На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў 8-й штогадовай прэміі ў галіне касметалогіі і медыцыны Belarus Beauty Awards «Звязда» запыталася ў аднаго з самых вядомых беларускіх спецыялістаў у галіне вытворчасці касметычных сродкаў, спікера міжнародных кангрэсаў па касметалогіі і медыцыне Людмілы Калацкай аб інавацыях у касметыцы і яе найноўшых інгрэдыентах. А таксама пра тое, ці бяспечна «гнацца за касметычнымі трэндамі».
Сусветная індустрыя вытворчасці касметыкі сёння рухаецца ў бок інавацыйнасці і ўскладнення, распавяла эксперт. І беларускія вытворцы касметычных сродкаў актыўна падтрымліваюць гэту тэндэнцыю. У трэндзе (як пры распрацоўцы сродкаў для прафесійнага, так і для дамашняга догляду) спецыфікацыя — стварэнне «адрасных» сродкаў для вырашэння кожнай канкрэтнай бьюці-праблемы. Не губляе актуальнасці і супрацьлеглая тэндэнцыя — распрацоўка гібрыдных формул, накіраваных на вырашэнне цэлага шэрагу задач адначасова. Модны кірунак сёння — касметалогія на стыку з мікрабіялогіяй.
— Дарэчы, беларускія вытворцы касметыкі даўно працуюць у гэтым кірунку, — адзначыла Людміла Калацкая. — У каманду распрацоўшчыкаў ліній айчыннай касметыкі абавязкова ўключаны мікрабіёлаг, і, як правіла, не адзін. Ужо каля дзесяці гадоў таму беларускім жанчынам былі прадстаўлены і прабіятычныя лініі, і сродкі для абароны мікрабіёму скуры, што выключна важна: захаванне здаровага мікрабіёму адыгрывае істотную ролю ў падтрыманні прыгажосці і маладосці.
Аб савецкай навуковай базе
— Беларуская касметыка — і дамашнія лініі, і прафесійныя (прыемна, што яны ў нас таксама ёсць) — пазіцыянуецца як інавацыйныя. Ці так гэта на самай справе?
— Формулы беларускай касметыкі заўсёды распрацоўваюцца на навуковай аснове. Вялікую ролю тут адыгрывае савецкая навуковая база, якую ўдалося захаваць у нашай краіне, таму што ў нас сапраўды была навука. Часам, чытаючы пра новыя распрацоўкі ў тых жа краінах Азіі, якія лідзіруюць на сучасным касметычным рынку, я разумею, што такія даследаванні мы праводзілі ў Інстытуце мікрабіялогіі Акадэміі навук БССР.
І сёння абсалютна дакладна можна сказаць, што ў свеце існуе такі брэнд, як беларуская касметыка. Ён развіваецца. Ён паспяховы, нас шмат — вытворцаў айчынных касметычных сродкаў. Мы ўсе імкнёмся працаваць інавацыйна. Калі я бываю на навуковых мерапрыемствах за межамі краіны, часта чую кампліменты беларускім касметычным распрацоўкам. І гэта сапраўды прызнанне якасці беларускай касметыкі. Так што мы можам, мы ўмеем, і мы будзем рухацца далей.
— Але ж інавацыі заўсёды вельмі нятанныя, а беларуская касметыка традыцыйна трымаецца ў досыць прымальным цэнавым сегменце…
— Цэнавая палітыка беларускіх вытворцаў касметыкі (і ў сегменце масмаркета, і ў прафесійным), як я ўжо не раз казала, заўсёды была накіравана на тое, каб догляд быў па кішэні спажыўцам практычна з любым узроўнем даходу. Думаю, справа ў першую чаргу ў павазе да нашага рынку, да айчыннага прадукту. Гэта вельмі годная рыса беларускай ментальнасці. Таму вытворцы імкнуцца ўтрымліваць баланс цаны пры максімальнай якасці і інавацыйнасці.
Аб панацэі ў б’юці-індустрыі
— Інавацыі ў касметыцы могуць быць небяспечнымі?
— Безумоўна. Як і ў медыцыне, і ў любой іншай навуковай сферы. Трэба вельмі ўдумліва і з асцярожнасцю падыходзіць да новага.
— А якія кампаненты ў касметалогіі сёння найноўшыя і запатрабаваныя?
— Экзасомы. Даследаваць іх першымі пачалі анколагі ў межах медыцынскіх праграм. І, як гэта часта бывае, медыцынскую распрацоўку хутка падхапілі стваральнікі касметыкі. Экзасомы — асаблівая часцінка, якую жывыя клеткі (раслін, жывёл, чалавека, мікраарганізмаў) выкідваюць у міжклетачную прастору. Гэта месенджары: яны ідуць па міжклетачнай прасторы і паведамляюць іншым клеткам інфармацыю, зашыфраваную ў іх РНК. Сёння ў медыцынскім асяроддзі да экзасомаў неадназначнае стаўленне. Мяркуецца, што яны ў касметычных прэпаратах будуць паведамляць клеткам скуры патрэбную нам інфармацыю — пра маладосць і здароўе, прымушаючы клеткі абнаўляцца, а твар — маладзець. За ўсё новае і эфектыўнае касметалогія заўсёды хапаецца абедзвюма рукамі. Але ж мы яшчэ не ведаем адтэрмінаваных наступстваў і ўсіх пабочных эфектаў. Менавіта таму бывае, што ў касметыцы спачатку навіна пазіцыянуецца як чарговая панацэя, але можа хутка сысці. Аднак беларускі гель-бустар з экзасомамі ўжо распрацаваны і ёсць у продажы. У яго складзе раслінныя экзасомы. Яны не такія актыўныя, як тыя, што атрымліваюць з чалавечага матэрыялу, але бяспечныя. Сродак увільгатняе і дадае энергію клеткам скуры, разгладжвае тонкія лініі і ў цэлым эфектыўна амалоджвае. Скажу без лішняй сціпласці: айчыннаму вытворцу касметычных сродкаў пакупнік можа давяраць. У Беларусі склалася традыцыя вытворчасці касметыкі і касмецэўтыкі, заснаваная на прынцыпах высокай якасці і адказнасці. Без гэтага ў нашай сферы самыя інавацыйныя, высоканавуковыя распрацоўкі не змогуць дапамагчы дасягнуць мэты — прыгажосці, здароўя і маладосці на доўгія гады.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА