У Брэсцкай вобласці больш за палову спажыўцоў цеплаэнергіі атрымалі пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага перыяду. Такая інфармацыя агучана на нарадзе ў Брэсцкім аблвыканкаме, перадае БелТА.
Падрыхтоўку да сезона халадоў у паўднёва-заходнім рэгіёне пачалі яшчэ вясной. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама вызначаны тэрміны атрымання пашпартоў гатоўнасці: да 20 жніўня — сацыяльнай сферай, да 1 верасня — жыллёвым фондам і цеплакрыніцамі, да 15 верасня — астатнімі спажыўцамі.
На 14 жніўня ў рэгіёне зарэгістраваны 51% пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і 48% пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц. Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Максімчук нацэліў на аператыўнае вырашэнне праблемных пытанняў. Акцэнт у першую чаргу робіцца на падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, жыллёвага фонду.
«Падрыхтоўка да зімы, да ацяпляльнага перыяду ідзе ў планавым рэжыме. Адзін з акцэнтаў — на перакладцы цепласетак. Па сістэме ЖКГ парадку 23 км з 29 км заменена. Усе работы павінны быць выкананы да 1 верасня. Энергетыкі таксама займаюцца перакладкай цепласетак. Ім застаецца замяніць каля 10 км», — звярнуў увагу намеснік старшыні аблвыканкама.
Да сезону халадоў падрыхтоўваюць кацельні, цэнтральныя цеплавыя пункты, жыллёвы фонд. Спецыялісты выконваюць прафілактычныя і рамонтныя работы. У прыватнасці, у жылфондзе камунальныя службы займаюцца, дзе гэта неабходна, рамонтам дахаў, стыкаў сценавых панэляў. Да працы ў зімовых умовах падрыхтуюць больш за 5,7 тыс. дамоў з цэнтральным ацяпленнем.
«Падрыхтоўка цеплавых вузлоў, прамыванне сістэм ацяплення, Гідраўлічныя выпрабаванні — гэта практычна ўсё зроблена. Цяпер ідзе стадыя завяршэння работ, атрыманне саміх пашпартоў гатоўнасці», — падсумаваў Аляксандр Максімчук.