Top.Mail.Ru

У чым сакрэт поспеху беларускіх санаторыяў

22.05.2025 | 18:33

Айчынныя здраўніцы летам будуць працаваць з поўнай загрузкай. Для гэтага пастаянна паляпшаецца іх матэрыяльна-тэхнічная база — будуюцца новыя карпусы, закупляецца самае сучаснае медыцынскае абсталяванне, з’яўляюцца новыя методыкі лячэння. Для прыцягнення больш маладых адпачывальнікаў змяняецца і сам фармат санаторна-курортнага аздараўлення: сёння гэта размяшчэнне атэльнага тыпу, «шведскі» стол, абсталяванне тэрыторыі варкаўт-пляцоўкамі, вулічнымі трэнажорамі і нават полем для гольфа, а пляжаў — сучаснымі шатрамі, навесамі і іншай мэбляй. І ўсё гэта і знешне, і па напаўненні зусім не саступае замежным курортам. Высветлілі, якім чакаецца ў беларускіх здраўніцах летні сезон і што прапануецца наведвальнікам.


Сярэдні кошт — 140 рублёў за суткі

На працягу апошніх гадоў адчуваецца ўстойлівы попыт на санаторна-аздараўленчыя віды паслуг. Здраўніцы працуюць на перспектыву, штогод укладваючы сродкі ў развіццё, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, інвестыцыі павялічваюцца не менш як у паўтара раза ў параўнанні з папярэднім годам.

Паводле яго слоў, пуцёўкі на лета ўжо забраніраваны. Засталіся адзінкавыя нумары, у якія яшчэ можна засяліцца, — дзе не пацвярджаецца бронь. Плануецца, што ў летні перыяд запаўняльнасць санаторыяў будзе на ўзроўні 100 %, а колькасць тых, хто пройдзе лячэнне і аздараўленне ў такіх установах, перасягне 600 тысяч чалавек. Пры гэтым сярэдні кошт летам складзе 140 рублёў за суткі на аднаго чалавека.

Напрыклад, санаторый «Сосны» ў мінулым годзе на ўдасканаленне інфраструктуры накіраваў звыш 36 мільёнаў рублёў. Пабудаваны новы корпус з больш чым шасцю дзясяткамі нумароў, рэстаранна-забаўляльны комплекс. Дадаткова добраўпарадкавана тэрыторыя, абсталявана варкаўт-пляцоўка.

— У нас вялікі попыт з боку расійскіх гасцей, іх больш за 64 %. Прыязджаюць як з Масквы і Санкт-Пецярбурга, так і з Мурманска, Краснаярска, Іркуцка. Таму, каб задаволіць попыт, вырашана пабудаваць новы корпус, адышоўшы ад старога фармату. Мы пабудавалі у лесе атэль, інтэграваны ў сістэму санаторыя, — расказвае дырэктар санаторыя «Сосны» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Аляксандр Герасімовіч.

У санаторыі «Прыазёрны» ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўклалі звыш 7 мільёнаў рублёў. Для адпачывальнікаў адкрыў дзверы аб’ект грамадскага харчавання, размешчаны ў пляжна-паркавай зоне, праведзена рэканструкцыя нумарнога фонду. Закупляецца сучаснае медыцынскае, тэхналагічнае абсталяванне.

— Некаторыя віды працэдур падказваюць нам нашы наведвальнікі. Апошнім часам пыталіся пра ReOxy-тэрапію — мы прыслухаліся і закупілі новае абсталяванне, — гаворыць намеснік дырэктара па медыцынскай частцы санаторыя «Прыазёрны» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Галіна Ціхановіч, дадаючы, што тут працуе самы вялікі на ўзбярэжжы возера Нарач СПА-комплекс, дзе прапануюцца дзясяткі працэдур і методык.

Госці з 67 краін

Як адзначыў Генадзь Балбатоўскі, меры, якія прымаюцца, даюць вынік. Адпачынак запатрабаваны як у беларусаў, так і ў замежнікаў. Па выніках І квартала запаўняльнасць санаторна-курортнага комплексу павялічылася больш як на 5 % у параўнанні з І кварталам мінулага года і перасягнула ў сярэднім 78 %. Прычым больш чым на 17 % узраслі продажы пуцёвак менавіта ў свабоднай рэалізацыі.

Выручка ад свабоднай рэалізацыі перасягнула 217 мільёнаў рублёў. Адзначалася павелічэнне попыту і сярод замежных грамадзян. Сёлета рост у І квартале ў параўнанні з адпаведным перыядам 2024-га — 15 %, — кажа ён. — Сёння комплекс не толькі стабільна функцыянуе, але і дынамічна развіваецца.

Геаграфія адпачывальнікаў шырокая — на аздараўленне ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі звыш 60 краін. Летась санаторыі прымалі гасцей з 67 дзяржаў — пераважна з Еўропы.

— Беларускія санаторыі сёння — шматфункцыянальныя комплексы, дзе, акрамя лячэння, прапануецца шырокі комплекс паслуг. Толькі летась укаранёны 83 новыя медыцынскія праграмы і больш за 150 новых СПА-працэдур, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі, падкрэсліўшы высокі працэнт паўторных наведванняў. — У 60 % выпадкаў людзі вяртаюцца. На мой погляд, гэта самы галоўны крытэрый эфектыўнасці работы.

Роўныя цэны

У найбліжэйшы час адзіныя цэны хочуць укараніць ва ўсіх санаторыях краіны — прынамсі, для грамадзян Саюзнай дзяржавы, каб беларусы і расіяне валодалі роўнымі правамі. Пакуль адзіны падыход пры фарміраванні цэн для ўсіх катэгорый грамадзян прымяняюць больш як 80 % беларускіх санаторыяў. Гэта пытанне вынесена на пасяджэнне Групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе 28 мая ў Смаленску.

Трэба сказаць, што ў рамках праграмы Саюзнай дзяржавы на 2025 год запланавана аздараўленне больш як паўтысячы беларускіх дзяцей у санаторыях Расіі і Беларусі. Пашырылася і супрацоўніцтва па праграме Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, летась з’явілася новая катэгорыя, якая мае права на аздараўленне, — удзельнікі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Раней грамадзяне Расіі мелі магчымасць атрымліваць лячэнне за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы, а грамадзяне, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, — не. Аднак ужо другі год менавіта гэта катэгорыя аздараўляецца за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. Летась каля 100 чалавек прайшлі аздараўленне ў санаторна-курортных установах Расіі і Беларусі. Сёлета гэта практыка будзе працягнута.

У сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта функцыянуе сем санаторных арганізацый, з іх чатыры — на тэрыторыі Беларусі, тры — у Расіі (у Сочы, Туапсэ і побач з Ялтай). Адначасова ўсе яны могуць размясціць звыш трох тысяч чалавек. Як паведаміла загадчык сектара каардынацыі дзейнасці арганізацый аховы здароўя Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Маргарыта ЛЕЎЧАНКА, летась у іх адпачыла каля 115 тысяч чалавек, за першы квартал гэтага года — больш за 26 тысяч. Прыкладна палова адпачывальнікаў — расіяне. Санаторыі ў Расіі могуць размясціць звыш тысячы чалавек. Усе яны рэалізоўваюць пуцёўкі як праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, так і ў свабодным продажы. Санаторыі прымаюць як дарослых, так і арганізаваныя групы дзяцей з рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, а таксама дарослых з дзецьмі.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю