На факультэце прыродазнаўства з гэтага навучальнага года будуць рыхтаваць спецыялістаў па двух новых кірунках. Адзін з іх называецца «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць», другі — «мікрабіялогія», паведаміў рэктар ВНУ Юрый Голубеў.
На факультэце прыродазнаўства з гэтага навучальнага года будуць рыхтаваць спецыялістаў па двух новых кірунках. Адзін з іх называецца «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць», другі — «мікрабіялогія», паведаміў рэктар ВНУ Юрый Голубеў.
Па спецыяльнасці «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць» тэрмін навучання складзе чатыры з паловай года. Для паступлення патрэбны вынікі ЦТ альбо ЦЭ па беларускай ці рускай мове, геаграфіі і матэматыцы. А выпускнікам будзе прысвоена трайная спецыяльнасць — географ, выкладчык, перакладчык.
Ва ўніверсітэце адзначылі, што адкрыццё адукацыйнага кірунку з такім шырокім спектрам ведаў прадыктавана жыццём. Часта вясковыя, пасялковыя, нават школы малых гарадоў адчуваюць дэфіцыт настаўнікаў геаграфіі, замежных моў. Такі ўніверсальны спецыяліст зможа выкладаць адразу некалькі прадметаў. А яшчэ падобнымі кадрамі могуць зацікавіцца прадпрыемствы, што вядуць знешнеэканамічную дзейнасць — лічаць у ВНУ.
Прафесіяналы ў галіне мікрабіялогіі таксама цяпер надзвычай запатрабаваныя. Для таго каб атрымаць кваліфікацыю «мікрабіёлаг», належыць здаць адну з дзяржаўных моў, біялогію і хімію ды адвучыцца чатыры гады.
Выпускнікоў з задавальненнем запросяць прадпрыемствы перапрацоўчага комплексу, а таксама фармацэўтычныя кампаніі.
Дарэчы, падрыхтоўка настаўнікаў з’яўляецца галоўным профілем дзейнасці дадзенай вышэйшай навучальнай установы. Каля 80 % выпускнікоў атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці. Як адзначыў рэктар, набор на іх апошнім часам узрастае ў адпаведнасці з попытам на кадры. Летась, напрыклад, прыём істотна павялічылі, а сёлета плануецца набраць яшчэ больш студэнтаў. Асаблівая ўвага цяпер удзяляецца прыродазнаўчым навукам. Плануецца стварэнне Цэнтра кампетэнцый у галіне прыродазнаўчай адукацыі.
Усяго на дзевяці факультэтах брэсцкага ўніверсітэта навучаецца 4,5 тысячы студэнтаў. Сёлета абітурыентаў набіраюць па 20 спецыяльнасцях.
Святлана ЯСКЕВІЧ