Калі гаварыць аб якасці, праверанай часам, першае, што прыходзіць на думку, напэўна, кожнаму беларусу, — Мінскі трактарны завод. Прадпрыемства з багатай гісторыяй, МТЗ сёння з’яўляецца флагманам айчыннага машынабудавання, адным з лідараў на рынках Беларусі, Расіі і іншых краін СНД па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Аб аўтарытэце і даверы да прадукцыі прадпрыемства гаворыць мноства ўзнагарод, сярод якіх і Дзяржаўны знак якасці Беларусі. Карэспандэнты «Звязды» наведалі МТЗ, пабывалі ў цэхах завода і пастараліся высветліць, у чым сакрэт вытворчасці трактара BELARUS; даведацца, з чаго пачынаецца якасць.
«Бессістэмна працаваць немагчыма»
Для таго каб зрабіць сапраўды якасную прадукцыю, патрэбна шматступенная сістэма кіравання якасцю, так званая сістэма менеджменту якасці, што ўкаранёна на прадпрыемстве. Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» па якасці Ігар Зямцоў: «Сістэма менеджменту якасці сертыфікавана, мы яе развіваем, бо толькі дзякуючы сістэмнаму падыходу можна дамагчыся добрага выніку. Бессістэмна працаваць немагчыма, асабліва ў якасці, тым больш у масавай вытворчасці, на канвееры. Шматступенная шматфункцыянальная сістэма дазваляе зняць выпуск неадпаведнай прадукцыі — калі не на першым этапе, дык на наступным».
Паводле слоў кіраўніка, на прадпрыемстве якасцю займаюцца ўсе, пачынаючы ад прыбіральшчыцы і заканчваючы генеральным дырэктарам: «Вядома, у маёй службе працуюць людзі, якія непасрэдна адказваюць за якасць, але той жа канструктар пры праектаванні вырабу павінен разумець, як ён будзе працаваць, як стане ўзаемадзейнічаць з іншымі вырабамі, ці будзе трактар прыдатны да рамонту і гэтак далей. На этапе стварэння новай мадэлі канструктар павінен закласці як мага менш памылак, бо калі чарцяжы, дакументацыя пайшлі ў вытворчасць, тут ужо кошт памылкі вырастае. Чым пазней мы яе выяўляем, тым даражэйшай яна становіцца».
На ААТ «МТЗ» функцыянуе служба якасці каля 700 чалавек, якая складаецца з упраўлення якасцю прадукцыі і ўпраўлення развіцця вытворчай сістэмы. Дарэчы, сюды ўваходзіць цэнтральная заводская лабараторыя. Паводле слоў Ігара Зямцова, гэта — сапраўдная «інтэлігенцыя флоту». У лабараторыі ўстаноўлены рэнтгенапараты, якія дазваляюць праверыць, напрыклад, ці ёсць расколіны на падшыпніках. Ёсць тут і электронныя мікраскопы, што дазваляюць высветліць наяўнасць розных адхіленняў, і іншае абсталяванне.
Як прайсці праз «вароты якасці»
«Мы прагналі 80 мадэляў трактара BELARUS 1222.3 праз лабараторыю, каб дабіцца стабільнай якасці. На наш канвеер можа паступаць адначасова 42 мадэлі тэхнікі. Гэта сапраўды вельмі складана, паколькі мы збіраем адзін трактар, адразу ж пераходзім да другога, трэцяга... З пункту гледжання машынабудавання гэта няправільна. На канвееры павінна знаходзіцца максімум дзве мадэлі адначасова. На жаль, у выніку пэўных абставін мы вымушаны выпускаць самую розную прадукцыю на адным канвееры. З пункту гледжання якасці гэта вельмі складана. Таму на канвееры ёсць кантралёры, так званыя вароты якасці прадпрыемства. У выпадку выяўлення няспраўнасці спыняецца канвеер, хутка пераправяраецца ўвесь зачын трактароў», — тлумачыць Ігар Зямцоў.Яшчэ адно падраздзяленне — аддзел кіравання якасцю. Гэта, па сутнасці, мазгавы цэнтр, у які сцякаецца ўся інфармацыя з усіх службаў. Аддзел аналізуе, што ў працэсе вытворчасці пайшло не так. Тут ёсць свая лабараторыя. Яе супрацоўнікі бяруць гатовы выраб і цалкам яго правяраюць.
На МТЗ функцыянуе аддзел галоўнага метролага, які займаецца праверкай вымяральнага інструмента, што выкарыстоўваецца на заводзе. «Калі раптам супрацоўнікі аддзела няправільна правераць прыбор, які пацвярджае правільнасць вырабу дэталяў, нескладана здагадацца, да чаго гэта прывядзе», — расказвае намеснік гендырэктара.
Ігар Зямцоў адзначыў асаблівую ўвагу, якая надаецца зваротнай сувязі ад спажыўцоў праз службу сэрвісу: «Усе адмовы, што ўзнікаюць пры эксплуатацыі, паступаюць да нас. Мы іх аналізуем, сістэматызуем, глядзім, дзе і з якой прычыны нешта пайшло не так. Акрамя таго, мы арганізуем так званыя адзыўныя кампаніі».
У працэсе правядзення тэхнічнага абслугоўвання дэталь, якая выклікала сумненні, мяняецца. Паводле слоў намесніка гендырэктара па якасці, гэта робіцца для таго, каб апярэдзіць рэкламацыі: «Згодна з заканадаўствам, на працягу сутак мы павінны ліквідаваць любую няспраўнасць. У сельскай гаспадарцы самае галоўнае — тэрміны. Асабліва гэта важна пры правядзенні пасяўной і ўборачнай кампаній. „Кроў з носа“, але трактар павінен працаваць днём і ноччу. На трактары магутнасцю менш за 250 конскіх сіл у нашай краіне гарантыя тры гады. Калі магутнасць трактара звыш 250 конскіх сіл, гарантыя павялічваецца да пяці гадоў. Гэта сур’ёзны прамежак часу ў жыцці кожнага трактара. Пяць гадоў несці гарантыю складана. Тым не менш Мінскі трактарны завод ідзе на гэта, спадзеючыся на паразуменне з боку кліентаў. Такая адказнасць дапамагае павялічыць рэсурс, стварае стымул, каб змяніць канструкцыю, дапрацаваць матэрыялы і гэтак далей».
Надзейны трактар патрэбен усім
МТЗ — уладальнік Дзяржаўнага знака якасці Рэспублікі Беларусь. Высокую ўзнагароду атрымаў трактар BELARUS 1222.3, які быў зроблены на базе папулярнай мадэлі BELARUS 1221. Гаворка ідзе пра глыбокую мадэрнізацыю трансмісіі, кабіны і ўсяго астатняга. Акцэнт зроблены на камфорце аператара з пункту гледжання абслугоўвання і работы.
«За кожнай узнагародай — вялікі калектыў спецыялістаў, прафесіяналаў, якія, не пакладаючы рук, працуюць на карысць роднага прадпрыемства і ўсёй краіны», — дадаў Ігар Зямцоў. Пры гэтым ён адзначыў, што трактар BELARUS 1222.3 і раней атрымліваў годныя ўзнагароды, а за сістэму менеджменту якасці МТЗ атрымаў прэмію ўрада.
Трактар BELARUS шырока вядомы як у нашай краіне, так і за яе межамі. Геаграфія паставак даволі шырокая, а многія замежныя рынкі добра вывучаныя. «Кліент чакае наш трактар, людзі прывыклі да яго. Палітыка — палітыкай, але простаму фермеру патрэбен надзейны агрэгат. Наш трактар — гэта шырока вядомы брэнд, таму марку трэба трымаць», — акцэнтаваў Ігар Зямцоў.
Айчынныя дэталі плюс каманда
Поспех вытворчасці якаснай прадукцыі напрамую залежыць ад работы кожнага супрацоўніка. Каб пераканацца ў гэтым, мы наведалі корпус зборкі трактароў. Сярод тых, хто адказвае за якасць пры вытворчасці, — слесар механазборачных работ Ігар Драчэнін. Амаль чатыры гады малады чалавек працуе на прадпрыемстве. «У асноўным я займаюся рухавікамі. Гэта іх праверка, устаноўка, мантаж, набіванне нумара і многае іншае».
У свой час Ігар Драчэнін скончыў Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж. Пасля гэтага малады чалавек трапіў на МТЗ у якасці маладога спецыяліста. Пасля тэрміновай службы ў арміі і адпрацоўкі па размеркаванні ён вярнуўся на сваё першае працоўнае месца. «Для зборкі добрай тэхнікі вельмі важныя якасныя камплектавальныя, — падкрэслівае Ігар Драчэня. — Кожная мадэль індывідуальная, абсалютна ў кожную закладваецца розны камплект. Напрыклад, мадэль трактара BELARUS 1222.3 больш чым на 90 % складаецца з беларускіх камплектавальных. Яшчэ адна рэч, якая наўпрост уплывае на якасць, — згуртаваны калектыў. У нас працуюць людзі ўсіх узростаў. Старэйшае пакаленне на сваім прыкладзе дапамагае нам, маладым, абсалютна ва ўсіх пытаннях. Узаемападтрымка, узаемаразуменне, узаемадапамога — вось важныя аспекты работы нашага калектыву. Ад згуртаванасці залежыць якасць прадукцыі».
Фота Лізаветы ГОЛАД