У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы рэканструююць харчаблок і пабудуюць кафэ-сталовую, паведаміў БелТА галоўны ўрач установы аховы здароўя, член Савета Рэспублікі Аляксандр Карпіцкі.
Брэсцкая абласная бальніца на дадзены момант разлічана на 940 ложкаў. Адпаведна, харчаблок забяспечвае чатырохразовым харчаваннем такую колькасць пацыентаў. «Мяркуем да канца гэтага года здаць у эксплуатацыю лячэбны блок хірургічнага корпуса (сяміпавярховы будынак). Павялічваецца колькасць пацыентаў. Гэта адзін бок пытання. Другі — апошні маштабны рамонт у харчаблоку праведзены ў 2004 годзе. За гэты час змяніліся тэхналогіі, з’явілася новае, палепшанае тэхналагічнае абсталяванне. Узніклі пытанні па вентыляцыі, кандыцыянаванні», — растлумачыў Аляксандр Карпіцкі.
Спецыялісты завяршаюць распрацоўку праекта для рэканструкцыі харчаблока аблбальніцы, затым перададуць для праходжання экспертызы. Пачаць непасрэдна работы плануецца цяперашняй вясной. Для харчаблока мадэрнізуюць памяшканні, заменяць камунікацыі, набудуць новае абсталяванне для прыгатавання ежы.
«Узнята і пытанне размяшчэння сталовай. З моманту заснавання бальніцы быў прадугледжаны толькі буфет. Неабходна, каб кожны чалавек меў гарачае харчаванне, з адабрэння старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка прынята рашэнне зрабіць кафэ-сталовую. Намечана размясціць яе паблізу адміністрацыйнага корпуса бальніцы, каб было зручна для персаналу. Праект кафэ-сталовай ужо гатовы, ён праходзіць экспертызу», — расказаў галоўны ўрач.
На тэрыторыі Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы ў самым разгары ідзе будаўніцтва новага корпуса. Гэта два будынкі вышынёй чатыры і сем паверхаў. «На мой погляд, тэмпы будаўніцтва добрыя. Некаторае абсталяванне мы ўжо атрымалі. Ідзе цэнтралізаваная закупка Міністэрствам аховы здароўя так званага цяжкага абсталявання — ангіёграфа, МРТ, КТ. Частка дагавораў заключана, частка — у працэсе заключэння. Значная колькасць абсталявання (неманціруемага) будзе набыта за кошт абласнога бюджэту», — адзначыў Аляксандр Карпіцкі. Ён дадаў, што чатырохпавярховы будынак новага корпуса плануюць увесці ў эксплуатацыю ў 2027 годзе.