Top.Mail.Ru
249

У Бразіліі ўпершыню выпрабавалі ручку, якая выяўляе рак

У Бразіліі праводзяць клінічныя выпрабаванні ручкі, якая можа выявіць пухлінныя клеткі падчас аперацыі. Пра гэта паведамляе БелТА.


Тэхналогію стварыла бразільскі хімік 33-гадовая Лівія Эберлін. Вынаходку тэсціруюць даследчыкі з бальніцы ў Сан-Паўлу. Партатыўная прылада ў форме ручкі счытвае малекулярную сігнатуру тканак і вызначае, з’яўляюцца яны ракавымі або здаровымі. Новаўвядзенне можа зрабіць аперацыі больш больш бяспечнымі і эфектыўнымі.

Такая ручка можа дапамагчы хірургу падчас аперацыі зразумець, ці цалкам выдалена пухлінная тканка з арганізма пацыента. Пры гэтым прымяняецца метад хімічнага аналізу.

«У ручкі ёсць рэзервуар, напоўнены вадой. Калі яе кончык дакранаецца тканкі, ён захоплівае малекулы, якія раствараюцца ў вадзе, і пераносіць іх у мас-спектрометр — прыбор, які вызначае, з’яўляецца ўзор ракавым ці не», — прыводзіць словы Лівіі Эберлін партал Федэральнага ўніверсітэта Кампіна-Грандэ ў Бразіліі.

Выкарыстоўваючы штучны інтэлект, сістэма параўноўвае малекулярны профіль з базай даных і выдае дыягназ на працягу 90 секунд.

Па словах хіміка, на першым этапе даследавання былі прааналізаваны больш за 200 узораў тканак, дакладнасць выяўлення раку склала 97 %.

Клінічныя даследаванні ў агульнай складанасці працягнуцца 24 месяцы з удзелам 60 анкалагічных пацыентаў: 30 — з ракам лёгкага і 30 — з ракам шчытападобнай залозы. Тэхналогія ўжо прымянялася пры лячэнні пухлін малочнай залозы, галаўнога мозгу, яечнікаў і прастаты і паказала стабільныя вынікі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю