Top.Mail.Ru

У Чэрвені стартаваў абласны этап конкурсу «SUPERПРОФІ-2025»

У Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і вольнага часу быў дадзены старт абласному этапу конкурсу «SUPERПРОФІ-2025».

Сёлета ў Мінскай вобласці ўдзел у конкурсе прымаюць каля 60 маладых людзей ва ўзросце да 31 года, якія прадстаўляюць самыя розныя сферы дзейнасці — прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, бяспеку і ахову...

Найбольшая колькасць канкурсантаў, якія прайшлі адбор на абласны этап, у намінацыях «SuperПРОФІ ў сферы аховы здароўя», а таксама «SuperПРОФІ ў сферы адукацыі і навукі»: у фінале свае здольнасці прадэманструюць больш за 20 медыкаў і педагогаў. 

Абласны этап конкурсу будзе праходзіць на працягу трох дзён, з 7 па 9 кастрычніка, а сёння на сцэну Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу выйшлі прэтэндэнты на перамогу ў намінацыях "SuperПРОФІ ў сферы аховы здароўя"; "SuperПРОФІ ў сферы работы з моладдзю"; "SuperПРОФІ ў сферы культуры". Маладыя актывісты расказалі, чаго чакаюць ад конкурсу і чаму вырашылі паўдзельнічаць, адклаўшы справы па асноўным месцы працы. 

Алена Няфёдава, напрыклад, пяць гадоў працуе дзіцячым анколагам, гематолагам у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. У цэнтр прыйшла па размеркаванні, установу выбрала сама. Дзяўчына таксама захапляецца навуковай дзейнасцю, вучыцца ў аспірантуры, даследуе тэму інвазіўных грыбковых інфекцый: «З’яўляюся супрацоўнікам аддзялення інфекцыйнага кантролю. Лічу, што наш цэнтр — перадавы па аснашчэнні, дыягностыцы, ён досыць хутка развіваецца, што дазваляе аказваць дапамогу дзецям на высокім узроўні, ратуючы іх жыцці». Удзельнічаць у конкурсе Алена вырашыла, каб праявіць сябе, прадэманстраваць творчыя здольнасці. Хоча расказаць прадстаўнікам іншых прафесій, у чым заключаецца яе работа і чаму яна важная.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Павел Шайтанаў марыў вярнуцца ў каледж у якасці педагога. «І я яе ажыццявіў, — падзяліўся малады чалавек. — Праўда, да гэтага давялося паслужыць у радах Узброеных Сіл. Пачынаў выкладчыкам спецыяльных тэхнічных прадметаў, затым паступіў у педуніверсітэт. І цяпер займаюся ваенна-патрыятычным выхаваннем у каледжы. Гэта месца, дзякуючы якому я вырас прафесійна, тут ёсць падтрымка, таму я працягваю далей вучыцца. Ужо ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь».

Работа з моладдзю яму падабаецца, таму Павел актыўна ўключаецца ў мерапрыемствы сам, прыцягваючы да ўдзелу сваіх вучняў. І гэта распаўсюджваецца не толькі на актыўнасці ваенна-патрыятычнага профілю. «Моладзь у нашай краіне цудоўная, яна шануе дзяржаву, памяць пра продкаў, асвойвае ўсё новае і перадавое. І я хачу гэта данесці ў тым ліку праз удзел у конкурсе», — дадаў ён.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю