Top.Mail.Ru
395

У «Брэсцкай крэпасці-героі» плануюць стварыць новы экскурсійны маршрут у 2026 годзе

У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» у 2026 годзе плануюць стварыць новы экскурсійны маршрут. Пра гэта паведаміла БелТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу Алена Міцюкова, каментуючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту.


Аляксандр Лукашэнка ў сваім Пасланні акрэсліў турызм як адну з важных кропак прыросту эканомікі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў актуальнасць стварэння моцнага брэнда беларускага турызму.

У топ найбольш папулярных турыстычных аб’ектаў нязменна ўваходзіць мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Апрача беларусаў, яго наведваюць турысты з многіх краін свету — знаёмячыся з фартыфікацыйнымі збудаваннямі, музейнымі экспазіцыямі, мерапрыемствамі. «Людзі дакранаюцца да гісторыі і спадчыны Брэсцкай крэпасці на экскурсіях, лекцыях, урачыстых і памятных акцыях. Сёлета наведвальнікі з 30 дзяржаў (больш за 700 тыс. чалавек) азнаёміліся з нашым мемарыялам. На памятныя мерапрыемствы прыбывалі сваякі абаронцаў Брэсцкай крэпасці з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі», — звярнула ўвагу Алена Міцюкова.

Выставачныя праекты прэзентуюць ва ўсіх абласцях Беларусі, а таксама ў супрацоўніцтве з калегамі ў расійскіх рэгіёнах. Напрыклад, сёлета пра Брэсцкую крэпасць расказвалі ў Казані, Благавешчанску, Бранску, Валгаградзе і іншых гарадах. «Спадзяюся, мы зацікавілі жыхароў аддаленых мясцін наведаць мемарыял і Беларусь асабіста. Турыстычны патэнцыял Брэсцкай крэпасці, несумненна, будзе павялічвацца за кошт новых форм работы. У 2026 годзе плануецца ўкараненне новага экскурсійнага маршруту па тэрыторыі мемарыяла. Цяпер вядуцца работы па музеіфікацыі заходняй часткі цытадэлі, стварэнні мемарыяльнай зоны „Смутак“ і прасторы „Тут ішлі баі...“. Пасля капітальнага рамонту будзе адкрыта для агляду экспазіцыя „Армейскі клуб“. Улічваючы 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Брэсцкай крэпасці, чакаем вялікую колькасць удзельнікаў мерапрыемстваў, адзінкавых і экскурсійных наведвальнікаў у наступным годзе», — сказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце.

Яна падкрэсліла, што мемарыяльны комплекс будуць прасоўваць, каб пра яго як мага больш людзей у свеце даведаліся менавіта як пра памятны аб’ект, звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Гэтаму будзе спрыяць работа над уключэннем транснацыянальнай серыйнай намінацыі «Героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган» у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Дарэчы, у сёлетнім снежні Рэспубліканскі саюз туріндустрыі ўзнагародзіў «Брэсцкую крэпасць-герой» дыпломам за асаблівы ўнёсак у развіццё ўязнога і ўнутранага турызму.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю