мерапрыемствы форуму, а адным з галоўных стаў «адкрыты мікрафон», дзе студэнты размаўлялі з Уладзімірам Каранікам аб гістарычнай памяці і праўдзе пра падзеі ВАВ, іх захаванні і перадачы маладому пакаленню. У праграме першага дня форуму адбыліся лекцыйныя дыскурсы, гутаркі і калектыўныя абмеркаванні па пытаннях інтэрпрэтацыі ваенных дзеянняў у сусветным парадку дня, творчасці савецкіх аўтараў, партызанскага руху і падпольнай дзейнасці. Акрамя таго, прайшла панэльная дыскусія «Змена эпох: візуалізацыя гістарычнай памяці ў XXI стагоддзі».

Маладзёжны форум прадоўжыцца два дні. Яго ўрачыстае закрыццё адбудзецца 6 мая ў спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ «Брыганціна»

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БДУ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю