У Бярозаўскім раёне спынілі буйны крадзеж рыбы з ахоўнага вадаёма, паведамляе БелТА са спасылкай на Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі.
Уначы паблізу вёскі Самойлавічы супрацоўнікі РАУС спынілі аўтамабіль. У салоне і багажніку знайшлі 6 мяшкоў з рыбай, якая знаходзілася прама ў сетках.
Кіроўца, жыхар Бярозы, прызнаўся, што незаконна лавіў рыбу на сажалцы рыбгаса «Сялец». Для гэтага выкарыстаў 5 рыбалоўных сетак агульнай даўжынёй больш за 270 м. Сумарная вага выкрадзенага ўлову склала амаль 200 кг.
На месца была выкліканая следча-аператыўная група. Праваахоўнікі канфіскавалі аўтамабіль і незаконны груз: сеткі, улоў і рыбалоўную экіпіроўку. Бярозаўскі РАСК праводзіць праверку паводле арт. 174 КПК.
Дзяржінспекцыя заклікае грамадзян не заставацца ўбаку і паведамляць пра факты браканьерства або незаконнага захоўвання прылад палявання.