Чатырыста сорак чатыры старонкі, фармат — амаль кананічны in quarto, рэдкі для сучаснага кнігавыдання, які адразу наводзіць чытача на думку: перад намі фундаментальная праца. У аснову масава-палітычнага выдання «Час выбраў» («Время выбрало» / Максим Осипов, Ольга Ануфриева. — Минск: Звязда, 2025) ляглі матэрыялы аднайменнага праекта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», прысвечанага тэме станаўлення і развіцця суверэннай Беларусі. Афіцыёз, нуда? Ні ў якім разе. Перад намі плён карпатлівай працы ў архівах і апісанне падзеі гісторыі незалежнай беларускай дзяржавы праз адлюстраванне сучаснай перыёдыкі, пачынаючы з 1994 года, калі Прэзідэнтам маладой краіны, што пасля распаду СССР балансавала на мяжы бездані, стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
«Советская Белоруссия» (цяпер — «Беларусь сегодня»), «Рэспубліка», «Народная газета», «Беларуская ніва» (сёння — «Сельская газета»), — вытрымкі з матэрыялаў, фотакопіі зжаўцелых ад часу старонак, дакументальныя сведчанні таго, што ўсё гэта было, страшная будзённая хроніка безнадзейнасці даказвае наглядна: тыя, хто заспеў згаданыя часы, ніводным словам не хітруюць і не хлусяць. І на гэтым фоне — новаабраны Прэзідэнт, якога ў друку называюць Дон-Кіхотам, напамінае: «У нас ва ўсіх, такіх розных, адна зямля, адна Радзіма, ёсць дзеля чаго і для каго жыць і працаваць».Шаснаццаць частак, раздзеленых па храналогіі, паступова раскрываюць чытачу гісторыю жыцця краіны — без дыдактыкі і павучанняў, не ў фармаце школьнага падручніка ці сухой бюракратычнай даведкі: у кароткіх, але шматлікіх газетных вытрымках б’ецца пульс часу, з архіўных фотаздымкаў глядзяць людзі, спачатку з пакутлівых 1990-х — стомленыя і згаслыя, але чым далей, тым больш святлеюць твары, на якіх адбіваецца надзея, і вось ужо мы бачым сённяшніх беларусаў: спакойных, упэўненых у заўтрашнім дні, якія ганарацца вынікамі сваёй працы.
- Бачым, як падымаецца спустошаная сельская гаспадарка, робіцца моцнай і квітнеючай на зайздрасць усяму свету, як ажываюць заводскія цэхі, падымае галаву сацыяльная сфера, забяспечваючы грамадзянам усё больш высокі ўзровень абароненасці, як адкрываюцца спартыўныя арэны — патрэбны складнік міжнароднага іміджу і месца, дзе будуць кавацца будучыя перамогі нашых спартсменаў, як узводзіцца адзін са знакавых будынкаў сталіцы — Нацыянальная бібліятэка, рэстаўрыруюцца культурныя перліны Беларусі — Вялікі тэатр, Мірскі замак, будуюцца дарогі і масты...
Ірына АЎСЕП’ЯН