У чацвер у круглай зале Брэсцкага гарвыканкама прайшло пленарнае пасяджэнне ІІ Міжнародной міжпартыйнай канферэнцыі «Дзяржаўны суверэнітэт і прынцыпы міжнародных адносін ва ўмовах шматпалярнасці і разнастайнасці ў XXІ стагоддзі». Яна аб'яднала прадстаўнікоў партый з Беларусі і дружалюбных ёй краін. У Брэст прыехалі ўдзельнікі з Азербайджана, Венесуэлы, Германіі, Зімбабвэ, Казахстана, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Кубы, Лаоса, Малдовы, М'янмы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Іх калегі з Сербіі і Славакіі падключыліся да дыскусіі ў рэжыме анлайн.
«Сувязнае звяно паміж народам і ўладай»
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам канферэнцыі прывітальны адрас. Яго зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ. Ён звярнуў увагу, што форум не выпадкова праходзіць у Брэсце — горад знаходзіцца на заходняй мяжы Беларусі, дзе пераплецены розныя культуры і адбывалася мноства гістарычных падзей:

— Напэўна, няма такога другога горада на карце нашай Радзімы, дзе зямля была б так шчодра паліта крывёй. Брэсцкая крэпасць трымалася даўжэй, чым многія іншыя еўрапейскія дзяржавы.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што чалавецтва жыве ў няпросты час, калі перакройваюцца межы, перапісваецца гісторыя:
— Адбываюцца тыя самыя тэктанічныя зрухі паміж асноўнымі буйнымі дзяржавамі або супольнасцямі дзяржаў. Менавіта таму палітычныя партыі, як сувязнае звяно паміж народам і ўладай, тыя, хто з’яўляецца лакмусавай паперкай усіх палітычных і грамадскіх працэсаў у сваёй дзяржаве, павінны своечасова чуць сігналы свайго грамадства і рабіць усё магчымае і нават немагчымае для таго, каб тая трагедыя, якая восем дзесяцігоддзяў таму адбывалася на беларускай зямлі, ніколі больш не паўтарылася.
«Мы можам і павінны пачынаць дамаўляцца»
Прадстаўнікі беларускіх і замежных партый сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя тэмы. Падчас пленарнага пасяджэння эксперты падзяліліся меркаваннямі аб умацаванні суверэнітэту, рэгіянальным партнёрстве, развіцці міжнародных адносін і ролі палітычных партый і грамадскіх рухаў у гэтых працэсах.

Як адзначыла старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга ЧАМАДАНАВА, большая частка чалавецтва не згодная з уяўнай выключнасцю Захаду і шукае новыя фарматы развіцця:
— Канца гісторыі, уніфікацыі пад заходнюю мадэль кіравання, якія праракалі свету заходнецэнтрычныя мысляры, не адбылося. Наадварот, эканамічны, а следам і палітычны цэнтр цяжкасці свету размяркоўваецца паміж Еўразіяй, Лацінскай Амерыкай, Афрыкай. Гэта вядзе нас да новай шматпалярнасці і разнастайнасці палітычных укладаў. З іншага боку, гэта патрабуе ад нас, кіруючых і вядучых партый, актыўнага, творчага пошуку новых, нестандартных рашэнняў у інтарэсах нашых народаў.

Беларусь якраз і падае прыклад сапраўднай палітыкі ў інтарэсах свайго народа, заявіў старшыня Партыі сацыялістаў і яе фракцыі ў парламенце Малдовы, экс-прэзідэнт Ігар ДАДОН:
— У рэгіёне і свеце складваецца напружаная сітуацыя, побач разгарнуўся ваенны канфлікт. Чаму гэта адбываецца? У чыіх інтарэсах? Чаму дайшло да таго, што выкарыстоўваюць цэлы народ, цэлую краіну як гарматнае мяса супраць сваіх геапалітычных апанентаў? Вайна ідзе і ў іншых месцах. Ці можна гэта неяк спыніць? Еўрапейскі саюз, на жаль, ідзе на мілітарызацыю на фоне таго, што эканоміка руйнуецца, а міграцыя душыць краіны ЕС. Мы можам і павінны пачынаць дамаўляцца. Прыклад Беларусі паказвае, што гэта магчыма. Невыпадкова пару дзён таму я назваў Аляксандра Лукашэнку сапраўдным патрыётам сваёй краіны. Калі можна гаварыць і з Пуціным, і з Трампам, і Макрон будзе тэлефанаваць і спрабаваць дамаўляцца... Гэта прыклад сапраўднай палітыкі, якой павінны займацца людзі, якія цэняць інтарэсы свайго народа. Пара Еўрапейскаму саюзу, яго цяперашнім кіраўнікам пра гэта задумацца.
Старшыня Нацыянальнай асамблеі Парламента Рэспублікі Зімбабвэ Джэйкаб МУДЭНДА падкрэсліў, што неакаланіялізм сёння выяўляецца ў выглядзе санкцый, эканамічных блакад і палітычнага ўмяшанняў:
— Мы ўдзельнічаем у гэтай канферэнцыі, таму што верым, што будучыня нашай краіны павінна вырашацца ў Харарэ, а не ў далёкіх сталіцах тых краін, якія імкнуцца падтрымліваць замкнёную глабальную іерархію. На працягу дзесяцігоддзяў гісторыя развіцця Афрыкі пісалася ў залах пасяджэнняў у Парыжы, Вашынгтоне, Лондане і Бруселі. Традыцыйная мадэль «замежнай дапамогі» не толькі не змагла забяспечыць устойлівы эканамічны рост, але і актыўна спрыяла развіццю культуры залежнасці. Дапамога стала ціхай забойцай эканамічнага развіцця Афрыкі і душыла прадпрымальніцкі дух, які з’яўляецца сапраўдным рухавіком развіцця.
Акрамя пленарнага пасяджэння, удзельнікі канферэнцыі наведалі «вёскі будучыні», пабывалі на некаторых прадпрыемствах, азнаёміліся са славутасцямі Беларусі. А вынікам форуму сталі падпісанне міжнародных дагавораў і прыняцце рэзалюцыі, якая адлюстроўвае агульныя імкненні да захавання суверэнітэту кожнай з краін.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА