Лепшых студэнтаў і школьнікаў Беларусі, якія далучыліся да міжнароднага конкурсу «Мост кітайскай мовы», узнагародзілі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Месца для правядзення мерапрыемства абрана не выпадкова. У 2014 годзе на базе ўніверсітэта створаны першы ў свеце Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы, які знаёміць беларускую моладзь не толькі з культурай і мовай Кітая, але і займаецца падрыхтоўкай кадраў пад сумесныя тэхнічныя праекты.
Арганізатарам мерапрыемства ў гонар пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу выступіла пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Лепшыя школьнікі і студэнты атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі. Тры пераможцы конкурсу будуць прадстаўляць рэспубліку ў фінале ў Кітаі.
Міжнародны конкурс «Мост кітайскай мовы» праводзіцца ўжо 25 гадоў. За гэты час у ім паўдзельнічала больш 1,8 мільёна хлопцаў і дзяўчат з больш 160 краін. Ён даўно выйшаў за рамкі простага спаборніцтва. Ён стаў платформай, на якой дзеці і моладзь з розных краін могуць прадэманстраваць свой узровень валодання кітайскай мовай, абмяняцца вопытам у яе вывучэнні, пазнаёміцца з кітайскай культурай. А яго ўдзельнікаў называюць «пасламі сяброўства».

«Калі мы бачым, што сёння шмат беларускіх студэнтаў свабодна гавораць па-кітайску і дэманструюць глыбіню спасціжэння кітайскай культуры, адчуваем глыбокую задаволенасць і гонар», — падзяліўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Чжан Вэньчуань. Ён заўважыў, што беларуска-кітайскія адносіны ўсепагоднага стратэгічнага партнёрства, заснаваныя на ўзаемным даверы, узаемавыгадным супрацоўніцтве, паміж Кітаем і Беларуссю пастаянна выходзяць на новыя ступені. Тут можна ўзгадаць пра Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, развіццё турыстычных праграм, павялічэнне колькасці авіярэйсаў паміж нашымі краінамі, сумесныя навукова-тэхнічныя праекты і гандлёва-эканамічныя абмены. Як адзначыў пасол, гуманітарныя абмены з’яўляюцца краевугольным каменем, які ўмацоўвае сяброўства паміж народамі дзвюх краін. Валоданне мовай дазваляе не толькі спасцігаць культуру народа, але і карыстацца тымі магчымасцямі, якія звязаныя з мадэрнізацыяй Кітая.
Намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкоў расказаў, што сфарміраваны каласальны патэнцыял для развіцця двухбаковага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і маладзёжнай палітыкі. Асноўны акцэнт — на падрыхтоўку кадраў. Пашырэнне магчымасцяў для вывучэння кітайскай мовы неабходна для далейшага развіцця беларуска-кітайскіх інвестыцыйных праектаў. Расце попыт на спецыялістаў, якія здольныя выкарыстоўваць замежную мову ў прафесійнай дзейнасці.
Ужо дваццаць гадоў рэалізуецца шырокі комплекс мерапрыемстваў, звязаных з папулярызацыяй і вывучэннем кітайскай мовы.

Так у бягучым навучальным годзе ў якасці вучэбнага прадмета яна выкладалася ў 15 ВНУ і 50 установах агульнай сярэдняй адукацыі ( яшчэ ў 60 школах была прадстаўлена ў якасці факультатыву). Наогул яе вывучаюць больш 5,5 тысячы школьнікаў і студэнтаў. Установы забяспечаны поўным камплектам з 3 па 11 класы айчынных навучальных дапаможнікаў з электроннымі дадаткамі. На Нацыянальным адукацыйным партале Беларусі створаны інфармацыйна-навучальны сегмент з матэрыяламі для вывучэння кітайскай мовы. Распрацаваны камплект матэрыялаў для правядзення абавязковага вуснага экзамену. Большасць выпускнікоў школ да моманту завяршэння адукацыі маюць сертыфікаты здачы экзамену па кітайскай мове не ніжэй 4 узроўню.
Вялікая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню педагагічнымі кадрамі. Створаны на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў факультэт кітайскай мовы і культуры у бягучым годзе зрабіў адзінаццаты выпуск настаўнікаў кітайскай мовы. На працягу дзевяці гадоў у Інстытуце Канфуцыя БДУ паспяхова вядзецца перападрыхтоўка па кітайскай мове настаўнікаў агульнаадукацыйных школ. Рэалізацыя такой эксперыментальнай праграмы дазваляе забяспечыць у максімальна кароткія тэрміны школы спецыялістамі з веданнем кітайскай мовы.
У краіне створаны 29 рэсурсных цэнтраў па вывучэнні кітайскай мовы і культуры . У Беларусі працуюць 7 інстытутаў Канфуцыя, у бліжэйшы час плануецца адкрыць яшчэ 2. У Беларусі зацверджана стратэгія развіцця сістэмы навучання і выкладання кітайскай мовы на чарговы перыяд да 2030 года. Міністэрствамі адукацыі абедзвюх краін плануецца падпісанне міжведамственнага пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навучання кітайскай мове . Узгадняецца пытанне аб стварэнні на базе рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства БДУ базавага цэнтра падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў кітайскай мовы.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ