Нацыянальны каляндар прадугледжвае вакцынацыю дзяцей супраць 14 інфекцый. Да прышчэпак супраць туберкулёзу, віруснага гепатыту В, дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, поліяміеліту, гемафільнай інфекцыі, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, грыпу, віруснага гепатыту А сёлета дадаліся прышчэпкі супраць ВПЧ (віруса папіломы чалавека) і пнеўмакокавай інфекцыі, а таксама з’явілася дадатковая рэвакцынацыя супраць коклюшу. Мы высветлілі, з чым звязана папаўненне Нацыянальнага календара і чаму прышчэпкі ігнараваць не варта.
Пнеўмакок, які выклікае глухату і паралічы
Кожная краіна самастойна вырашае, якія вакцыны рэкамендаваць насельніцтву ў залежнасці ад эпідэміялагічнага становішча. Большасць нацыянальных календароў практычна аднолькавыя.
Да 2025 года прышчэпку ад пнеўмакокавай інфекцыі ў Беларусі бясплатна атрымлівалі толькі дзеці з груп рызыкі. Напрыклад, малыя, якія перанеслі тры і больш гнойных атытаў за год, з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі і хваробамі лёгкіх, цукровым дыябетам і інш. Аднак дзеці да двух гадоў таксама ў групе рызыкі, раней іх прывівалі толькі за асабістыя сродкі бацькоў.
— Пнеўмакокавая інфекцыя — рэспіраторнае захворванне, якое праяўляецца носьбіцтвам пнеўмакока ў насаглотцы або развіццём захворвання ў выглядзе неінвазійных формаў (напрыклад, вострага сярэдняга атыту і пнеўманіі без бактэрый), або інвазійных формаў (сепсіс, гнойны менінгіт, пнеўманія з бактэрыяміі, эндакардыт, перыкардыт, артрыт, астэаміэліт). Найбольш схільныя да развіцця клінічна значных форм пнеўмакокавай інфекцыі дзеці першых
5 гадоў жыцця, — расказвае ўрачін-фекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я ПЕТРАЧУК. — У дзяцей да двух гадоў жыцця пнеўмакок сябе паводзіць вельмі агрэсіўна і выклікае ў асноўным генералізаваныя формы інфекцыі, таму так важна абараніць немаўля як мага раней.
Пнеўмакок мае і шэраг ускладненняў: у 54 % выпадках страта слыху звязана з перанесеным пнеўмакокавым менінгітам, а пасля пнеўмакокавага менінгаэнцэфаліту ў 15 % выпадках застаецца сутаргавы сіндром, паралічы, затрымка разумовага развіцця, у 30 % выпадкаў — неўралагічныя парушэнні.
Для вакцынацыі СААЗ рэкамендуе трохдозавую схему, пачынаючы з узросту 6 тыдняў. Такая схема выкарыстоўваецца цяпер і ў нас: вакцынацыя з 2 доз у першым паўгоддзі жыцця з бустарам у год.
Каварны стадзённы кашаль
Да бягучага года апошняя рэвакцынацыя супраць коклюшу была ў дзяцей у 18 месяцаў. Цяпер уводзіцца яшчэ і дадатковы бустар у шэсць гадоў. Гэтай тэндэнцыі прытрамліваецца ўвесь свет, каб падоўжыць імунітэт ад дадзенай інфекцыі, і наша краіна не з’яўляецца выключэннем.
— Інфекцыя вельмі каварная, тыповы «стадзённы кашаль» з’яўляецца не адразу, і спачатку хворы не мае ніякіх адметных прыкмет коклюшу. А ў прышчэпленага класічная карціна коклюшу так і не праявіцца. Але менавіта на першым тыдні хваробы чалавек максімальна заразны, асабліва для дзяцей груднога ўзросту, бо сваю першую вакцыну яны атрымаюць у два месяцы, і калі мама не прышчэплівалася своечасова падчас цяжарнасці ад коклюшу, то дзіця не мае імунітэту супраць гэтай інфекцыі. А ў такіх дзяцей коклюш, як правіла, працякае ў рэанімацыі, з дыхальнай недастатковасцю і ўскладненнямі, — тлумачыць Дар’я Петрачук.
Ад папілом да раку
З гэтага года будуць прышчэпліваць дзяўчынак з 11 гадоў супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ). Цяпер вакцына ўваходзіць у Нацыянальны каляндар. Рабіць прышчэпку будуць аднаразова. У Беларусі даўно зарэгістравана вакцына супраць ВПЧ, але раней ахвотныя прышчэпліваліся толькі на платнай аснове.
— На сёння вядома больш за 100 вірусаў папіломы чалавека. Частка з іх з’яўляецца правакатарам скурных утварэнняў — папілом, кандылом, бародавак. Іншыя атакуюць слізістыя палавых органаў. Група гэтых папіломавірусаў уключае нізка- і высокаанкагенныя штамы. Пры інфіцыраванні нізкаанкагеннымі штамамі інфекцыя спыняецца на стадыі папілом і кандылом, у адрозненне ад высокаанкагенных сератыпаў, пры заражэнні якімі існуе значная рызыка пераходу інфекцыі ў пухлінную трансфармацыю. Існуе прынамсі 14 высокаанкагенных штамаў, з якіх найбольш часта сустракаюцца 16-ы і 18-ы сератыпы, менавіта яны і ўтрымліваюцца ў вакцыне. Сумарна яны адказваюць за 70 % выпадкаў раку шыйкі маткі. Далучэнне іншых штамаў павышае рызыку анкапаталогіі да 90 %, — кажа Дар’я Петрачук, звяртаючы ўвагу, што вірус папіломы чалавека выклікае не толькі рак шыйкі маткі, але і анказахворванні іншых лакалізацый.
Пастаўкі вакцыны супраць ВПЧ у нашу краіну будуць ажыццяўляцца ў маічэрвені, а вакцынацыя пачнецца з другога паўгоддзя.
Ці актуальная вакцынацыя ад каранавіруса?
Сярод рэспіраторных інфекцый, якія таксама можна папярэдзіць вакцынацыяй, — грып і каранавірусная інфекцыя. Прышчапляцца ад іх рэкамендуецца перад пачаткам сезона захваральнасці.
— У нашай краіне вызначаны перыяд, калі пачынаецца імунізацыя, і зроблена гэта з пазіцый доказнай медыцыны.
Актыўная цыркуляцыя вірусаў, як правіла, пачынаецца ў асенні перыяд. Вакцынацыя стартуе з верасня-кастрычніка, каб забяспечыць абарону на час актыўнай цыркуляцыі рэспіраторных вірусаў, у тым ліку грыпу, які прыходзіць найчасцей у студзені-лютым, — кажа Ала ДАШКЕВІЧ, намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Гэтак жа рэкамендуецца прышчапляцца і супраць каранавіруса — перад пачаткам сезона. У нашай краіне для гэтага маецца вакцына расійскай вытворчасці.
— Каранавірус набыў статус сезоннай рэспіраторнай інфекцыі, таму вакцынацыя мэтазгодная перад пачаткам сезона, — адзначыла Ала Дашкевіч.