Top.Mail.Ru

У чым сакрэт поспеху «Атланта»?

Беларускія халадзільнікі «Атлант» ведаюць спажыўцы ў больш чым 30 краінах свету. І, як прызнаюцца на прадпрыемстве, галоўная ўзнагарода — тое, што пакупнікі рублём галасуюць за іх бытавую тэхніку. Сакрэт жа поспеху на рынку — у нязменна высокай якасці прадукцыі. Прадпрыемства — неаднаразовы лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. Клопат пра яе пачынаецца нават не на этапе ўваходнага кантролю сыравіны, а нашмат раней — за год-два да таго, як выраб паступіць у серыйную вытворчасць, яшчэ падчас стварэння новага вырабу. Праводзіцца і комплексная цэнавая палітыка, каб бытавая тэхніка не атрымалася занадта дарагой. Як ЗАТ «Атлант» ужо на працягу больш як шасці дзесяцігоддзяў атрымліваецца вырабляць якасны прадукт, паглядзелі карэспандэнты «Звязды».


Паласа выпрабаванняў

Усе матэрыялы, якія паступаюць на прадпрыемства, праходзяць уваходны кантроль. Ім займаецца бюро знешняй прыёмкі. На кожны матэрыял — свая методыка праверкі. Усяго іх каля 700 і штодзень праводзіцца больш за 200.

— Якасць — элемент філасофіі вытворчасці. Кожны работнік павінен яе паважаць, бо як толькі ахвяруеш якасцю, пачынаецца крах вытворцы. Наша задача — ідэалагічна сфарміраваць у свядомасці кожнага работніка нецярплівасць да выканання аперацый з адхіленнем ад устаноўленых патрабаванняў. Гэта няпроста, але паступова яны разумеюць, што працаваць добра — выгадна, — дзеліцца намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «АТЛАНТ» па кіраванні якасцю — намеснік дырэктара МЗХ па кіраванні якасцю Руслан Бараноўскі.

Усіх выпрабаванняў, якія праходзіць будучы халадзільнік, каля 12. У тым ліку тэсціруюць яго пасля стадыі зборкі — гэта каля 6 маніпуляцый, што праводзяцца на выпрабавальнай станцыі. Тут на кожны халадзільнік устанаўліваюцца датчыкі, якія кантралююць пэўныя параметры. У сярэднім выпрабаванне аднаго бытавога прыбора займае каля 1,5 гадзіны. Халадзільнік, які не прайшоў тэст на выпрабавальнай станцыі, адпраўляецца на ўчастак выпрабаванняў і рамонту, дзе выяўляюць і выпраўляюць яго дэфект.

— Пастаянна працуем над зніжэннем узроўню дэфектнасці: чым менш дэфектаў, тым менш зваротаў, менш затрат па гарантыйным абслугоўванні, — заўважае Руслан Бараноўскі.

11-35 копия.jpg

11-37 копия.jpg

045A0271.jpg

Аднак тут трэба сказаць, што сама зборка і аналіз якасці на канвееры — апошнія этапы. Насамрэч якасць пачынаецца задоўга да таго, як выраб створаны, — на ўзроўні прататыпаў.

— На прадпрыемстве адладжана комплексная сістэма па стварэнні новых прадуктаў. Аналізуем канкурэнтаў, распрацоўваем канцэпцыю па развіцці мадэльнага рада з наяўнасцю тых ці іншых высокіх спажывецкіх якасцяў. На гэтым этапе клапоцімся пра сучасны дызайн (над ім, дарэчы, працуе асобная група прамысловых дызайнераў), максімальны набор спажывецкіх функцый, пра некаторыя канструктарскія дробязі і высокае энергазберажэнне, што сёння вельмі актуальна. Пасля тэхнічныя службы бяруць праект у работу і ствараюць мадэль. Увесь працэс займае ад года да двух. Такім чынам ствараецца збалансаваны якасны прадукт, які патрэбны спажыўцу і за які ён галасуе рублём, — расказвае кіраўнік групы маркетынгу ЗАТ «Атлант» Герман Чарнякевіч.

Праверка спажыўцамі

Больш за тое, мала стварыць прататып новага прадукту, сабраць яго і правесці выпрабаванні ў лабараторных умовах (лабараторыі прадпрыемства, дарэчы, акрэдытаваны на міжнародным узроўні). Новы бытавы прыбор не паступіць у магазіны, пакуль яго дасканала не правераць і спажыўцы.

— За паўгода да таго, як прадукт падрыхтаваны да выхаду на рынак, мы робім установачную серыю і раздаём нашым супрацоўнікам. Яны карыстаюцца на бязвыплатнай аснове і штомесячна ці штотыднёва запаўняюць анкетныя даныя. У рэжыме рэальнай эксплуатацыі гэта дапамагае выявіць усе недахопы, з якімі сутыкнецца спажывец, — тлумачыць Герман Чарнякевіч.

Аднак калі пасля пакупкі ў спажыўца з халадзільнікам штосьці здарылася, не бяда: ад Брэста да Уладзівастока прадпрыемства мае сетку сваіх сэрвісных цэнтраў, спецыялісты якіх рамантуюць ці замяняюць вырабы ў гарантыйны перыяд.

045A0061.jpg

045A0341.jpg

045A0376.jpg

— Паломкі здараюцца, бо нулявы брак адсутнічае ў любога вытворцы. На ўсіх рынках, куды пастаўляецца наша бытавая тэхніка, свае абавязацельствы перад спажыўцамі выконваем няўхільна. У нас заключаны сэрвісныя дагаворы, працуюць свае сэрвісныя цэнтры, мы пастаянна маніторым наяўнасць запчастак у іх. Кожны рамонт трапляе ў нашу базу і фіксуецца з аналізам прычын. Мы вытрымліваем умовы, якія самі сабе прадыктавалі: тры гады гарантыі і 10 гадоў тэрміну службы. Калі трэба, мяняем выраб ці вяртаем грошы. Гэта наш «джокер», — кажа Руслан Бараноўскі.

Дарэчы, сэрвісная сетка прырастае новымі цэнтрамі штогод. Толькі ў Расіі іх не адна сотня. Яны маюцца ў кожным рэгіёне і краіне, куды ідуць пастаўкі.

Эканомныя і разумныя

ЗАТ «Атлант» — адзін з нямногіх вытворцаў бытавой тэхнікі, які цалкам вырабляе прадукт — узровень лакалізацыі складае каля 80 %. Холдынг мае свой завод па выпуску кампрэсараў і электрарухавікоў. Гэта вытворчасць у Баранавічах, заснаваная ў свой час на вопыце перадавых кампаній. Рухавікі складаюцца з вялікай колькасці беларускіх кампанентаў. Дзякуючы такой вытворчасці ўдалося забяспечыць бесперабойную пастаўку на два ўласныя заводы гэтых крытычных кампанентаў.

Для завода халадзільнікаў у Баранавічах вырабляюць кампрэсары як звычайнага, так і інвертарнага тыпу. Дзякуючы гэтаму сёлета ў лютым выпушчаны першыя халадзільнікі «Атлант» з інвертарным рухавіком. Асобная лінія была запушчана на заводзе ў Баранавічах, дарэчы, яе канструктарская распрацоўка вялася беларускімі спецыялістамі.

Асаблівасць халадзільніка з інвертарным кампрэсарам у тым, што, выпрацоўваючы той жа холад, што і ў звычайным рэжыме, ён траціць на 30 % менш электраэнергіі і працуе больш ціха. Узровень шуму складае 37 дБ, у той час як у халадзільнікаў са звычайным кампрэсарам — 39 дБ, з сістэмай no frost — да 41 дБ. Дарэчы, у самых перадавых вытворцаў з нашмат большымі бюджэтамі на распрацоўку такія ж паказчыкі па ўзроўні шуму і энергаспажыванні.

045A0413.jpg

045A0540 копия.jpg

На заводзе «Атлант» наладжаны выпуск як халадзільнікаў з інвертарным кампрэсарам, так і звычайных, але ў новым дызайне і з новымі спажывецкімі ўласцівасцямі. Гэта і пашыраная камплектацыя, павялічаны аб’ём халадзільнікаў. Ёсць, напрыклад, спецыялізаваныя мадэлі на чатыры маразільныя аддзяленні з сістэмай no frost. Запатрабаваны і мадэлі з максімальным функцыяналам — рэжымамі шокавай замарозкі, суперахаладжэння, эканоміі электраэнергіі, водпуску (калі спажывец з’язджае на доўгі час і можа такім чынам эканоміць электраэнергію). Нядаўна асвоены выпуск халадзільнікаў з сістэмай wі-fі — аддаленага доступу, калі праз дадатак можна кіраваць халадзільнікам, напрыклад, для папярэдняга ўключэння функцыі хуткага замарожвання, таксама з дапамогай дадатку можна рэгуляваць функцыю асвятлення. Адметна, што гэта цалкам заводская распрацоўка — як па напісанні праграмнага забеспячэння, так і па стварэнні мабільнага дадатку на воблачнай платформе.

— Спажывец цяпер дбае не толькі пра функцыянальнасць. Сучасная бытавая тэхніка — гэта і элемент дызайну. У першую чаргу важныя каляровая гама, знешні дызайн і тэхнічныя характарыстыкі. Сёння пакупнік ад халадзільніка хоча інавацыйнасці. У нас было шмат дыскусій, ці патрэбны халадзільніку wі-fі, і год ад году гэты сегмент мае тэндэнцыю да росту. Запатрабаваная сістэма no frost — спажывец хоча жыць камфортна і не размарожваць халадзільнік. Аднак ёсць і мэтавая аўдыторыя старэйшага пакалення, якая аддае перавагу статычнай сістэме ахаладжэння, — расказвае Герман Чарнякевіч.

Аўтаномія ў распрацоўцы і стварэнні

Каля 20 гадоў прадпрыемства выпускае пральныя машыны. І калі напачатку гэта была буйнавузлавая зборка, то сёння «Атлант» — эксперт і ў гэтай вытворчасці. Яна арганізавана на асобным заводзе. Сёння мадэльны рад складаецца з 60 найменняў і пастаянна абнаўляецца. Рыхтуюцца да выхаду на рынак пральныя машыны з інвертарным рухавіком. Прадукт вырабляецца для любога спажыўца: ад менш патрабавальнага да самага прыдзірлівага. У апошніх мадэлях прадугледжана цалкам сэнсарнае кіраванне, максімальная колькасць дадатковых функцый і ўнікальных праграм. Напрыклад, выпускаюцца пральныя машыны з парам, што выконвае тры функцыі: дазваляе ліквідаваць непрыемныя пахі без дадатковага прання, апрацаваць рэчы перад праннем і вывесці складаныя забруджванні, апрацаваць пасля прання з мінімальнай колькасцю складак.

— Наша галоўная перавага — аўтаномія як у распрацоўцы, так і ў вытворчасці, сертыфікацыі, выпрабаваннях, бо ўсё робім самі. У нас вялікая канструктарская, тэхналагічная, вытворчая база. Мы ствараем прадукт, які адчуваем і якім самі карыстаемся, пры гэтым робім яго максімальна рамонтнапрыдатным. Калі некаторыя кампаніі сыходзяць з рынку, пачынаюцца пытанні з забеспячэннем сэрвісу. Нашы спажыўцы могуць быць упэўнены, што гарантыя 3 гады працуе на ўсіх рынках збыту, як і тэрмін службы — 10 гадоў, пры тым што 90 % рынку вытворцаў даюць гарантыю 1 год і тэрмін службы 5–7 гадоў. Калі мадэль здымаецца з вытворчасці, яшчэ цягам прынамсі 10 гадоў вырабляем усе камплектуючыя, — аргументуе Герман Чарнякевіч.

У актыўнай распрацоўцы прадрыемства — пральна-сушыльныя машыны, паколькі сегмент гэтай бытавой тэхнікі апошнім часам расце. Акрамя таго, разглядаецца сегмент пасудамыечных машын. Асвоілі і медыцынскі кірунак — «Атлант» задавальняе заяўкі ўсіх медыцынскіх устаноў Беларусі па медыцынскім халадзільным абсталяванні, у тым ліку мадэлях эксклюзіўнага прызначэння для захавання крыві.

Новай прадукцыі — новыя лініі

Інавацыйныя мадэлі патрабуюць мадэрнізацыі вытворчасці. Сёлета запушчана новая лінія па вырабе дэталяў вонкавай панэлі. Яна дазволіла павысіць прадукцыйнасць і ўніфікаваць вытворчыя ланцужкі. Лінія аўтаматычная, яе абслугоўвае ўсяго два работнікі — наладчык і слесар.

045A9671.jpg

045A9863.jpg

— Мы змаглі сэканоміць шэраг працоўных месцаў, што дазваляе выпускаць прадукцыю з меншымі працазатратамі. У цыкле мы змаглі выйграць некалькі секунд: цяпер прадукцыя выпускаецца на гэтай лініі з тактам 18 секунд, на старой лініі ён складаў 22 секунды, — расказвае намеснік галоўнага тэхнолага ЗАТ «Атлант» Дзмітрый Аладка.

У перспектыве пераход на П-падобны корпус халадзільніка, што таксама пацягне мадэрнізацыю вытворчасці. У гэты корпус пры вырабе будзе ўбудаваны кандэнсатар. Усё гэта дазволіць палепшыць дызайн і знешні выгляд вырабу. Таксама ў перспектыве разглядаецца абнаўленне парка вакуумфармовачнага абсталявання.

Сёння заключаны дагавор і на пастаўку абсталявання для інвестпраекта «Куфар». Гэта маразільныя скрыні для спажыўцоў. Яны паглыбнога тыпу, і прадукты кладуцца зверху. Такая скрыня падыдзе для замарозкі ў вялікіх аб’ёмах ягад, гародніны, мяса, курыцы. Новая вытворчасць з’явіцца на вытворчай пляцоўцы па праспекце Пераможцаў у асобным корпусе з поўным цыклам вырабу гэтай прадукцыі, пачынаючы з участка апрацоўкі металаў, заканчваючы складам гатовай прадукцыі.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю