Top.Mail.Ru

У чым перспектыва развіцця гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Азербайджана? Адказаў Турчын

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым расказаў, у чым перспектыва развіцця гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Азербайджана, паведамляе БелТА.



Прэм’ер-міністр Беларусі паведаміў, што ён першы раз у Баку і горад яго ўразіў — побач з ультрасучаснымі будынкамі знаходзяцца старажытныя дамы, а таксама ўсё ўвіта зеленню.

— Адчуваецца ўважлівае стаўленне да развіцця горада, — канстатаваў ён і дадаў, што першы дзень афіцыйнага візіту беларускай дэлегацыі 5 мая ў Азербайджан выдаўся плённым.

Прэм’ер-міністр назваў сумесныя вытворчасці ключавым кірункам развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін.

У прыватнасці, у першы дзень афіцыйнага візіту Аляксандр Турчын наведаў азербайджанскае прадпрыемства, дзе рэалізаваны праект па зборцы беларускіх ліфтаў.

— Лакалізацыя ў іх складае 65 % ужо толькі на пачатковай стадыі. Гэта яскравы прыклад сумеснага прадпрыемства, якое зрабілі беларускія і азербайджанскія партнёры, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Акрамя таго, Аляксандр Турчын адзначыў вялікі патэнцыял Гянджынскага аўтамабільнага завода як базы, на якой можна збіраць беларускую пажарную, камунальную тэхніку, трактары.

— Менавіта ў сумесных вытворчасцях бачу я вялікую перспектыву супрацоўніцтва 

Беларусі і Азербайджана, а таксама ёсць шмат новых кірункаў, па якіх мы маглі б працаваць, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у час сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным назваў асноўныя кірункі партнёрства дзвюх краін.

— Характар нашых адносін дружалюбны, братэрскі. Мы нацэлены на супрацоўніцтва і добры вынік, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Азербайджана звярнуў увагу на тое, што адносіны дзвюх краін грунтуюцца на падтрымцы і актыўным узаемадзеянні і выказаў спадзяванне, што ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве будуць дасягнуты такія ж поспехі, як і ў палітычнай сферы.

У тэму

У найбліжэйшы час у Беларусі з'явяцца сумесныя прадукты з ваенна-прамысловым корпусам Азербайджана

Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.

Ён адзначыў, што ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з Азербайджанам мае стратэгічны характар і славіцца сваёй даўняй гісторыяй, таму працягваецца планавая і сістэмная работа.

Паводле слоў старшыні Дзяржкамваенпрама, цяпер бакі абмяркоўваюць сумесныя праекты па арганізацыі вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння з беларускімі напрацоўкамі, у тым ліку на тэрыторыі Азербайджана.

— Гэта работа прадаўжаецца і ў найбліжэйшы час у нас з'явяцца сумесныя прадукты з ваенна-прамысловым корпусам Азербайджана ў прыватнасці, — падкрэсліў ён.

— Мы ўзнялі нашы адносіны на высокі ўзровень, таму цяпер адзін з нашых галоўных прыярытэтаў — нарошчванне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У нас ёсць добры вопыт стварэння сумесных вытворчасцяў, думаю, што гэты вопыт павінен быць прадоўжаны, — упэўнены ён.

Таксама вялікі патэнцыял Азербайджан бачыць у супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы, што не раз абмяркоўвалася на высокім узроўні.

Акрамя таго, Ільхам Аліеў назваў перспектыўным супрацоўніцтва краін у ваенна-тэхнічнай сферы і многіх іншых кірунках.

— Мы нацэлены на ўмацаванне ўзаемадзеяння, — звярнуўся ён да Аляксандра Турчына. — Ваш візіт і ўдзел у розных мерапрыемствах — важны крок ва ўмацаванні ўзаемадзеяння дзвюх краін.

Пасля сустрэчы ўрадавая дэлегацыя накіравалася ў гарады Фізулі і Агдам. У першым пункце прызначэння спецпрадстаўнік прэзідэнта Азербайджана ў Агдамскім, Фізулінскім і Хаджавендскім раёнах Эмін Гусейнаў прэзентаваў Аляксандру Турчыну новае аблічча горада Фізулі.

Таксама Прэм’ер-міністр азнаёміўся з магчымасцямі для бізнесу і эканомікі Агдамскага прампарка.

Дарэчы, рэзідэнты парка маюць шматлікія ільготы, сярод якіх гатовая інфраструктура за кошт дзяржавы; вызваленне ад падаткаў на маёмасць, зямлю і даход на 10 гадоў; няма ПДВ і мытных пошлін пры ўвозе абсталявання.

Прадукцыя прампарка выкарыстоўваецца на ўнутраным рынку. Ідуць перамовы аб пастаўках прадукцыі на экспарт.

У Агдамскім раёне Прэм’ер-міністру прадставілі праект будучага аграгарадка ў раёне вёскі Гызыл Кенгерлі. На думку, кіраўніка беларускага ўрада цалкам рэальна тут пабудаваць малочна таварны комплекс і цяплічную гаспадарку. 

Дарэчы, зараз Азербайджан актыўна займаецца аднаўленнем гэтых няпростых тэрыторый. Для таго каб удыхнуць жыццё ў раён, патрабуюцца не толькі вялікія грошы, але і рукі і тэхналогіі. З гэтым наша краіна гатовая дапамагчы.

Сабралі амаль 15 тысяч трактароў. Як Гянджынскі аўтазавод супрацоўнічае з беларускімі прамысловымі гігантамі

Старшыня наглядальнага савета Гянджынскага аўтамабільнага завода Ханлар Феціеў расказаў журналістам аб тым, як аўтазавод супрацоўнічае з беларускімі прамысловымі гігантамі падчас наведвання аднаго з аб'ектаў у Баку ўрадавай дэлегацыяй Беларусі на чале з Прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным.

З 2007 года Гянджынскі аўтамабільны завод збірае трактары BELARUS.

— Мы крыху недацягнулі пакуль што да 15 тысяч адзінак. Спадзяюся, гэта адбудзецца сёлета. Таксама мы сабралі каля 3,5 тысячы машын МАЗ, — адзначыў Ханлар Феціеў.

Ён нагадаў, што зборка трактароў у краіне пачалася пасля візіту Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Беларусь, які даў адпаведнае даручэнне.

— Гэта ўсё вынік таго, што нашы прэзідэнты ў свой час дамовіліся, а таксама пастаянна падтрымліваюць гэтыя ініцыятывы, — упэўнены старшыня наглядальнага савета. — Сёння Беларусь і Азербайджан — дружалюбныя, брацкія краіны.

Па выніках перагавораў прэм'ер-міністраў Беларусі і Азербайджана Аляксандра Турчына і Алі Асадава 5 мая Гянджынскім аўтамабільным заводам быў падпісаны мемарандум з Мінскім трактарным заводам аб развіцці супрацоўніцтва па пастаўках трактарнай тэхнікі, а таксама кантракт з Мінскім аўтамабільным заводам на пастаўку машынакамплектаў камунальных машын.

Ханлар Феціеў расказаў, што сёлета завод плануе сабраць да 1 тысячы трактароў.

— Летась было 780. Таксама пастаянна працуем і з Мінскім аўтазаводам, — адзначыў ён.

Па матэрыялах БелТА, фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю