Top.Mail.Ru

У чым сур’ёзны шанц для развіцця краіны, чаму ў банках не павінна быць лішніх грошай і навошта кіраўнікам найгоршыя гаспадаркі

Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў

Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.

На мінулым тыдні ўвага беларускага лідара была засяроджана на ўнутраных пытаннях. За выключэннем таго, што ў панядзелак Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Чалябінскай вобласці, якая, прынамсі нам блізкая і зразумелая. Кіраўнік дзяржавы таксама заслухаў даклад кіраўніка Нацыянальнага банка і закрыты даклад міністра абароны. Не пакідаючы сталіцы, Аляксандр Лукашэнка разгледзеў сітуацыю ў рэгіёнах — назначыў новых кіраўнікоў асобных райвыканкамаў. І скончыўся працоўны тыдзень пытаннямі біялагічнай бяспекі — на найвышэйшым узроўні абмеркавалі біяфармацэўтыку. 

1.«Свет развіўся да такой ступені, што ён прапанаваў і даў нам сур’ёзны шанц для развіцця, для таго, каб наша краіна была багатай. Я маю на ўвазе чалавечы патэнцыял. Мазгі ў нашых людзей прыстойныя, людзі ў нас прыстойныя, шмат могуць рабіць. І вось тут з’явіліся кірункі: IT-тэхналогіі і ўсё, што звязана, — да штучнага інтэлекту ўжо сёння дайшлі. Адзін з гэтых кірункаў, дзе мы можам атрымаць поспех, — гэта лекі і ветэрынарныя прэпараты». — заявіў беларускі лідар на нарадзе па развіцці біяфармацэўтыцы. — Трэба ўкладваць у тэхналогіі, якія ўжо вядомыя, і рухацца далей. Таму, вызначаючы на будучую пяцігодку кірункі нашага развіцця, думаю, нам трэба знаходзіць такія галіны і кірункі, якія б менш былі залежныя ад такіх рэсурсаў, як нафта, газ, жалеза, металы і гэтак далей. Гэта нам трэба будзе, у адносна невялікіх аб’ёмах для таго, каб існавала тое, што нам дасталося ад Саюза, што мы захавалі і мадэрнізавалі. А вось новыя кірункі — гэта ў тым ліку лекі«. Біяфармацыя — гэта не толькі перспектыўная галіна, але яшчэ і біялагічная бяспека краіны і самае галоўнае — здароўе людзей. Менавіта таму гэтая сфера пастаянна знаходзіцца ў зоне ўвагі кіраўніка дзяржавы.

2.«Нам не трэба выкручваць ім рукі. Нам неабходна аб’ядноўвацца і разам працаваць», — менавіта такім чынам, па словах Прэзідэнта, павінна будавацца ўзаемадзеянне прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў па вытворчасці лекавых і ветэрынарных прэпаратаў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта адпавядае інтарэсам усіх. «У нас з’явілася мноства разрозненых прадпрыемстваў, якія, можа быць, і дублююць вытворчасць дзяржаўных. А можа быць, незразумела навошта канкурыруюць потым на рынках... Чаму мы не можам стварыць пэўны холдынг, дзе былі б улічаны інтарэсы і дзяржаўных, і прыватных», — прапанаваў беларускі лідар. 

3.«У банках лішніх грошай быць не павінна. І прыбытак гэты ўсё роўна ад тых, хто гэтыя грошы там захоўвае. У асноўным так. Я ў гэтым плане вельмі спадзяюся, што так і будзе. Эканоміка павінна развівацца, і трэба, каб банкаўская сістэма спрыяла росту эканомікі», — заявіў Прэзідэнт, заслухоўваючы даклад кіраўніка Нацыянальнага банка. Нават эканамістам трэба памятаць, што эканоміка — на чале ўсяго. 

4.«Чалябінская вобласць закупляла і закупляе дастаткова сельскагаспадарчай тэхнікі з Беларусі. Мы павінны падумаць аб кааперацыі падобнай тэхнікі. Ваша вобласць, наша вобласць Чалябінская — вельмі прасунутая вобласць. Мы можам лакалізаваць вельмі многія кампетэнцыі ў частцы нашай тэхнікі ў вас. І з задавальненнем будзем працаваць не толькі на чалябінцаў, але і на блізкія рэгіёны Расійскай Федэрацыі», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка губернатару Чалябінскай вобласці Аляксею Тэкслеру. Па словах беларускага лідара, патэнцыял супрацоўніцтва з Чалябінскай вобласцю вялікі. Але яго можна пашырыць, «расшываючы» вузкія месцы. 

5.«І запомніце, што ў вас павінна быць персанальная найгоршая гаспадарка ў раёне, за якую вы адказваеце, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Як мяне інфармуе Дзмітрый Мікалаевіч (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой — „Зв.“), мы зараз націск пэўны робім у гэтым кірунку. Кіраўнікі раёна сябе не вельмі добра адчуваюць, калі за імі замацоўваеш асобна найгоршую гаспадарку. Мужыкі, так справа не пойдзе. Трэба кіраваць раёнам, канкрэтна паказваючы вынік. Таму вызначайцеся, якую гаспадарку пад крыло возьмеце і дапаможаце, пачынаючы з навядзення парадку, севазвароту, дысцыпліны і заканчваючы паказчыкамі эфектыўнасці», — традыцыйны, але заўсёды актуальны пасыл агучыў новым кіраўнікам раёнаў кіраўнік дзяржавы падчас кадравага дня. 

Валерыя СЦЯЦКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю