Top.Mail.Ru

У чым сутнасць суверэннасці Беларусі — расказалі эксперты

Адказнасць за мінулае, стабільнасць у цяперашнім, упэўненасць у будучыні

Напярэдадні і ў дні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь асабліва важна асэнсаваць шлях, пройдзены краінай, вектары яе далейшага развіцця. Ключавыя этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці, сучасныя выклікі і ролю моладзі ў захаванні гістарычнай памяці абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала на тэму «Суверэнная Беларусь: адказнасць за мінулае, стабільнасць у цяперашнім, упэўненасць у будучыні», які адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Акрамя таго, эксперты закранулі пытанні кансалідацыі грамадства, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама стратэгічныя прыярытэты дзяржавы на бліжэйшыя гады. 

«Патэнцыял дзяржаўнасці ў беларускага народа вельмі магутны»

Чаму суверэнітэт мае значэнне для народа любой дзяржавы, на прыкладзе Беларусі расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ.


«З даўніх часоў Беларусь знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні, што паўплывала на тое, што на нашай тэрыторыі праходзілі тысячы войнаў і канфліктаў, — патлумачыў дэпутат. — Аднак нашы з вамі продкі нікуды з гэтага геапалітычнага скрыжавання не дзеліся. Даследаванні сучасных вучонах-антраполагаў паказваюць, што большасць сучаснага насельніцтва Рэспублікі Беларусь — нашчадкі тых людзей, якія жылі на гэтай зямлі тысячагоддзямі. Так, у той час яны яшчэ не называліся беларусамі, але гэта былі нашы продкі. Яны былі нацэлены на тое, каб адстаяць сваё права жыць на гэтай зямлі і жыць так, як яны лічаць патрэбным. А гэта і ёсць рэальны суверэнітэт». 

Вячаслаў Даніловіч назваў вялікім агульным дасягненнем тое, што Беларусь у цяперашніх умовах развіваецца як суверэнная дзяржава, тое, што дзякуючы пазіцыі нашага нацыянальнага лідара Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўная палітыка праводзіцца ў інтарэсах нашага народа і краіны. «Гэта сведчыць аб тым, што патэнцыял дзяржаўнасці ў беларускага народа вельмі магутны, — падкрэсліў парламентарый. — Натуральна, ён не ўзнік аднамомантна пасля распаду Савецкага Саюза. Ён фарміраваўся тысячагоддзямі. Мы не павінны забываць, што дзякуючы ў тым ліку нашым продкам мы жывём у суверэннай дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь». 

Дэпутат патлумачыў, чаму менавіта 3 ліпеня мы адзначаем Дзень Незалежнасці. Ён нагадаў, што з датай святкавання гэтага важнага дня наш народ вызначыўся на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года.

«Рэспубліка Беларусь — адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, дзе Дзень Незалежнасці звязаны не з датай выхаду са складу Расійскай імперыі, Савецкага Саюза, а з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, — акцэнтаваў увагу доктар гістарычных навук. — Нас, беларусаў, асобныя дзеячы любяць папракаць у тым, што мы вельмі шмат гаворым аб падзеях Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, вельмі шмат у нас памятных дат, звязаных з гэтымі падзеямі. На гэта ў нас ёсць дзве вельмі важныя прычыны. Па-першае, калі б не Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, не было б ні беларускага народа, ні беларускай дзяржавы. Па-другое, у сучасным свеце менавіта падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў найбольш часта падвяргаюцца скажэнням і фальсіфікацыям. Таму абсалютна справядліва, што дата, калі мы адзначаем Дзень Незалежнасці, звязана з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта даніна павагі і памяці нашым продкам, якія сваёй крывёю, сваім жыццём адстаялі наша права жыць на гэтай зямлі». 

«Тэма Вялікай Айчыннай вайны бязмежная»

Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім ЛАКІЗА расказаў аб праектах, ажыццёўленых акадэмічнай навуковай супольнасцю ў кантэксце захавання гістарычнай памяці. Сярод апошніх — новая кніга «Старонкі ваеннай гісторыі», дзе паказаны і першапачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, усе маштабныя аперацыі, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе, партызанскі і падпольны рух, паўсядзённае жыццё беларусаў у гады акупацыі. Важным праектам Інстытута гісторыі НАН з’яўляецца ўсебеларуская акцыя і шматтомнае навуковае выданне «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», дзе сабраны ўспаміны ўдзельнікаў і сведак тых падзей. Літаральна днямі выйшаў шосты том гэтага грунтоўнага выдання. 


«Тэма Вялікай Айчыннай вайны, Другой сусветнай вайны, як і любыя ваенныя падзеі, бязмежная, — звярнуў увагу Вадзім Лакіза. — Многія архівы не разабраныя. Сёння дзякуючы нашым архіўным установам, выяўляюцца новыя матэрыялы, дакументы. Гісторыкі іх сістэматызуюць, аналізуюць, пішуць фундаментальныя работы. Вельмі важнае значэнне мае сумесная работа з Генеральнай пракуратурай Беларусі ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. Нацыянальная акадэмія навук вызначана як базавая арганізацыя, дзе праходзяць пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па гісторыка-прававым аналізе генацыду беларускага народа. Паступаюць новыя матэрыялы, якія выяўляюцца ў рамках расследавання крымінальнай справы, што стварае актуальнае даследчае поле. Работа па даследаванні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заўсёды вялася і будзе працягвацца».

Пераемнасць пакаленняў і дасягненняў 

Загадчык Цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін СТАРЫЧОНАК акцэнтаваў увагу на канцэпце пераемнасці, што з’яўляецца важным складнікам суверэннасці Беларусі.


«3 ліпеня — гэта дата, якая злучае дзве эпохі: савецкага часу і суверэннага развіцця Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў ён. — Менавіта гэта і адрознівае наша свята ад даты 27 ліпеня, якая, наадварот, адсякае савецкі час. І мы бачым, да чаго гэта прыводзіць у суседніх краінах. Там разрываюць гістарычную пераемнасць, якую, наадварот, мы лічым неабходным захаваць».

Асобна Валянцін Старычонак спыніўся на пераемнасці пакаленняў. «Мы разумеем важнасць перадачы вопыту не толькі ад старэйшага пакалення малодшаму (гэта відавочна, што мудрасць старэйшых людзей вельмі патрэбна), але часам і старэйшаму пакаленню ёсць чаму павучыцца ў моладзі», — канстатаваў загадчык Цэнтра паліталогіі. 

Гаворачы аб пераемнасці дасягненняў, кандыдат палітычных навук адзначыў, што вялікае значэнне мае той задзел, які ў нас застаўся з мінулых часоў, у тым ліку савецкіх. «Гэта наша добрая адукацыя, высокі кадравы патэнцыял, — канкрэтызаваў ён. — Гэта і наш аграпрамысловы комплекс, дзякуючы якому мы забяспечваем нашу харчовую бяспеку, наша машынабудаванне, якое запатрабавана ў тых жа краінах Афрыкі. Да нашых дасягненняў можна аднесці і выхад з той палітычнай турбулентнасці, якая была ў 2020 годзе і якую мы пераадолелі». 

«Кожны з нас нясе адказнасць за захаванне гістарычнай памяці»

Па словах старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» Мікалая ЗАРУБІЦКАГА, суверэннасць непарыўна звязана з тым, як мы ўсведамляем сваю гісторыю. «Беларусь прайшла праз мноства выпрабаванняў, — канстатаваў ён. — Мы ганарымся сваімі дасягненнямі, але не можам забываць аб складаных перыядах, якія пакінулі след у свядомасці нашага народа. Кожны з нас нясе адказнасць за захаванне гістарычнай памяці, перадачу ведаў аб тым, як мы будавалі свой шлях ва ўмовах знешняга ўплыву і ўнутраных выклікаў. Гэта неабходна для таго, каб не паўтараць памылкі і рухацца наперад».


Мікалай Зарубіцкі перакананы, што ў падрастаючага пакалення павінна быць сфарміравана дакладнае разуменне сваёй ідэнтычнасці і каштоўнасцяў, якія складаюць ядро нашага суверэнітэту. У гэтай сувязі ён адзначыў адзін з найбольш знакавых праектаў грамадскага аб’яднання — «Захаваем гісторыю», які рэалізуецца сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што ў 118 раённых цэнтрах былі ўстаноўлены спецыяльныя таблічкі з QR-кодамі, пры дапамозе якіх можна перанесціся на платформу, дзе можна праслухаць аўдыязапіс з гісторыяй гэтага месца, азнаёміцца з падзеямі або нават паглядзець гістарычнае відэа. 

Як расказаў Мікалай Зарубіцкі, у планах праекта — алічбаваць усе месцы, прысвечаныя трагічным падзеям на беларускай зямлі. Па яго словах, праект асабліва актуальны ў сучасных умовах, калі робяцца спробы перапісаць гісторыю беларускага народа.

«Суверэннасць ахоплівае не толькі мінулае і цяперашняе, а і тое, як мы бачым і будуем нашу будучыню, — падкрэсліў старшыня грамадскай арганізацыі. — Мы павінны імкнуцца да таго, каб Беларусь стала краінай магчымасцяў, дзе кожны чалавек зможа рэалізаваць свае амбіцыі і дасягнуць поспеху. Для гэтага наша дзяржава інвестуе ў адукацыю, навуку і тэхналогіі, развівае інфраструктуру і стварае ўмовы для самарэалізацыі грамадзян».

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю