ААТ «Малабераставіцкая элітгас» нярэдка прымае ў сябе журналістаў, бо тут спецыялізуюцца на вырошчванні элітнага насення бульбы, збожжавых і рапсу, якое потым «разлятаецца» па ўсёй краіне. Аб тым, як кланіраваць бульбу і вырасціць культуру з прабіркі, расказаў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Хабец — чалавек, які любіць сваю прафесію ўсім сэрцам, а таксама родную зямлю, на якой працуе ўжо больш за 20 гадоў.
Тандэм вопыту і тэхналогій
Сяргея Хабца застала ў самы разгар работы. Аднак спецыяліст пагадзіўся паразмаўляць і паказаць, што дзе расце. Праязджаючы ўздоўж палёў, я ўспамінала сваё дзяцінства, бо вырасла ў Малой Бераставіцы. На працягу 11 гадоў бачыла з акна школы, як аграрыі працуюць на палях, колькі сіл і часу ідзе на тое, каб вырасціць і сабраць ураджай. Дарэчы, жыла насупраць лабараторыі, у якой атрымліваюць доследныя ўзоры з прабіркі і кланіруюць бульбу.
— Цяпер у самой лабараторыі цішыня, усе ўзоры ўжо на палях пад назіраннем. Актыўная работа пачынаецца са студзеня. Выкарыстанне сучасных метадаў дае магчымасць дасягаць ураджайнасці бульбы звыш 350 цэнтнераў з гектара. Акрамя таго, штогод рэалізуецца каля 120 тон насенных клубняў эліты. Работа ювелірная. У Акадэміі навук Беларусі закупляем мікраўзоры ў прабірках, каля 400 штук. Затым яны змяшчаюцца ў прабіркі са спецыяльным рэчывам. Па вонкавым выглядзе яно падобна на жэле і складаецца з мноства пажыўных элементаў. Затым падрослыя расткі падзяляюць на часткі і зноў змяшчаюць у пажыўны субстрат. Такім чынам можна каласальна размножыць расліны — да 75 000, — аграрый імкнецца максімальна проста растлумачыць мудрагелісты працэс
Узоры праходзяць складаны пяцігадовы шлях, перш чым трапяць у рэалізацыю. Па назвах можна падумаць, што гаворка ідзе пра нейкае супергеройскае кіно. У першы год пасля пасадкі доследных узораў аграномы атрымліваюць клубневае пакаленне. На другі — яго высаджваюць і з’яўляецца гадавальнік развядзення. Далей атрымліваецца супер-суперэліта, на чацвёрты год вырастае суперэліта, і толькі на пяты — гаспадарка атрымлівае эліту, якую можна рэалізаваць.
— І за гэтыя пяць гадоў столькі ўсяго можа адбыцца! — гаворыць Сяргей Хабец. — Бульба схільная да хвароб і вірусаў, здараюцца мутацыі. За ўсім гэтым трэба сачыць і своечасова ліквідаваць хворыя ўзоры. Догляд далікатны, усё робіцца ўручную, не выкарыстоўваецца хімічная праполка. Аграномы сочаць за тым, які ўраджай дае бульба, як пераносіць розныя ўмовы надвор’я, як захоўваецца пасля ўборкі.
Мармуровая пшаніца
У гаспадарцы больш за пяць тысяч гектараў ворных зямель. Вырошчваюць не толькі бульбу, але і рапс, пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, гарох, грэчку. Дарэчы, у распараджэнні ў ААТ 35 гібрыдаў азімага рапсу, 11 сартоў пшаніцы, каля
60 гібрыдаў кукурузы і больш як 10 сартоў бульбы. А таксама з гэтага года на палях з’явіўся лубін.
Спыняемся каля гадавальніка са збожжавымі. Тут расце суперэліта — як беларускія сарты, так і замежныя. Сяргей Хабец адзначае, што бульбай займаюцца толькі беларускай, а вось іншыя культуры набываюць у розных месцах. Падыходзім да пшаніцы, аграном звяртае ўвагу на напоўненасць коласа і яго памер, а таксама паказвае на колер. Падобна на зялёны мармур.
— Гэта мармуровая пшаніца, выведзена ў Беларусі. Вось насупраць поле, там культывуюцца ўзоры з Германіі. Я ў цэлым імкнуся выпрабаваць навінкі розных культур і часта станаўлюся першым выпрабавальнікам. Сарты са ўсёй Беларусі ёсць тут. Навошта так шмат усяго? А толькі доследным шляхам можна зразумець, як павядзе сябе расліна ў палявых умовах. Не паспрабуеш — не даведаешся. Таму па ўласнай ініцыятыве закладваю дэманстрацыйныя палі. На невялікіх участках расце шмат розных сартоў, я за імі назіраю, аналізую і толькі потым вырашаю, браць ці не браць у абарачэнне.
Стаўка на арганіку
Галоўны аграном перакананы, што без інавацыйных тэхналогій у гаспадарцы ніяк не абысціся. Таму ён у курсе ўсіх апошніх распрацовак, у тым ліку і ў сферы хімічных прэпаратаў. Яны дапамагаюць павысіць ураджайнасць і выжывальнасць раслін. Асабліва гэта неабходна цяпер, калі вясенне-летні сезон надзвычай непрадказальны. З вялікім засмучэннем спецыяліст расказвае аб стратах ураджайнасці. Лічбы некрытычныя, але тым не менш заўсёды хочацца толькі выдатнага выніку.
— Звычайна ў гаспадарках да 60 прэпаратаў ведаюць, тэстуюць, выкарыстоўваюць. У мяне іх 200. Я ўсё спрабую і вывучаю, каб дакладна разумець, будзе толк ці не. Да таго ж гэта ратуе ад бескарыснага набыцця. Часам прадаўцы прэпаратаў могуць нешта падфарбаваць, паабяцаць горы залатыя, але мяне складана падмануць, бо сам выдатна разбіраюся ў пытанні. Абсалютна такой жа пазіцыі прытрымліваюцца і ўсе, з кім я працую. У нас класны калектыў
Але, нягледзячы на такі шырокі асартымент прэпаратаў, ААТ «Малабераставіцкая элітгас» выбірае біялагічнае альтэрнатыўнае раслінаводства як аснову сваёй стратэгіі развіцця. Гэта азначае больш актыўнае выкарыстоўванне арганічных угнаенняў і метадаў, якія паляпшаюць урадлівасць глебы. Замест хімічных сродкаў аховы раслін тут прымяняюць біялагічныя падыходы. Напрыклад, вырошчваюць культуры, якія спрыяюць аднаўленню глебы. Так, пасля гароху і лубіну, дзякуючы азоту, які вылучаецца імі, глеба становіцца максімальна спрыяльнай для збожжавых.
Высокая якасць работы патрэбна не толькі для таго, каб вырасціць насенне для гаспадарак, але і каб забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю. У элітгасе ўтрымліваецца прыкладна пяць тысяч галоў жывёлы, больш за 1200 з іх — дойныя каровы. Ёсць птушкафабрыка, для якой таксама неабходна забяспечыць якасную кармавую базу. Для гэтага трэба каля 15 тысяч тон зерня, у тым ліку кукурузы.
Спытала, якія пажаданні маюць аграрыі. На сёння галоўнае і пажаданне, і спадзяванне, што надвор’е палепшыцца і стрэсу ў рабоце стане крыху менш.