У Брэсцкай вобласці прынялі рашэнне аб заканчэнні ацяпляльнага сезона. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Брэсцкі аблвыканкам у сувязі з прагназуемым устойлівым павышэннем тэмпературы вонкавага паветра ў адрас гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў 14 красавіка накіраваў рэкамендацыйны ліст аб завяршэнні ацяпляльнага сезона.
«Адключэнне сістэм цепласпажывання праводзіцца па чарговасці. На першым этапе — прамысловыя, грамадскія і адміністрацыйныя будынкі. Затым надыходзіць чарга агульнагарадскіх лазняў, тэатраў, устаноў адукацыі (за выключэннем школ і дзіцячых садоў), інтэрнатаў, жыллёвага фонду», — звярнулі ўвагу ў аблвыканкаме. На заключным этапе цяпло адключаць у гасцініцах, бібліятэках, дзяржаўных архівах, музеях, установах сацыяльнага забеспячэння, медыцынскіх, лячэбна-прафілактычных, школах і дзіцячых садах, спецыялізаваных навучальна-спартыўных установах.
Пасля завяршэння ацяпляльнага сезона прадпрыемствы і арганізацыі пачнуць падрыхтоўку цеплакрыніц і спажыўцоў да новага асенне-зімовага перыяду.
Цяперашні ацяпляльны сезон стартаваў у Брэсцкай вобласці 25 верасня.