Top.Mail.Ru

«У бяспечным, мірным і якасным фармаце»

Сёлетнія выбары Прэзідэнта — ужо гісторыя. Аб тым, з якімі выклікамі сутыкнулася наша краіна пры падрыхтоўцы і правядзенні электаральнага працэсу і тым, як трэба, нягледзячы ні на якія ўмовы ісці сваім шляхам — шляхам захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны — падзяліліся нашы суразмоўнікі.


Член Савета Рэспублікі Сяргей Сівец выказаўся пра электаральную кампанію і ролю моладзі ў грамадска-палтычным жыцці нашай краіны.

Па словах эксперта, любая палітычная кампанія — гэта сістэмная дыягностыка: 

— З аднаго боку, вядома, гэта дыягностыка сацыяльных запытаў, ступені задаволенасці грамадзян дзеяннямі дзяржаўнай улады, дзяржаўных інстытутаў. Наколькі грамадства і дзяржава кансалідавана, наколькі яны разам вырашаюць стратэгічныя пытанні развіцця нашай дзяржавы як суверэннай і незалежнай. З іншага боку, гэта, вядома ж, выбары тых ключавых палітычных фігур, якія ў далейшым, на працягу наступных пяці гадоў, будуць дынамічна развіваць нашу дзяржаву па ўсіх напрамках палітыкі, а таксама ўнутранай палітыкі нашай краіны.

Сяргей Сівец адзначыў, што даволі вялікая яўка на датэрміновым галасаванні сведчыць пра тое, што мы — сталая нацыя: 

— Гэта кажа і пра тое, што людзі сапраўды падтрымліваюць той дзяржаўны курс, які на працягу гэтага трыццацігоддзя фарміраваўся ў нашай незалежнай суверэннай дзяржаве. На прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў 11.00, мяне ўразіла інфармацыя, што ўжо больш за 2/3 маладых нашых грамадзян ужо прагаласавала. Гэта як раз паказчык таго, што ў нас забяспечана пераемнасць пакаленняў. Маладыя людзі рэалізавалі сваё выбарчае права, не засталіся абыякавымі, у адрозненне ад сваіх аднагодкаў на захадзе, дзе прагрэсуе абыякавае стаўленне да выбараў, ігнараванне іх з боку маладой часткі насельніцтва. Наша моладзь паказвае яркі прыклад патрыятызму, грамадзянскасці, грамадскага абавязку, які павінен быць уласцівы ўсім без выключэння, і нашай моладзі ў асаблівасці.

Актыўнасць выбаршчыкаў з’яўляецца сведчаннем высокага ўзрошня палітычнай культуры грамадзян, упэўнены дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка:

— У нас прысутнічае тое, што было ўласціва савецкаму часу — калі людзі ідуць галасаваць усёй сям’ёй. Гэта таксама дае такую ўпэўненасць, што людзі спакойна выказваюць сваё меркаванне, і яно — у імя будучыні.

Мне падабаецца, як рэагуе моладзь, як яна галасуе. Трэба сказаць, што гэты час з 2020 года ў частцы патрыятычнага выхавання людзей і грамадзянскасці не прайшоў дарэмна. Падораныя Канстытуцыі вельмі цёпла ўспрымаюцца маладымі людзьмі.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак упэўнены, што большасць людзей аддалі галасы за захаванне міру і згоды ў беларускім грамадстве. 

— Гэта адзін з грунтоўных фактараў, які забяспечвае сацыяльны спакой, гэта тое, што нас мацуе, — лічыць ён. — Прэзідэнт наш казаў аб тым, што нягледзячы на тое, што ўсе мы розныя, усе мы — беларускі народ. Таму незалежна ад веравызнання, сваёй нацыянальнасці, кожны чалавек адчувае сябе грамадзянінам нашай краіны. І тыя, хто нарадзіўся тут, і тыя, хто прыехаў. Бо няма ніякіх размежаванняў паміж людзьмі. Наша заканадаўства гарантуе роўныя правы кожнаму чалавеку: і права на працу, і на сацыяльныя гарантыі. Таму людзі, які прыязджаюць да нас, становяцца нашымі людзьмі.

Эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка не абмінуў тэму ацэнкі захадам электральнага працэму, ён назваў рэзалюцыю Еўрапарламента з заклікам не прызнаць выбары ў Беларусі ўмяшаннем у справы суверэннай краіны.

— З іншага боку, гэта белыя сцягі на іх крапасной сцяне, бо яны ўжо прызнаюць перамогу канкрэтнага лідара ў нашай краіне, і заяўляюць пра гэта афіцыйна. Гучыць з іх боку гэта як крыўда, пагроза, але фармальна гэта прызнанне таго, што ў нас у краіне ёсць канкрэтны лідар.

Пры гэтым бяспеку на гэтых выбарах эксперт ацаніў як тактоўную, а гэтыя выбары, па яго меркаванні, прайшлі ў бяспечным, мірным і якасным фармаце.

«Палітычна нікчэмныя»: так ацаніў заявы Еўрапарламента аб нелігітымнасці выбараў у Беларусі незалежны назіральнік з Расіі Ігар Каротчанка.

— Сёння Еўропа — гэта вораг любой нармальнай цывілізаванай краіны. У сілу сваёй суб’ектнасці, дэградацыі палітычных элітаў, адкрытага фашызму і рознага роду працэсаў, якія прыводзяць да пагаршэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва абсалютнай большасці еўрапейскіх краін. У дадзеным выпадку Еўрапарламент не прадстаўляе інтарэсы грамадзян Еўропы. Гэта зборышча палітыкаў, часта карумпіраваных, якія штампуюць рашэнні, накіраваныя на прычыненне нам шкоды, — падкрэсліў спікер.

Закранулі эксперты і тэму методыкі апытання exit poll. Так, старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Павел Алекса расказаў аб эфектыўнасці і дакладнасці апытання выбаршчыкаў на выхадзе з выбарчых участкаў па гэтай методыцы:

— Людзі настроены пазітыўна, з задавальненнем адказваюць на пытанні. У нас ёсць такое паняцце, як адмовы ў рамках апытання. Яны, вядома, таксама маюць месца быць, але іх няшмат. Таму ў асноўным людзі адказваюць ахвотна, называюць кандыдата, за якога галасуюць, і без праблем ідуць на кантакт з інтэрв’юерамі. У прынцыпе, можна сказаць, што даследаванне праходзіла ў штатным рэжыме на ўсіх 320 участках, дзе працавалі інтэрв’юеры.

Сама методыка апытання прадугледжвае, што апытваецца не кожны, хто выходзіць з выбарчага ўчастка, а праз пэўны інтэрвал. Гэта дазваляе нам пазбегнуць неаб’ектыўнасці даных, таму што разам могуць на выбарчыя ўчасткі прыходзіць члены адной сям’і, суседзі, сябры, знаёмыя, ну і, як правіла, іх пункт гледжання будзе больш-менш аднолькавым. 

  • Методыка exit poll, па словах Паўла Алексы, дазваляе атрымаць аб’ектыўны вынік.

Сяргей Клішэвіч: Людзі адказна і сабрана падышлі да свайго выбару

«Як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мы мелі магчымасць наведваць выбарчыя ўчасткі ў якасці назіральнікаў, — расказаў Сяргей Клішэвіч. — Хачу адзначыць, што мы бачылі, што беларусы ставяцца да выбараў не проста, як да свята. Грамадзяне з пэўным пачуццём суперажывання за краіну ўспрымаюць выбары. Людзі адказна і сабрана падышлі да свайго выбару. Гэта зразумела, бо дастаткова шмат негатыўных прыкладаў сёння вакол Беларусі і ўспаміны наконт 2020 года: кожны разумее, што магло з намі быць, калі б мы не выстаялі».

Па словах парламентарыя, у тым ліку і гэта штурхае людзей да ўсвядомленага выбару і такой актыўнай грамадзянскай пазіцыі, аб чым сведчыць яўка. «Мы бачым мінімальную колькасць парушэнняў, і тое, калі яны і адбываюцца, то хутчэй за ўсё гэта тэхнічныя збоі, што, у прынцыпе, натуральна для такога вялізнага працэсу, як арганізацыя выбараў у Беларусі», — мяркуе Сяргей Клішэвіч.

Дэпутат звярнуў увагу на тое, што сёння беларусы знаходзяцца ў пачатку вялікага шляху па трансфармацыі, перадачы і арганізацыі прыходу да ўлады маладзейшых кіраўнікоў, аб чым Прэзідэнт казаў, адказваючы на пытанні журналістаў пасля галасавання. «Вельмі добра, што ў гэты гістарычны для краіны момант каля руля знаходзіцца нацыянальны лідар, якому мы ўсе давяраем і падтрымліваем, — лічыць Сяргей Клішэвіч. — І важна, што ў нас ёсць на гэты час — тое, чаго не хапае ў многіх дзяржавах. У нас сёння ёсць усё для таго, каб прайсці годна гэты шлях і далей упэўнена рухаць маладую беларускую дзяржаву да поспеху, захаваць тое, што ўмеем, і прымножыць сіламі маладога пакалення». 

Аляксандр Шпакоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў — пра ацэнкі Захаду і выбар беларускага грамадства:

— Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў учора наведаў дзевяць выбарчых участкаў. Людзі старэйшага ўзросту ўспамінаюць выбары 1994 года і кажуць, што прыкладна такая ж атмасфера натхнення была тады. Сёння адметна, што наша моладзь актыўна ідзе на выбары. Цалкам відавочна, што вырасла палітычная граматнасць, інфармацыйная культура беларускага грамадства. Многія з тых, хто галасуе ўпершыню, зноў-такі свядома робяць выбар за моцную, суверэнную, квітнеючую Беларусь. Нас гэта, як заканадаўцаў, не можа не радаваць. Гэта значыць, што комплекс мерапрыемстваў інфармацыйнага, палітычнага, прававога, адукацыйнага характару, меры па абароне канстытуцыйнага ладу, якія мы рабілі ў перыяд з 2020 па 2024 гады, былі высокаэфектыўнымі. 

У якасці парламентарыя Аляксандр Шпакоўскі сустракаўся з міжнароднымі назіральнікамі з Расіі і Бразіліі. «Яны адзначабць, што выбары праходзяць у рэчышчы нацыянальнага заканадаўства. Тыя міжнародныя назіральнікі, хто ўпершыню ў нашай краіне, адзначаюць пэўны дысананс паміж інфармацыяй, якая размяшчаецца ў мэйнстрымнай заходняй прэсе і рэальнасцю. І, натуральна, гэтыя людзі ў свае краіны панясуць праўдзівы погляд на сітуацыю ў Беларусі. Міністэрства замежных спраў краіны яшчэ напярэдадні асноўнага дня галасавання апублікавала дакументы, якія маюцца ў нашым распараджэнні, праекты адпаведных рэзалюцый еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, якія, як бы ні было абсурдна, былі падрыхтаваны яшчэ задоўга да самага дня галасавання. Гэта і ацэнкі, і аналіз у цэлым. „Выбары ў Беларусі яшчэ не прайшлі, я на іх яшчэ не быў, але ўжо асудзіў і адпаведным чорнай фарбай запэцкаў“. Мы свае сілы на такога роду публіку траціць гэтым разам не сталі, хоць у частцы, якая датычыцца журналістаў, запрасілі цалкам розных людзей. І сёння зноў гучалі дурныя пытанні нашаму Прэзідэнту, на якія кіраўнік дзяржавы, на мой погляд, даў бліскучыя, вычарпальныя адказы». 

Па словах дэпутата, сёння ў Беларусі прысутнічаюць назіральнікі не толькі з дружалюбных, але і недружалюбных краін: «Цалкам зразумелыя іх ангажаваныя пазіцыі. Некаторыя з іх прыязджаюць да нас ужо ў 5-6 раз. Яны не пытаюцца, як жыве наша краіна, якія ў нас дасягненні, праблемы, якія мэты мы перад сабой ставім, якія падыходы ва ўнутранай і знешняй палітыцы вызначаем. Іх цікавіць толькі адно — давядзенне ўласных крыклівых, крытычных, палітычна ангажаваных наратываў. Але, дарэчы, трэба сказаць, што наш Прэзідэнт бліскуча спраўляецца з гэтай гульнёй у настольны палітычны тэніс. І мячыкі, якія прылятаюць у наш бок, ляцяць ім назад. І, па-мойму, у гэтай гульні мы вядзем з велізарным лікам». 

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў расказаў падрабязней пра медыйнае асвятленне, экспертна-аналітычную дзейнасць падчас бягучай электаральнай кампаніі:

— У Беларусі падыход быў такі: максімальна даць магчымасць неангажыраваным экспертам, журналістам, спецыялістам у галіне медыя, у галіне паліталогіі азнаёміцца з тым, як у нас пабудаваны і як арганізуюцца і сам працэс выбараў, і працэсы іх медыйнага асвятлення, і працэсы экспертна-аналітычных ацэнак. Мы бачылі неаднаразова, што да нас прыязджалі людзі і давалі такую ацэнку, што іх з задавальненнем пускаюць, ім тлумачаць усё, што яны хочуць ведаць. 

Сёння я задаваў пытанне падчас прэс-канферэнцыі наконт выкарыстання экзітполаў. Мы ведаем, што насамрэч экспертнае суправаджэнне выбараў сёння, напрыклад, на Захадзе, ператвараецца ў дадатковы рычаг уплыву. Імі выкарыстоўваюцца сацыялагічныя апытанні. Розныя сацыяльныя кампаніі наймаюцца прэтэндэнтамі на тую ці іншую пасаду, і яны прасоўваюць сваю сацыялагічную карціну. Ад аб’ектыўнасці там вельмі мала што застаецца. Заказы выконваюцца з мэтай, каб павярнуць грамадскую думку у бок таго кандыдата, які плаціць грошы. 

У Беларусі вельмі асцярожны падыход да выкарыстання такіх сацыялагічных інструментаў. Мы тут зыходзім хутчэй з прынцыпу «не нашкодзь». Таму ў нас сацыялогія будзе выкарыстаная хутчэй пасля выбараў для таго, каб даць адэкватную і сапраўдную ацэнку таго, як і што ў нас праходзіла. Безумоўна, праводзіліся сацыяльныя апытанні і да пачатку выбараў. Але меркаванні людзей мэтанакіравана не публікавалі, каб не было ніякіх укідаў і маніпуляцыі грамадскай свядомасцю напярэдадні выбараў.

Экспертна-аналітычная работа вядзецца, і мы не ўтойваем таго, што ў нас ёсць знешнія назіральнікі, эксперты. Але мы імкнемся, каб на меркаванне народа не было аказана загадзя ніякага ціску, — падкрэсліў Аляксей Бяляеў.

Першае, што характарызуе дзень выбараў — спакой і цішыня. Пра гэта заявіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч

«Дзеючы Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хацелася б, каб электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта завяршылася гэтак жа спакойна, як і пачалася. Я веру, што гэтыя цішыня і спакой захаваюцца на цэлы дзень. Мы ведаем, якая на ўчорашні дзень была даволі вялікая лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова, і хто сёння, безумоўна, вызваліў сябе ад паходу на выбарчыя ўчасткі. З усіх пунктаў гледжання — усё арганізавана на дастаткова высокім узроўні. Тут мы бачым той аб’ём працы ў інфармацыйным цэнтры, які прарабіла Цэнтральная выбарчая камісія, бачым і стойкі з літаратурай, колькі цудоўных кніг было выпушчана. Асабліва ўражвае, што і маладым выбаршчыкам перадаецца кніга „Сімвалы суверэннай Беларусі“. У гэтай кнізе раскрываюцца як дзяржаўныя сімвалы, так і нацыянальныя сімвалы. Мне здаецца, што гэты добры настрой паспрыяе на правільны выбар усіх грамадзян нашай краіны».

Старшыня Саюза пісьменнікаў узгадаў і канцэрт «Час выбраў нас», які адбыўся напярэдадні сённяшняга свята — асноўнага дня галасавання — на «Мінск-Арэне»: «Было відаць, як шчаслівыя маладыя людзі выяулялі свае эмоцыі. Я спадзяюся, што гэта таксама і сёння праявіцца ў актыўнасці маладых грамадзян, асабліва ў тых, хто галасуе ўпершыню».

Першы касманаўт у гісторыі суверэннай Беларусі Марына Васілеўская падзялілася святочным настроем пасля наведвання выбарчага ўчастка.

— Сёння свята і гэта адчуваецца. Я стрымлівала сябе, каб не пайсці на датэрміновае галасаванне, бо мне вельмі нецярпелася прагаласаваць. Але ўсё ж хацела зрабіць гэта ў самы значны для нашай краіны дзень. І сёння з выдатным настроем паехала на свой участак і прагаласавала. 

Рэктар БДУІР Вадзім Богуш у інфармацыйным цэнтры ЦВК расказаў карэспандэнтам, што прагаласаваў сёлета датэрмінова па месцы жыхарства. Таксама ў ходзе гутаркі ён падкрэсліў асаблівае месца беларускай моладзі ў выбарчым працэсе:

— Электаральная кампанія — важная, адказная для краіны падзея. Варта адзначыць, што цікавасць да яе з боку падрастаючага пакалення высокая. Дарэчы, больш за 95 працэнтаў студэнтаў БДУІР прагаласавалі на выбарах Прэзідэнта датэрмінова. У дзяўчат і юнакоў завяршаецца сесія, і многія праводзяць выхадныя ў коле сям’і. Але ж калі вырашаецца твая будучыня, праяўляць абыякавасць нельга.

Мы бачым высокую ўцягнутасць моладзі ў грамадскае і палітычнае жыццё краіны. Нашы студэнты ўсведамляюць, што будуць неўзабаве развіваць краіну далей, — гэта ў паводзінах моладзі становіцца важным стрыжнем, — адзначыў Вадзім Анатольевіч.

Карэспандэнт «Звязды» ў інфармацыйным цэнтры ЦВК распытала ў рэктара БДУКМ Наталлі Карчэўскай пра яе назіранні і ўражанні ад выбарчай кампаніі:

— На мой погляд, сёлетняя выбарчая кампанія вызначаецца вельмі высокім узроўнем арганізацыі, — падкрэсліла Наталля Уладзіміраўна.

—Як ніколі адчуваецца святочная атмасфера і адсутнічае элемент трывожнасці, які меў месца быць у папярэдняй выбарчай кампаніі. Нарэшце, спадзяюся, пераважная большасць нашага насельніцтва зразумела і свядома падыходзіць да таго, што выбар людзей — гэта толькі іх выбар, а не тое, што падказалі ў тэлеграм-каналах або ў іншых сацыяльных сетках. Прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе — асаблівыя, — рэзюмавала яна.

Як падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, гэтыя выбары — яшчэ адзін крок да ўмацавання беларускага сувернітэту, незалежнасці і самадастатковасці нашай дзяржавы.

«Беларусь з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права, — канстатаваў парламентарый. — Беларуская суб’ектнасць і нацыянальная дзяржаўнасць — геапалітычныя рэаліі. Мы маем свой адметны нацыянальны твар, адметную пазіцыю, і мы ў лепшых беларускіх нацыянальных традыцыях мэтанакіравана, асэнсавана і ўпарта церабім сваю дарогу. Гэта тое, пра што калісьці сказаў Жылка: беларус, калі ўжо ўскараскаўся на гэтую палітычную карту свету, то ён з яе не знікне да другога прышэсця Хрыстовага».

Ігар Марзалюк указаў на тыя дасягненні, якіх Беларусь дасягнула за апошнія 30 гадоў. «Гэта каласальныя змяненні не толькі ў побыце беларусаў, — удакладніў ён. — Гэта з’яўленне не толькі новай інфраструктуры (дарог, будаўніцтва дамоў), а для мяне, як гісторыка, гэта яшчэ і ўмацаванне таго, што я называю архітэктурным суверэнітэтам. Столькі, колькі мы адбудавалі замкаў, ратушаў, сабораў за гэтыя 30 гадоў (і не дзякуючы добрым дзядзькам, якіх не было, а дзякуючы таму, што мы развівалі рэальны сектар нашай эканомікі), нідзе няма». 

Па словах дэпутата, вырасла некалькі пакаленняў нашых грамадзян, для якіх беларускі суверэнітэт і беларуская незалежнасць як кісларод, як самадастатковае, зразумелае паняцце. «Я абсалютна згодзен з нашым Прэзідэнтам, які сказаў, што гэтая пяцігодка будзе пяцігодкай умацавання нашай суверэннай дзяржаўнасці, — заўважыў парламентарый. — Гэтыя пяць гадоў мы павінны патраціць такім чынам, каб ніхто не мог і сумнявацца ў тым, што мы, як дзяржаўная рэальнасць, знікнем з карты свету».

Электаральная кампанія прайшла прадуктыўна, спакойна, на высокім узроўні. Гэта адзначыла дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Яроміч.

«Хочацца адзначыць уцягнутасць людзей, нашай грамадзянскай супольнасці ў бягучую электаральную кампанію. Вельмі шмат размаўляла з моладзю за гэты час, таму магу сказаць дакладна: яны цікавяцца выбарамі Прэзідэнта нашай краіны. Юнакі і дзяўчаты задаюць шмат хвалюючых пытанняў, выказваюць свае думкі. Моладзь хоча бачыць Беларусь мірнай, квітнеючай, суверэннай. Такія словы прыемна чуць ад маладога пакалення.

Наш Прэзідэнт па завяршэннні «Марафону адзінства» адзначыў, што за моладдзю будучыня, і гэтая пяцігодка будзе прысвечана моладзі. Вельмі важна, што наша краіна ўдзяляе асаблівую ўвагу маладому пакаленню, а моладзь у сваю чаргу шануе такія адносіны.

Моладзь вельмі актыўна бярэ ўдзел у электаральнай кампані. Такім меркаваннем з карэспандэнтам «Звязды» падзяліўся рэктар БДПУ імя М. Танка Аляксандр Жук:

— Студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка рэалізавалі або яшчэ будуць да канца сённяшняга дня рэалізоўваць сваё выбарчае права, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. —Мы добра разумеем, што будучыня любой краіны залежыць ад моладзі. Педагогі выхоўваюць падрастаючыя пакаленні, яны асабліва моцна адчуваюць сваю адказнасць. Менавіта таму студэнты нашага ўніверсітэта вельмі актыўна ўдзельнічаюць у гэтых выбарах. Яны робяць свой выбар свядома. Разумеюць, што ад яго будзе залежаць будучыня Беларусі.

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вольга Лазоркіна ў інфармацыйным цэнтры ЦВК расказала журналістам, што новая палітычная культура Беларусі звязана з працай Усебеларускага Народнага Сходу:

— Гэта першы вопыт, калі мы надалі канстытуцыйны статус Усебеларускаму народнаму сходу: 1,2 тысяч дэлегатаў данеслі да грамадзян нашу пазіцыю, — адзначыла яна. — Водгук мы ўбачылі сёння ў поўным аб’ёме. Бачым УНС у дзеянні. Таму мяне высокая яўка не здзіўляе.

Што тычыцца ролі моладзі як важнейшага складніка агульнай колькасці выбаршчыкаў, Вольга Ігараўна адзначыла, што толькі па выніках галасавання можна будзе ўбачыць, які працэнт маладога пакалення браў удзел у выбарах:

— Але я перакананая, што маладыя беларусы, якія валодаюць выбарчым правам, сваю пазіцыю выказалі. Яны разумеюць, што іх голас сёння вельмі важны. Яны выбіраюць сваю будучыню, — рэзюмавала яна.

Як распавёў незалежны назіральнік (Латвійская Рэспубліка) Юрый Аляксееў, ён з пачуццём белай зайздрасці назірае за выбарамі ў Беларусі. «Вы маеце магчымасць прамым галасаваннем выбраць Прэзідэнта, — патлумачыў назіральнік з Латвіі. — У нас толькі сейм выбірае прэзідэнта, а таму выбіраюць самага слабенькага — таго, які ні на што ўплываць не будзе. Калі ў пачатку 1990-х у латвійскім грамадстве ўзнікла пытанне, што, можа, і яны будуць выбіраць прэзідэнта прамым галасаваннем, адказ быў просты: „Народу такое давяраць нельга“. Дагэтуль саспявае латвійскі народ, чаго не скажаш аб беларусах». 

Юрый Аляксееў расказаў, што ў Беларусь ён прыехаў у кастрычніку 2024 года і назаўсёды тут застаецца — на ўмовах саіскальніка палітычнага прытулку. «Уражанні ад краіны цудоўныя, я вельмі люблю Беларусь, — падзяліўся ён. — Мне падабаюцца людзі, якія ўсміхаюцца. У Латвіі, на жаль, ходзяць з такімі тварамі, што як быццам бы ўчора яны пахавалі ўсіх сваіх сваякоў. Цэны ў вас у тры разы меншыя: і на прадукты, і на праезд, і на камунальныя паслугі. А па якасці беларускія прадукты не параўнаць з нашымі: адчуваю, што на беларускай малочцы зараз папраўлюся».

Міжнародны сакратар грузінскай партыі «Салідарнасць у імя міра» Мамука Папія упершыню як назіральнік прымае ўдзел у выбарах Прэзідэнта Беларусі. Аднак раней ён прымаў удзел у аналагічным статусе ў выбарах прэзідэнта Расіі.

— Парушэнняў ніякіх няма. Мяне здзівіла тое, што ўсюды на ўчастках шмат моладзі — я не ведаю, як гэта атрымалася зрабіць, трэба пацікавіцца ў кіраўніцтва Беларусі. Чатыры гады таму была спроба правакацыі супраць беларускай дзяржаўнасці, калі моладзь вывелі на вуліцы, але за гэты час кіраўніцтву дзяржавы ўдалося развярнуць сітуацыю — я так бачу. Трэба гэтаму вучыцца ў першую чаргу Грузіі, ды і астатнім краінам таксама, дзе Захаду ўдалося адабраць дзяцей у іх бацькоў. У гэтых краінах трэба вярнуць і направіць моладзь на правільны хрысціянскі шлях. 

Яшчэ адзін міжнародны назіральнік з Грузіі Міхаіл Жгэнці адзначыў вельмі вялікую яўку. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі аб праходзячай электаральнай кампаніі і абстаноўцы ў краіне ў цэлым.

«Я прадстаўляю грузінскую партыю, прадстаўляю свой народ і хачу запэўніць вас, што многія грузіны з белай зайздрасцю глядзяць на Беларусь як на краіну, якая змагла перажыць ліхія дзевяностыя. За апошнія 30 гадоў вы зрабілі вялікі рывок. Будучы ў дзевяностых памочнікам старшыні парламента Грузіі па лініі МПА СНД, мне даводзілася часта бываць у Мінску. Я бачыў, праз якія церні прайшоў ваш цяперашні Прэзідэнт і ваша краіна, і з кожным годам, з кожным днём у вас становіцца ўсё лепш і лепш. І мы заўсёды ставім у прыклад нашым палітыкам Беларусь і тое, як трэба клапаціцца пра краіну, як клапоціцца ваш урад».

У цэлым, спікер высока ацэньвае нашу электаральную кампанію: «Мы ўбачылі выдатны канцэрт, на якім выступалі маладыя людзі, што спявалі ад душы, ад усяго сэрца. І гэтая арганізаванасць, і гэтае стаўленне народа і ўлады, і гэта энергія, якая ствараецца дзякуючы кіраўніцтву краіны — усё гэта сёння мы ўбачылі на свае вочы. На выбарчых участках вельмі вялікая яўка, мы нават у нейкі момант не змаглі ўсе разам сфатаграфавацца з членамі выбарчай камісіі, таму што людзі ўсё прыходзілі і прыходзілі, і ў нас проста не было такой магчымасці. Шчыра кажучы, за гэтыя тры дні, якія мы правялі ў вас, мы стаміліся, але ў той жа час і адпачылі душой, таму што мы адчуваем сябе як дома». 

Ён дадаў, што выступаючы ў грузінскіх СМІ, заўсёды ставіць ў прыклад нашу краіну, а таксама тое, як павінна клапаціцца ўлада пра свой народ і як народ павінен адказваць на дзеянні і ўсе рашэнні ўладаў: «Таму я жадаю вашай краіне дабрабыту, удачы маладым людзям і старым. Дарэчы, мы ўбачылі, што вельмі шмат пажылых людзей прыходзілі на выбарчыя ўчасткі. Ім было цяжка хадзіць, але яны ўсё роўна прыходзілі. Я спытаў у старшыні камісіі, чаму не было арганізавана галасаванне на даму для гэтай катэгорыі грамадзян. Аказваецца, што гэтыя людзі самі хацелі прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць, і гэта вельмі выдатна. Я яшчэ раз дзякую беларускаму боку за запрашэнне і за тое, што мы тут убачылі. А мы тут убачылі вельмі многае, што спатрэбіцца не толькі Грузіі, але і многім развітым краінам».

Міжнародны назіральнік з Літвы Эдзікас Ягелавічус наведаў некалькі выбарчых участкаў у Беларусі ў дзень выбараў. І найбольш яго ўразіла створаная атмасфера свята.

— Мы прыехалі да ўчастка, пачулі, што іграе музыка, святочны настрой, нас сустрэў старшыня выбарчай камісіі. Відаць, што там працуюць падрыхтаваныя людзі, якія добра ведаюць сваю справу. Пагаварылі з вашымі нацыянальнымі назіральнікамі. Мне спадабалася, што створана святочная абстаноўка. Калі параўноўваць з Літвой, у нас гэта чыстая фармальнасць: чалавек прыйшоў, укінуў бюлетэнь у скрыню — і ўсё. У вас створана сапраўднае свята, таму і яўка больш высокая. Паразмаўляўшы з кіраўніком выбарчай камісіі, я зразумеў, што на гэтым участку чакаюць яўку ў раёне 90 %. Такіх лічбаў я не бачыў раней, гэта вельмі ўражвае. Гэтаму ў вас, беларусаў, можна павучыцца.

У Беларусі на выбарах Прэзідэнта прысутнічала міжнародны назіральнік з Зімбабвэ, старшыня ЦВК Зімбабвэ Прысцыла Чыгумба. Яна знаходзіцца ў складзе дэлегацыі з шасці чалавек:

— Мы вельмі рады наведваць вашу краіну, — адзначыла яна. — Нам вельмі падабаецца сістэма выбараў, арганізаваная ў Беларусі. Нам удалося наведаць некалькі ўчасткаў у перыяд датэрміновага галасавання. У нашай краіне таксама ёсць датэрміновае галасаванне, яно называецца «спецыяльным» і доўжыцца ўсяго адзін дзень. У ім могуць браць удзел толькі дыпламаты, работнікі вайсковай і пэўных іншых сфер. Нам было цікава параўнаць вопыт правядзення выбараў у Беларусі з выбарамі ў Зімбабвэ. 

Сёння нам удалося наведаць некалькі ўчасткаў для галасавання. Таксама пабывалі на адкрыцці аднаго з іх. Усё было арганізавана ў дакладнасці па часе: у 8 гадзін раніцы адкрыліся ўчасткі для галасавання, усё было скаардынавана, падрыхтавана. Мы ўбачылі першых людзей, якія прыйшлі галасаваць на ўчастак. Людзі ведалі, куды ісці і што рабіць. Заўважылі, што прысутнічаюць валанцёры, якія дапамагаюць знайсці дарогу тым, хто прыйшоў, што таксама з’яўляецца добрай практыкай.

Мы таксама разгледзелі сам бюлетэнь для галасавання. Там убачылі ўсе неабходныя вадзяныя знакі і подпісы. Наша дэлегацыя задаволеная тым, што ўбачыла. Мы глядзім, спрабуем пераняць самыя лепшыя рысы сістэмы і спадзяёмся, што зможам іх прымяніць у сваёй краіне, — падсумавала старшыня ЦВК Зімбабвэ.

Міжнародны назіральнік з Аўстрыйскай Рэспублікі Хэндлэр Клаус заявіў, што для таго, каб нешта крытыкаваць, неабходна спачатку ўсё ўбачыць на месцы.У цэлым, па яго словах, кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі амаль нічым не адрозніваецца ад аўстрыйскай.

«Мы вельмы ўдзячны беларускаму боку за запрашэнне. Першае ўражанне вельмі станоўчае, у вас добрая краіна. А для таго, каб нешта крытыкаваць, неабходна спачатку ўсё ўбачыць на месцы, на свае вочы. Спачатку трэба прыехаць, паглядзець, а потым ужо рабіць высновы. Мы ўжо наведалі некалькі выбарчых участкаў і ўсё, што там адбываецца, — адбываецца роўна гэтак жа, як і ў Аўстрыі. Усё арганізавана добра і нейкай крытыкі, нейкіх заўваг у нас няма». 

Замежны назіральнік адзначыў, што ў іх была добрая магчымасць наведаць выбарчыя ўчасткі і ўбачыць працэс датэрміновага галасавання: «І казаць, што людзі прыходзяць пад нейкім ціскам ці пра тое, што гэтае галасаванне штучна арганізаванае — мы не можам, бо людзі прыходзяць масава. На адных участках больш, на іншых участках менш людзей, але ўсё гэта адбываецца нармальна і натуральна. Людзі атрымліваюць бюлетэні, аддаюць свае галасы за любога з кандыдатаў — у цэлым, усё тут адбываецца, як і ў Аўстрыі. Ёсць, вядома, некаторыя адрозненні ў выбарчых заканадаўствах нашых краін, але пры гэтым усё ў парадку. Пакуль мы не фіксавалі якія-небудзь парушэнні, ціск ці нейкую штучную арганізацыю. Усё адбываецца нармальна. Канешне, неабходна разумець, што асобнаму чалавеку цяжка ацаніць увесь працэс. Але зараз мы гаворым пра тое, што я бачыў на свае вочы, наведваючы выбарчыя ўчасткі вашай краіны. І тое, што я сам бачыў, абсалютна не выклікае негатыўных ацэнак».

Міжнародны назіральнік з Кыргызскай Рэспублікі Санжар Муканбетаў выказаў сваё меркаванне адносна правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі.

— Для мяне гэта першы вопыт работы ў якасці міжнароднага назіральніка на выбарах Прэзідэнта. Учора наведалі каля шасці выбарчых участкаў. Усё праходзіць спакойна, у дружалюбнай атмасферы. Сённяшні дзень адчуваецца як свята. Людзі прыходзяць, рэалізуюць сваё выбарчае права. Што хацелася б асабліва адзначыць — гэта магчымасць правядзення датэрміновых выбараў у Беларусі. Ахоп грамадзян літаральна максімальны. Гэта той вопыт, які хацелася б пераняць, — адзначыў Санжар Турдукажоевіч.

Міжнародны назіральнік Іван Іванавіч заявіў, што беларусы з задавальненнем прыходзяць прагаласаваць на свае выбарчыя ўчасткі.  Па яго словах, Прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне з’яўляюцца каштоўнымі і дэмакратычнымі.

— Гэта не першы мой візіт у Беларусь. І ў мінулыя разы, і сёння я вельмі захапляюся тым, як развіваецца ваша краіна. Хачу выказаць толькі самыя добрыя словы. Гэта зямля, якая сапраўды з’яўляецца багатай і па культуры, і па менталітэце, і па духоўных каштоўнасцях, якія мы таксама падзяляем разам з сербскім народам. Вашы каштоўнасці нам блізкія, і мы цалкам падтрымліваем вас.

Ён адзначыў, што прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне праходзяць з выкананнем ўсіх міжнародных норм і стандартаў: «У нас ўжо была магчымасць наведаць многія выбарчыя ўчасткі, і ўсюды мы ўбачылі, што людзі з задавальненнем прыходзяць прагаласаваць. Гэта датычыцца як да прадстаўнікоў маладога пакалення, так і да сталых людзей. Мы назіраем у вашых грамадзян вялікае жаданне выбраць будучыню сваёй краіны і таго лідара, які зможа весці Беларусь далей. Хочацца пажадаць ўдачы таму чалавеку, што набярэ найбольшую колькасці галасоў. 

Паводле слоў міжнароднага назіральніка, ва ўсіх выбарчых участках нашай краіны выконваюцца міжнародныя нормы і стандарты: «Гэта яшчэ раз паказвае, наколькі каштоўнымі і дэмакратычнымі з’яўляюцца выбары ў Беларусі. І мы вельмі гэтаму рады».

Яшчэ адзін сербскі назіральнік, прафесар Бялградскага ўніверсітэта, доктар палітычных навук Міраслаў Младэнавіч ўпершыню выступае ў такой ролі. Ён расказаў, наколькі супадае палітычная тэорыя, якую ён выкладае ва ўніверсітэце, з рэальнай практыкай, якая адбываецца гэтымі днямі ў нашай краіне.

«Я тэорыю выбараў ведаю, але раней удзельнічаў у іх толькі як грамадзянін Сербіі. Цяпер жа я ўпершыню выступаю ў ролі назіральніка. Перад візітам я вывучыў Канстытуцыю Беларусі і Выбарчы кодэкс. Вядома, заўсёды можна спрачацца пра дэталі або прапаноўваць змены. Але кожная краіна павінна сама вызначаць свае законы. Галоўнае, каб гэтыя законы выконваліся».

Міжнародны назіральнік прызнаўся: калі прыехаў у Беларусь, быў прыемна здзіўлены, бо арганізацыя прэзідэнцкіх выбараў уладкаваная так, як патрэбна: «Я паглядзеў, як уладкаваны выбарчыя ўчасткі. У іх працуюць выдатныя прафесіяналы. Сапраўды не магу адзначыць нічога дрэннага. Пакуль галасаванне праходзіць без парушэнняў. Спадзяюся, што так і застанецца». 

Міраслаў Младэнавіч у беларускай сталіцы ўпершыню: «Але адчуваю сябе так, як быццам нарадзіўся тут. Калі шчыра, чакаў, што будзе нешта непрыемнае. Але я ўбачыў, што на выбарчых участках абсалютна ўсе людзі добра працуюць. Яны сур’ёзныя, але адначасова добразычлівыя, вясёлкавыя. Тое ж самае датычыцца і простых выбаршчыкаў. Яны з задавальненнем ідуць з намі на кантакт, — расказаў спікер, дадаўшы, што выкладае ў Бялградскім універсітэце курс «Сучасныя палітычныя сістэмы». — Яны ўключаюць у сябе, вядома, і выбарчую сістэму. Я вывучыў і Канстытуцыю Беларусі, і ваш Выбарчы кодэкс. І тое, што я хацеў тут паглядзець, — ці супадае гэта ўсё на практыцы. У выніку — усё абсалютна супадае. Вядома, можна крытыкаваць і параўноўваць розныя заканадаўствы. Але ў выбарах будучыні Беларусі важна рашэнне беларускага народа.

Дэпутат парламента Сербіі Драган Станаевіч наведвае нашу краіну ў чацвёрты раз, цяпер — у якасці міжнароднага назіральніка. Некаторыя яго калегі прыехалі ў Беларусь упершыню.

— Кожны раз у мяне незабыўныя ўражанні, а мае калегі, якія раней не былі, проста ў прыемным шоку — ад Беларусі, ад таго, як тут усё ўладкавана. Вельмі ўражвае Мінск — наколькі ўсё тут усё зроблена для людзей, пачынаючы ад вуліц і дамоў. Вы такога ў Еўропе не ўбачыце — ёсць кварталі, дзе ўсё зіхаціць, а ёсць тыя, дзе зіхаціць бездань. У вас іншая сітуацыя, дзе ўсё — для людзей. Акрамя таго, уражвае, наколькі тут дамашняя прадукцыя. Калі апынуліся ў Беларусі, першае, што я купіў — кефір, бо ён сапраўдны, са знакам якасці. Я жыў і ва Украіне, і ў Расіі, і бачу, як беларусы якасна да ўсяго адносяцца. Нідзе няма такой якасці, не толькі да прадуктаў , а да ўсяго — да вытворчасці, да людзей. 

Міжнародны назіральнік пабываў на дзясятках выбарчых участкаў.

— На выбарчых участках шмат прафсаюзных назіральнікаў. Каго сёння на Захадзе цікавіць прафсаюз? Там поўны капіталізм, і ніхто рабочым класам не цікавіцца. У Беларусі залатая сярэдзіна, дзе ўсё робіцца для чалавека, дзяржава ўсё прадумала і абараняе інтарэсы звычайнага чалавека. На Захадзе абараняюць уладу і інтарэсы алігархаў.

Рэзалюцыю Еўрапарлементу з патрабаваннем непрызнання выбараў Прэзідэнта ў Беларусі Драган Станаевіч назваў умяшаннем у справы незалежнай краіны.

— Уся іх палітыка зводзіцца да таго, што яны ўмешваюцца ва ўнутраныя справы дзяржавы. Яны і прэзідэнта вам «выбіраюць» — напэўна, у вас ёсць яшчэ нейкі прэзідэнт, праўда, яго выбраў не народ, а яны. Гэта дэмакратыя: яны каго захацелі, выбралі, а народ ніхто не пытае. Мы на сабе адчулі іх дэмакратыю ў 1999 годзе, калі бомбы НАТА ляцелі па ўсёй Сербіі, калі забівалі дзяцей і знішчалі інфрастурктуру. 

Пра адкрытасць выбараў у Беларусі сведчыць, паводле меркавання эксперта, той факт, што запрошаны міжнародныя назіральнікі.

Беларусь сказала: усё адкрыта, прыходзьце, глядзіце. Іх не задавальняе, бачыць гэту праўду. Сведкамі таго, як адбываюцца выбары ў Беларусі, стануць 300-400 чалавек, і ўсе паедуць у свае краіны і будуць там даваць інтэрв’ю. Як мне адтуль хтосьці растлумачыць, што яны лепш ведаюць тое, што я бачыў тут? Іх не задавальняе, што Беларусь — незалежная дзяржава, і яны не могуць кіраваць працэсамі ў ёй. Там дзе ёсць іхняя дэмакратыя, дзяржавы не застаецца. Таму дзякуй ім за клопат, але няхай яны клапоцяцца пра сваіх.

Незалежны назіральнік (Рэспубліка Польшча) Томаш Шмідт адзначыў, што ў першую чаргу ацэньвае электаральную кампанію ў нашай краіне з юрыдычнага пункту гледжання. «Яна праходзіць па законах Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — Калі параўноўваць з заканадаўствам Еўрасаюза, усё адбываецца правільна. Таму вельмі здзіўлены, што Еўрасаюз даў крытычную ацэнку электральнай кампаніі ў вашай краіне. Для мяне як юрыста гэта не зразумела: выбары яшчэ не пачаліся, а заява Еўрасаюза па гэтай тэме ўжо ёсць. Як прафесіянал кажу — гэта проста жахліва. За гэту заяву ацэнка дзейнасці Еўрасаюза — нуль».

Томаш Шмідт пабываў на некалькіх выбарчых участках у сталіцы і не толькі. «Мяне здзівіла, што людзі так спакойна, мірна паводзяць сябе на выбарчых участках, — падзяліўся незалежны назіральнік. — Культурныя прадстаўленні, песні — гэта народнае свята, свята для людзей Беларусі. Не толькі выбары, а і свята. Мне гэта вельмі падабаецца».

Томаш Шмідт знаходзіцца ў нашай краіна не першы месяц. «У Беларусі вялікія магчымасці для развіцця, — лічыць ён. — Для Беларусі не страшна, што няма развіцця адносін з краінамі ЕС, бо ёсць эфектыўнае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва з краінамі Азіі. Санкцыі, якія накладзены на вашу краіну, Беларусь перамагла».

Міжнародны назіральнік з Польшчы Кшыштаф Талвінскі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК расказаў карэспандэнту «Звязды», што ён думае пра непрызнанне і ангажыраванае стаўленне да беларускіх выбараў з боку Еўрасаюза.

Паводле яго слоў, рана ці позна грамадзяне Беларусі паедуць у Еўрапейскі саюз. Яны, пачуўшы ў еўрапейскіх краінах, што іх голас няважны і што выбары былі сфальсіфікаваныя, змогуць зрабіць адпаведны вывад: атрымліваецца, што беларусаў, якія пайшлі на выбары, еўрапейскія палітыкі, парламентарыі ні ў што не ставяць, што іх голас не мае ніякага значэння. А што мае значэнне ў сваю чаргу — дык гэта меркаванне еўрапейскіх палітыкаў, якія да гэтых выбараў не маюць ніякага дачынення.

— Прычынай непрызнання і ангажыраванага стаўлення да беларускіх выбараў з’яўляецца тое, што англасаксы прайгралі гэтыя выбары на тэрыторыі Мінска, — адзначыў міжнародны назіральнік. — Тое, што іх інстытуты ўплыву вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і іх ўплыў у цэлым тут роўны нулю. 

Галоўнай прычынай гэтага я б назваў дэградацыю Еўропы, перманентныя гаспадарчыя, энергетычныя, эканамічныя крызісы. Немалаважнае значэнне мае ўзровень карупцыі. Рэспубліка Беларусь выбрала падтрымку Расійскай Федэрацыі. 

Пытанне стаіць ўжо не аб падтрымцы, прызнанні або непрызнанні выбараў, а аб захаванні Еўропы ў сучасных рэаліях. Аб далейшым існаванні самога Еўрасаюза. Будзе ён далей рухацца па нахіленай ці ж выбярэ цывілізацыйны падыход у сваім развіцці.

Карэспандэнт турэцкага інтэрнэт-партала ODA TV Окай Дэпрэм у інфацэнтры Цэнтральнай выбарчай камісіі расказаў, што ў Беларусі бываў неаднаразова. На гэты раз ён прыехаў у Мінск у якасці эксперта па назіраннямі за выбарамі Прэзідэнта.

— Маштабы выбараў Прэзідэнта ўражваюць. Яна арганізаваны сістэматычна, зладжана. Я да гэтага моманту не сутыкнуўся ні з адной складанасцю, — адзначыў карэспандэнт.

Што датычыцца асвятлення выбараў у медыя і работы беларускіх журналістаў, Окай Дэпрэм адзначыў, што не першы раз узаемадзейнічае з беларускімі калегамі:

— У Беларусі дастаткова добра развітыя традыцыі, інфраструктура, база журналістыкі. Я заўважыў, што ў вас актыўна задзейнічаны і радыё, і тэлебачанне, і друкаваныя СМІ, і сайты па асвятленні выбараў. Журналісты прафесійныя, добра падрыхтаваныя. І гэта ўсё не выпадкова.

Маладое пакаленне грамадзян Беларусі дастаткова актыўна зацікаўлена ў развіцці незалежнай і суверэннай Беларусі.Такую думку выказаў прадстаўнік Місіі назіральнікаў ад СНД Юрый Петухоў. Па яго словах, выбарчы працэс арганізаваны максімальна празрыста і дакладна.

— Усе выбарчыя камісіі валодаюць поўным аб’ёмам кампетэнцый, прафесіяналізмам. Арганізавана галасаванне на даму, а таксама бачна зручнасць і камфортнасць на ўсіх выбарчых участках краіны. Праводзяцца канцэрты, гульнявыя заняткі і іншае. Адзначу, што беларусы робіць свой выбар на наступныя гады развіцця. Гэта вельмі важна, і актыўны ўдзел людзей гэта падкрэслівае. 

Ён таксама пракаментаваў заяву аб тым, што Еўрасаюз не прызнае вынікі беларускіх выбараў: «Не Еўрасаюзу ўказваць, наколькі легітымныя або нелегітымныя выбары пасля Малдовы і, асабліва, пасля Румыніі, калі мы бачым абуральнае парушэнне ўсіх міжнародных нормаў, калі раптам даюць указанні і Канстытуцыйны суд адмяняе вынікі першага тура галасавання, таму што гэта камусьці нязручна. Што датычыцца Малдовы, мы ўбачылі наогул абуральны выпадак, калі выбарчыя ўчасткі ў поўным аб’ёме адкрываюцца ў еўрапейскіх дзяржавах і па мінімуму выбарчых участкаў — у Расійскай Федэрацыі, дзе прысутнічае велізарная колькасць малдаўскай дыяспары. Ці не гэта, прабачце мяне, двайныя стандарты і двайныя падыходы? Таму казаць пра тое, што яны не прызнаюць беларускія выбары пры тым, што яны яшчэ нават не адбыліся, галасаванне яшчэ не скончылася — гэта смешна і непрафесійна. Глупства — умешвацца ў суверэнныя справы незалежнай дзяржавы». 

Ён акцэнтаваў: «На легітымнасць беларускіх выбараў гаворыць яўка выбаршчыкаў, актыўны ўдзел у галасаванні, адсутнасць скаргаў і міжнароднае назіранне. Я маю зносіны з калегамі больш чым з 52 краін, і ўсе абсалютна адзначаюць — выбарчы працэс адкрыты, дэмакратычны, выразна арганізаваны, ніякіх парушэнняў няма. Вось гэтая ацэнка важная, а не ацэнка Еўрасаюза. Ці важна нам тое, што там думаюць у Еўрасаюзе? Я лічу, што важна, каб беларускі народ прыняў вынікі галасавання, вынікі выбараў. Вось гэта галоўнае. А ацэнкі Еўрасаюза, што апошнім часам моцна дыскрэдытаваў сябе, лічу, наогул няважнымі».

Як падкрэсліў міжнародны назіральнік з Германіі Фарыд Закіраў, ён не бачыць ніякіх незвычайнасцяў у выбарчай кампаніі ў Беларусі. «Грамадзяне, якія валодаюць выбарчым правам, маглі азнаёміцца з праграмамі ўсіх кандыдатаў, яны былі даступныя, — удакладніў міжнародны эксперт. — Я нават сам будучы ў Германіі паглядзеў іх. Таксама людзям была прадастаўлена магчымасць пагутарыць з кандыдатамі ў Прэзідэнты, а таксама іх даверанымі асобамі».

Фарыд Закіраў звярнуў увагу на спакойную абстаноўку на беларускіх вуліцах. «Народ сам робіць свой выбар, — падкрэсліў ён. — І няважна, якія ёсць рэзалюцыі. Гэта як у футболе, калі перад трэніроўкай трэнер кажа: «Нам няважна, як будуць гуляць іншыя, мы павінны гуляць сваю гульню». 

Кажучы аб непрызнанні некаторымі краінамі легітымнасці папярэдніх выбараў у Беларусі, эксперт з Германіі падкрэсліў, што легітымнасць — гэта пытанне, якое вырашаецца выключна ўнутры краіны. «Я працаваў у вашай краіне, знаёмы з ментальнасцю беларусаў, прыкладна разумею, як жыве соцыум, а таму магу рабіць высновы, — заўважыў ён. — Але калі нехта пачынае казаць дрэннае пра краіну, у якой ні разу не быў, гэта па меншай меры нават не ветліва. Расказваць казкі можна заўсёды. А я вам раскажу іншае: у сталовай футбольнага клуба „Дынама-Брэст“ абед каштаваў у раёне трох-чатырох рублёў, а гэта адзін еўра. Пакажыце мне ў Германіі, акрамя студэнцкай сталовай у Брэмэне, дзе 20 гадоў абед каштаваў два еўра, цяпер будзе каштаваць столькі ж?!»

Фарыд Закіраў расказаў, што днямі гуляў каля свайго дома ў Брэмене і да яго падышла суседка, якая паскардзілася на вялікую колкасць паперы на зямлі, нанесеную туды ветрам са сметніка. «І я ёй кажу: «Вам трэба наведаць Беларусь, бо там заўсёды чыста, — сказаў эксперт. — Такой чысціні, як у вас, я не бачыў нідзе. Гэта я кажу вам як чалавек, які наведаў амаль 40 краін».

Міжнародны назіральнік Назрын Гасымава з Азербайджана прадстаўляе Маладзёжную арганізацыю «Рух недалучэння». Яна падзялілася сваімі назіраннямі за ходам электаральнай кампаніі.

— Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праходзяць паспяхова, спакойна і мірна. З пятніцы і да асноўнага дня мы наведвалі выбарчыя ўчасткі. Хочацца адзначыць, што абсалютна ўсе людзі — ад моладзі да пенсіянераў — актыўна ўдзельнічалі ў галасаванні. Дарэчы, у нас нават была магчымасць прысутнічаць пры галасаванні Прэзідэнта. У цэлым, работа ў якасці міжнародных назіральнікаў — гэта добрая практыка для нас. 

Назрын адзначыла, што Беларусь — гэта добрая, выдатная краіна: «Нам вельмі спадабалася ў Мінску, бо тут жывуць добрыя, гасцінныя людзі. Гэта мой першы візіт сюды, першы досвед работы ў якасці міжнароднага назіральніка ў іншай краіне, які я запомню надоўга. У цэлым, арганізацыю электаральнай кампаніі я ацэньваю добра, бо бачу, што для людзей былі створаныя выдатныя ўмовы. Гэта датычыцца і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Акрамя таго, вельмі правільна, што ў вашай краіне ёсць датэрміновае галасаванне, якога, напрыклад, няма ў нас у Азербайджане. Гэта вельмі добрая ініцыятыва — даць магчымасць людзям прагаласаваць загадзя».

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю