Top.Mail.Ru

У «Бібліяночы-2026» удзельнічаюць каля 150 бібліятэк па ўсёй краіне

Ад буйных сталічных і абласных да невялікіх сельскіх філіялаў!.. Сёння яны расчыняць свае дзверы ў вечаровы час — і пачнецца містыка, калі звычайныя культурныя ўстановы, дзе захоўваюцца кнігі, ператворацца ў прастору незвычайных магчымасцяў. 



Таму ў бібліятэкі варта прыходзіць з сябрамі і сем’ямі з дзеткамі, каб паўдзельнічаць у літаратурных імпрэзах, творчых конкурсах, нечаму павучыцца падчас майстар-класаў, а то і ўбачыць сапраўднага пісьменніка ды даведацца пра нейкае рэдкае выданне. Немагчымае становіцца рэальным — і ўсё гэта дзякуючы кнігам! Рэспубліканскую культурна-асветніцкую акцыю «Бібліяноч-2026» прымеркавалі да Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права, але асноўная мэта яе правядзення — зацікавіць чытаннем, паказаць, які дзівосны свет заключаны ў кнігах, а той, хто іх чытае, сам можа стаць стваральнікам жыцця будучыні і носьбітам новых ідэй дзякуючы ведам. 

«Алмаз ведаў» — такая назва замацавалася за Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, якая ўжо 20 гадоў як месціцца ў новым адметным будынку, што вонкава нагадвае фантастычны аб’ект. Але рэальнае чараўніцтва знаходзіцца ў яго багатых сховішчах. Нездарма Нацыянальная бібліятэка Беларусі стала куратарам акцыі «Бібліяноч» па ўсё краіне. І сваю адметную дату адзначыла не толькі выстаўкай «Грані алмаза», прысвечанай гісторыі бібліятэкі, тут прапанавалі філасофскую тэму ўсёй акцыі: «Бібліятэка — прастора сэнсаў». Таму што тут можна зразумець сэнс жыцця некалькіх пакаленняў нашых продкаў, якія назапашвалі кнігі, што ператварыліся для нас у сапраўдныя скарбы — зноў містыка?!

Так, калі ў бібліятэцы ладзяцца «касмічныя» квэсты і вандроўкі, калі прапануюць паназіраць у тэлескоп за зорным небам, знаўцы кітайскай культуры гатовыя распавесці пра фэн-шуй ды гарманізацыю прасторы, астролагі рыхтуюцца даць кансультацыі, а недзе непадалёк цыркавыя артысты збіраюцца ўразіць сваімі трукамі... Містыка памяці ўключаецца праз балючае: акцыя, што адбылася напярэдадні 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пакіне ў бібліятэцы выстаўку, да якой можна далучыцца і пазней. А яшчэ будзе містыка зачараванасці: паказ модных калекцый на пляцоўцы «Жаночая прастора». Прыгожая тэма гэтага года натхняе на сустрэчы, прысвечаныя ролі жанчын у літаратуры і культуры, у медыясферы (напрыклад, многіх зацікавіць кніга тэлевядучай Кацярыны Тышкевіч «50 адценняў голасу»). А на «Літаратурнай кухні» прапануюць даведацца: дык пра што ж мараць сучасныя жанчыны? Інтэрактыўныя праграмы Беларускага саюза жанчын і іншых грамадскіх арганізацый нагадаюць: мы клапоцімся пра тое, каб папоўніць скарбонку ведаў пра наш час... 

Свой унёсак у гэта робіць і Выдавецкі дом «Звязда», які прадставіць новыя выданні ў шэрагу сталічных бібліятэк з удзелам аўтараў. Яркая і прыгожая як фея Кацярына Хадасевіч-Лісавая заўсёды прыцягвае сваімі аўтограф-сесіямі. Яна, а таксама Святлана Бахнова сустракаюцца сёння з наведвальнікамі «Бібліяночы» Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага ў Мінску. У сталічнай бібліятэцы-філіяле № 11 прадстаўляюць свае кнігі Аляксей Баранаў і Дзмітрый Нікалаеў. 

«Бібліяноч» — гэта выдатная магчымасць паглядзець на бібліятэку як на сучасны культурны цэнтр, дзе кожны знойдзе сэнс для сябе.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю