У Чэрвені, што ў Мінскай вобласці, урачыста адкрылі новы адміністрацыйна-бытавы будынак Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і мадэрнізаваную пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1. Гэтыя аб’екты забяспечаць бяспеку звыш 33 тысяч жыхароў раёна і стануць важным крокам у павышэнні эфектыўнасці работы ратавальнікаў.
У важнай падзеі прынялі ўдзел кіраўнік цэнтральнага рэгіёна Аляксей Кушнарэнка і міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.
У сваім выступленні губернатар Міншчыны адзначыў, што ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічных баз падраздзяленняў МНС стала ўжо добрай традыцый: «Мы гэта робім мэтанакіравана, разумеючы, што ад узроўню аснашчэння і стварэння вам прафесійных умоў залежыць тое, наколькі аператыўна і якасна ратавальнікі будуць выконваць сваю работу, выконваць сваю асноўную місію па захаванні здароўя і жыцця нашых людзей».

Міністр па надзвычайных сітуацыях у сваю чаргу падзякаваў кіраўніцтву аблвыканкама за праведзеную сумесную работу. І падкрэсліў, што Мінская вобласць як ніякая іншая вобласць укладвае і мадэрнізуе пажарна-выратавальнае абсталяванне, забяспечваючы высокую ступень гатоўнасці службаў да рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і павышаючы ўзровень бяспекі насельніцтва: «Па-сапраўднаму Міністэрства па надзвычайных сітуацыях здабыла контуры ратавальнага ведамства толькі пасля таго, калі ў яе ўвайшла пажарная служба МУС Рэспублікі Беларусь. Тады з’явіліся выратавальныя падраздзяленні, падраздзяленні хуткага рэагавання, пачалі развівацца нашы атрады, атрымалі на ўзбраенне авіяцыйную групоўку, шэраг іншых паўнамоцтваў, якія былі ўскладзены на Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І, вядома ж, развіваць МНС можна толькі ўдасканальваючы работу баявых падраздзяленняў. Як ніякая іншая вобласць, Мінская ўкладвае сілы і сродкі ў развіццё аварыйна-выратавальных падраздзяленняў, развівае і мадэрнізуе тэхніку, удасканальвае магчымасці. Я спадзяюся, так будзе працягвацца і далей. Ратавальнік павінен пастаянна ўдасканальваць свае навыкі, уменні. Безумоўна, гэта не можа не праходзіць без удасканалення базы МНС, такіх вось пажарных аварыйна-выратавальных часцей, пастоў, атрадаў, якія мы сёння развіваем у цэлым па краіне».
Новы комплекс абсталяваны сучаснымі памяшканнямі для камфортнага нясення службы работнікаў: пакоямі для прыёму ежы, трэніровачнай залай, памяшканнямі для сушкі і захоўвання пажарных рукавоў і баявога адзення, а таксама пакоем псіхалагічнай разгрузкі і адпачынку. Усё гэта спрыяе павышэнню прафесійнай і фізічнай падрыхтоўкі ратавальнікаў, а таксама ўплывае на аператыўнасць і якасць рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.
Абараняючы горад Чэрвень і 49 населеных пунктаў раёна, мадэрнізаванае падраздзяленне зоймецца аховай бяспекі важных сацыяльных і прамысловых аб’ектаў — бальніц, школ, дзіцячых садкоў, інтэрнатаў, а таксама прадпрыемстваў, уключаючы ААТ «Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка», ПВУП «Нафтабітумны завод» і ПВУП «Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота: тэлеграм-канал «Минская область|О главном»