Top.Mail.Ru

У Браславе абмеркавалі ўзаемадзеянне органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва

Выяўляць праблемныя пытанні і прадумана працаваць з людзьмі


Кіраўніцтва Савета Рэспублікі ўзяло ўдзел у сумесным пасяджэнні прэзідыума Браслаўскага райсавета і Браслаўскага райвыканкама. Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі ўзаемадзеянне органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.

Адным з асноўных напрамкаў работы Савета Рэспублікі з’яўляецца каардынацыя дзейнасці дэпутацкага корпуса. «Таму мы стараемся самую сур’ёзную ўвагу надаваць рабоце дэпутацкага корпуса нашай краіны, — звярнулася да ўдзельнікаў пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — І, вядома, для нас вельмі важная дзейнасць сельскіх Саветаў». 

Спікер звярнула ўвагу на тое, што сёння ў краіне налічваецца больш за 12 тысяч дэпутатаў усіх узроўняў. «Мы павінны зрабіць усё для таго, каб выканаць усе ўскладзеныя на нас функцыі і тыя задачы, якія ставіць перад намі кіраўнік дзяржавы», — падкрэсліла яна. 

Паводле слоў Наталлі Качанавай, ад узаемадзеяння паміж прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса на месцах залежыць камфортнае жыццё грамадзян у асобна ўзятым раёне або горадзе. Менавіта з такога супрацоўніцтва якраз і складаецца эфектыўная работа органаў улады ўсіх узроўняў. «Вы ведаеце, што ва ўнутранай палітыцы нашай краіны, якую праводзіць Прэзідэнт, у аснове ўсяго — людзі, іх камфортнае жыццё, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — Адпаведна і наша работа з вамі — гэта перш за ўсё камунікацыі з людзьмі. Тое, пра што заўсёды гаворыць Прэзідэнт: працаваць трэба з людзьмі, і тады мы будзем бачыць і разумець, якія праблемы хвалююць насельніцтва, што яшчэ трэба зрабіць». 

Наталля Качанава заклікала рабіць усё для таго, каб умацаваць наша адзінства ўнутры краіны. «Бо нядобразычліўцы, зласліўцы, якія паказалі і праявілі сябе ў 2020 годзе, нікуды не дзеліся. Таму наша задача — рабіць усё для таго, каб умацоўваць наша адзінства ўнутры краіны, каб паказваць эканамічны рост, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — А вы бачыце, што нягледзячы на ўсе іх патугі, у іх нічога не атрымліваецца. Наша краіна як жыла, так і жыве, як развівалася, так і развіваецца. Мы адкрываем сацыяльныя аб’екты. Там (за мяжой. — „Зв.“) дзесьці думаюць, як накарміць людзей, а мы будуем сацыяльныя аб’екты, паліклінікі, бальніцы, мадэрнізуем сур’ёзныя грамадскія аб’екты, будуем новыя». 

Даслоўна

«Мы разумеем меру сваёй адказнасці за ход уборачнай кампаніі»

Спікер Савета Рэспублікі таксама азнаёмілася са станам спраў у сферы АПК, наведаўшы на працягу двух дзён шэраг сельгасаб’ектаў Віцебшчыны. У размове з журналістамі Наталля Качанава заявіла, што ацэнку развіцця сельскай гаспадаркі даў Прэзідэнт на нарадзе, якая адбылася ў Віцебску. «Вядома, тут трэба прыбаўляць, і прыбаўляць сур’ёзна. Патрэбна эфектыўная работа кожнага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Але самае галоўнае — трэба выбраць свой кірунак. Ці гэта жывёлагадоўля або раслінаводства, або ў комплексе ў цэлым. Таму асаблівая ўвага надаецца развіццю аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці», — адзначыла яна. 

Наталля Качанава канстатавала, што пэўныя зрухі ў рабоце аграпрамысловага комплексу вобласці, вядома, ужо ёсць: «Але гэта трэба замацаваць. Вядома, мы глядзім на тое, як гаспадаркі ўкамплектаваныя кадрамі. Гэта вельмі важна, — падкрэсліла спікер. — Пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы трэба выконваць, таму што яны абсалютна правільныя, ідуць ад жыцця, ад зямлі. І гэта тое, што дае сёння вынік і эфектыўнае развіццё кожнай вобласці ў нашай краіне». 

Яна падкрэсліла важнасць падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да ўборачнай кампаніі. «Надвор’е сёння дазваляе прыступіць да ўборачнай. Ужо гэтыя работы пачаты. Вядома, трэба карыстацца момантам, калі вось такое добрае сухое надвор’е. Але мы разумеем, што не кожнае поле сёння яшчэ гатовае да ўборачнай кампаніі, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Трэба ўсё рабіць па розуме для таго, каб без страт убраць ураджай. І я думаю, што мы будзем мець добрыя вынікі ў Віцебскай вобласці па ходзе ўборачнай кампаніі. Мы разумеем меру сваёй адказнасці за ход уборачнай. Дэпутацкі корпус сёння вельмі сур’ёзна ўключаны ў работу падчас жніва, таму што старшыні сельскіх Саветаў разумеюць меру сваёй адказнасці за ход уборачнай. Мы разумеем, што гэта не толькі харчовая бяспека нашай краіны. Гэта яшчэ тая валюта, якая зарабляецца на продажы нашых прадуктаў харчавання».

Падрыхтаваў Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю