Top.Mail.Ru
284

У Белавежскай пушчы аднаўляюць водныя рэсурсы — у старое рэчышча ўдалося вярнуць раку Нарэўка

Рэалізацыя аднаго з праектаў аднаўлення гідралагічнага рэжыму на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» дапаможа вярнуць раку Нарэўка ў старое рэчышча, паведамілі ў гэтай прыродаахоўнай установе.



У навуковым аддзеле нацпарка нагадалі, што некалькі стагоддзяў таму рэчышчы рэк Лясной, Нарэўкі і Нарава былі расчышчаны, выпрастаны ў каналы і паглыблены з мэтай сплаву драўніны. Акрамя таго, прылеглыя поймы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сенажацяў, былі меліяраваны адкрытай сеткай каналаў, што скідала ваду з поймы і найбліжэйшых лясоў у выраўнаванае рэчышча. Наступствам гэтых антрапагенных пераўтварэнняў стала рэзкае паніжэнне грунтавых вод і ўсыханне рэліктавага лесу.

— Ідэя аднаўлення рэчышча ракі Нарэўка ўзнікла больш за 10 гадоў таму, — расказалі спецыялісты. — Аднак тады, паводле папярэдніх ацэнак, мерапрыемства ацэньвалася занадта дорага. У той перыяд ад гэтай ідэі адмовіліся, але не забыліся. У План кіравання Нацыянальным паркам на 2021-2030 гады было ўключана мерапрыемства па аднаўленні парушаных рэк Белавежскай пушчы. І ў першую чаргу выбар упаў на Нарэўку.

1.jpg
Навукоўцамі з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі сумесна з супрацоўнікамі навуковага аддзела нацпарка было праведзена даследаванне стану Нарэўкі і прылеглых тэрыторый. Высветлілася, у прыватнасці, што ў выніку выпрамлення рэчышча і асушэння поймы ўзровень грунтавых вод у прылеглых лесабалотных экасістэмах у 1970-х гадах панізіўся да 1,2 м. У перыяд пацяплення клімату сітуацыя працягвае пагаршацца. Пасля выпрамлення рэчышча і асушэння поймы трансфармацыі падвергліся каля 30 працэнтаў лясных экасістэм гэтых тэрыторый і больш за 80 працэнтаў лугавых супольнасцяў.
— Спецыялістамі было падрыхтавана навуковае абгрунтаванне рэнатуралізацыі ракі Нарэўка, — праінфармавалі ў навуковым аддзеле. — Праектантам былі дадзены рэкамендацыі па неабходнасці будаўніцтва перамычак на меліярацыйных каналах і вяртанні рэчышчу ранейшых выгібаў. Іх размяшчэнне было адноўлена з дапамогай старых карт і аэрафотаздымкаў. За рэалізацыю праекта ўзялося мясцовае УП «Пружанскае ПМС», якое раней ужо працавала па праектах аднаўлення гідралагічнага рэжыму ў Белавежскай пушчы. Да работ прыступілі ў чэрвені і завяршылі 15 жніўня.
У нацпарку канстатавалі: у выніку правядзення мерапрыемстваў па экалагічнай рэабілітацыі праектнай тэрыторыі «Нарэўка» за кошт перакрыцця асушальных каналаў і аднаўлення меандравання ракі будзе запаволены паверхневы сцёк, паменшаны зімовы сцёк, павышана абвадненне тэрыторыі і павялічана колькасць даступнай для раслін вільгаці. Гэта дазволіць аднавіць напрамкі натуральнай дынамікі прылеглых пойменных экасістэм і прадухіліць іх далейшую дэградацыю.

Фота: сайт ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю